56 гадоў таму памёр адзін з найбольш вядомых польскіх военачальнікаў 20-га стагоддзя генерал Казімеж Саснкоўскі. Яго жыццёвы і баявы шлях характэрны для многіх польскіх мужчын, якія пачыналі вайсковую кар’еру ў адроджанай у 1918 годзе Польшчы.
Казімеж Саснкоўскі нарадзіўся ў Варшаве 19 лістапада 1885 года ў шляхецкай сям'і. Такім чынам, неўзабаве будзе адзначаная 140-я гадавіна з дня яго нараджэння. Вырас будучы афіцэр у Санкт-Пецярбургу. Памятайма, што ў тыя часы Польшча была падзеленая паміж трымя дзяржавамі, а частка краіны ўваходзіла ў склад Расійскай Імперыі.
Першая палова 1920-х гадоў
Скончыўшы з адзнакай класічную гімназію, у 1905 годзе ён вяртаецца ў Варшаву. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у перыяд рэвалюцыі 1905 года маладзён быў выключаны з Варшаўскага політэхнічнага інстытуту. Саснкоўскі быў актыўным членам баявой арганізацыі Польскай сацыялістычнай партыі, у якой дзейнічаў будучы кіраўнік Польшчы Юзэф Пілсудскі. Дарэчы, Саснкоўскі ажно да смерці Пілсудскага быў верным афіцэрам маршала Польшчы. Сам кіраўнік дзяржавы таксама палюбіў будучага генерала і яны блізка супрацоўнічалі цягам многіх гадоў, гаворыць гісторык Пётр Шлянта.
- Што тычыцца адносін Пілсудскага з Саснкоўскім, то пра іх таксама варта згадаць. Саснкоўскі ніколі не перайшоў на «ты» з Пілсудскім, магчыма, з-за розніцы ва ўзросце, але таксама і таму, што яго вельмі паважаў. Яны пазнаёміліся ў 1906 годзе, здаецца, у Галіцыі, на нейкім партыйным сходзе, і з самага пачатку паміж імі ўсталяваліся ідэальныя адносіны. Саснкоўскі быў уражаны рашучасцю Пілсудскага адрадзіць польскую незалежнасць, быў уражаны яго сілай і характарам. І з той сустрэчы ў 1906 годзе пачалося доўгатэрміновае плённае супрацоўніцтва паміж імі, якое працягвалася да смерці маршала ў 1935 годзе. Казімеж Саснкоўскі быў адным з тых, хто нёс труну маршала ў Вавельскім замку, што было велізарным гонарам, і, напэўна, многія многія хацелі б памяняцца месцамі з ім.
Маршал Юзэф Пілсудскі
Пасля разгрому арганізацыі царскімі ўладамі ў 1907 годзе эміграваў у Галіцыю, дзе з 1908 года актыўна ўдзельнічаў у стварэнні падпольных польскіх стралецкіх дружын. Вучыўся ў Львоўскім політэхнічным інстытуце.
Першую сусветную вайну Саснкоўскі сустрэў у званні падпалкоўніка на пасадзе начальніка штаба 1-й брыгады аўстрыйскага Польскага легіёна, які змагаўся на баку Цэнтральных дзяржаў. У 1916 годзе ён стаў палкоўнікам і камандзірам 1-й брыгады. За адмову легіянераў прысягаць нямецкаму кайзеру ў канцы ліпеня 1917 года ён быў арыштаваны і пасаджаны ў турму.
Пасля перамогі рэвалюцыі ў Германіі ў лістападзе 1918 года Саснкоўскі быў выпушчаны з турмы, і ўжо праз два дні пасля вызвалення быў павышаны з званні, стаўшы генералам. Адначасова ён стаў камандуючым Варшаўскай ваеннай акругай, а затым атрымаў пасаду ваеннага міністра.
Пасля заканчэння савецка-польскай вайны, падчас якой Казімеж Саснкоўскі камандаваў рэзервовым войскам, вярнуўся на пасаду ваеннага міністра. У лютым 1924 года становіцца старшынёй Ваеннай рады краіны і камандуючым Познанскай ваеннай акругай.
Генерал Саснкоўскі перад шэрагам салдатаў. Лістапад 1938 года
У 1928 годзе генерал быў прызначаны інспектарам арміі «Палессе». Займаючы гэтую пасаду, Саснкоўскі кіраваў будаўніцтвам умацаваных раёнаў на польскай мяжы з СССР. У 1936 годзе атрымаў званне генерала рода войск (генерал-палкоўніка – рэд.).
Падчас нападу гітлераўскай Германіі на Польшчу 1 верасня 1939 года быў прызначаны камандуючым Паўднёвым фронтам.
Казімеж Саснкоўскі гуляе ў тэніс. Май 1938 года
Пасля паразы Польшчы ў вайне Саснкоўскаму ўдалося перасекчы мяжу з Венгрыяй і дабрацца да Парыжа, куды ён прыбыў 11 кастрычніка. У новым эміграцыйным урадзе, які ўзначаліў генерал Уладзіслаў Сікорскі, Саснкоўскі стаў міністрам па пытаннях краіны, Адначасова афіцэр узначаліў «Саюз узброенай барацьбы» – польскі рух супраціву, які дзейнічаў у акупаванай Польшчы.
Пасля капітуляцыі Францыі Саснкоўскі, разам з урадам Сікорскага, перабраўся ў Лондан. Ён быў праціўнікам усходняй палітыкі Сікорскага і рэзка пратэставаў супраць пагаднення Сікорскага – Майскага, заключанага паміж польскім эміграцыйным урадам і Крамлём. У знак пратэсту ў ліпені 1941 года падаў у адстаўку.
Генерал падчас сустрэчы з польскімі вайскоўцамі. Вялікабрытанія, студзень 1944 года
Пасля гібелі Сікорскага ў авіякатастрофе 4 ліпеня 1943 года Саснкоўскі быў прызначаны галоўнакамандуючым польскімі ўзброенымі сіламі. З 1944 года верыў у перспектыву трэцяй сусветнай вайны і поўны разгром у гэтай вайне Савецкага Саюза. Разлікі Саснкоўскага і яго паплечнікаў пра пачатак новай вайны сталі вядомыя Сталіну. Ён папрасіў брытанцаў адсунуць польскага генерала ад спраў. А паколькі ў той час Вялікабрытанія была саюзнікам Савецкага Саюза, то Чэрчыль у тэлеграме, накіраванай Сталіну, паабяцаў яму пазбавіцца Саснкоўскага. У верасні 1944 года генерал Сасноўскі быў змушаны пакінуць сваю пасаду. Ён выехаў Канаду і пасяліўся недалёка ад Манрэалю.
Генерал Казімеж Саснкоўскі. 1944 год
У 1958 годзе ў генерала з’явіліся праблемы з сэрцам: ён перанёс два інфаркты і ў апошнія гады жыцця практычна аслеп.
Памёр Казімеж Саснкоўскі 11 кастрычніка 1969 года. Цела было крэміравана, а ўрна з прахам пахаваная ў Парыжы ў касцёле Святога Станіслава. Генерал хацеў быць пахаваным як мага бліжэй да Польшчы і вярнуцца на радзіму як толькі ўпадзе камуністычны рэжым.
12 лістапада 1992 года скрыня з прахам Казімежа Саснкоўскага была дастаўленая ў Польшчу і пахаваная ў варшаўскім касцёле Святога Яна Хрысціцеля.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл