Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб'явіў аб увядзенні з 1 лютага новых мытаў у памеры 10% у дачыненні да шэрагу еўрапейскіх краін з-за сітуацыі вакол Грэнландыі.
У сваім паведамленні ў сацыяльнай сетцы Truth Social Трамп напісаў, што ў дачыненні да Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў і Фінляндыі, будуць «спаганяцца мыты ў памеры 10%» на ўсе без выключэння тавары, якія адпраўляюцца ў ЗША.
Паводле слоў Тампа, мыты будуць дзейнічаць да «тых часоў, пакуль не будзе заключаная здзелка аб поўнай і безумоўнай куплі Грэнландыі» Злучанымі Штатамі.
Амерыканскі лідар таксама дадаў, што з 1 чэрвеня гэтая стаўка будзе павялічаная да 25%.
Грэнландыя ўваходзіць у склад Каралеўства Данія. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова паўтараў, што востраў павінен стаць часткай ЗША, спасылаючыся на яго стратэгічную важнасць для нацыянальнай бяспекі. Амерыканскі лідар адмаўляўся даць абяцанне не прымяняць ваенную сілу для ўстанаўлення кантролю над Грэнландыяй.
Улады Даніі і Грэнландыі перасцераглі ЗША ад захопу вострава, адзначыўшы, што чакаюць павагі да іх тэрытарыяльнай цэласнасці. Краіны ЕС у студзені абмеркавалі магчымую рэакцыю ў выпадку, калі пагрозы ЗША адносна Грэнландыі будуць рэальнымі.
На днях некалькі еўрапейскіх дзяржаў сімвалічна перакінулі свае падраздзяленні ў Грэнландыю.
Дональд Трамп хоча ўвайсці ў гісторыю як чарговы прэзідэнт, які пашырыў тэрыторыю Злучаных Штатаў, лічыць доктар Войцех Квяткоўскі з Варшаўскага ўніверсітэта імя кардынала Стэфана Вышыньскага. Паводле слоў амерыканіста, Польшча, з-за характару Дональда Трампа і свайго месцазнаходжання на карце, павінна быць вельмі асцярожнай у сваіх патэнцыйных дзеяннях адносна Грэнландыі.
У Дональда Трампа ёсць свае планы, і ён не адступіць ад іх, заявіў Войцех Квяткоўскі Польскаму радыё.
- Трамп хоча пасля сябе пакінуць спадчыну, як іншыя вядомыя прэзідэнты, напрыклад, Джэферсан, Польк, Джонсан – амерыканскія лідары, падчас кіравання якіх Амерыка павялічыла сваю тэрыторыю на 2 млн кв. км. Грэнландыя – ідэальны аб’ект для павелічэння тэрыторыі, нават пры ўмове, што мела б такі ж статус, як Пуэрта-Рыка. Магчыма, некалі Грэнландыя будзе 51-м штатам, і калі так стане, то Трамп увойдзе ў гісторыю як прэзідэнт, які да гэтага прычыніўся.
У інтэрвʼю Польскаму радыё амерыканіст таксама адзначыў, што еўрапейскія краіны ў цяперашні час могуць звярнуцца да той часткі амерыканскай палітычнай сцэны, якая верыць у непарушнасць права і прызнае НАТА цывілізацыйным дасягненнем Захаду. Больш за тое, як адзначыў доктар Войцех Квяткоўскі, Дональд Трамп вядомы як жорсткі перамоўшчык, таму Еўропа не павінна яму саступаць. Еўропа павінна заняць жорсткую пазіцыю падчас перамоваў з Белым домам адносна Грэнландыі, лічыць эксперт.
Пры гэтым амерыканіст падкрэсліў, што спробы ЗША ўзяць пад кантроль Грэнландыю ставяць Польшчу ў складанае становішча. Прэмʼер-міністр Дональд Туск ужо паведаміў, што Польшча не вышле сваіх войск у Грэнландыю. «Гэта адпаведны крок, які вынікае непасрэдна з нашых інтарэсаў», – лічыць эксперт.
- Польшча павінна назіраць за развіццём сітуацыі і не ўваходзіць у канфлікт з Амерыкай, бо гэта можа кепска на нас паўплываць. Памятайма, што мы знаходзімся там, дзе знаходзімся – вайна ва Украіне працягваецца. У нашым інтарэсе, каб амерыканскія войскі былі ў Еўропе і былі ў Польшчы. Мы не павінны прадпрымаць крокаў, якія б маглі б абразіць гаспадара Белага дома, бо ён шматлікія жэсты ўспрымае вельмі асабіста і мог бы гэта ўспрыняць гэта як варожы жэст.
Еўропейскія лідары адразу ж адрэагавалі на пагрозы Трампа. Так, улады Германіі ініцыявалі абмеркаванне з іншымі краінамі кантыненту сумесныя меры ў адказ.
Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон у сваю чаргу назваў 10-працэнтныя пошліны на адрас еўрапейскіх краін непрымальнымі. Калі ЗША сапраўды ўвядуць іх, то «еўрапейцы адкажуць адзіным фронтам» і забяспечаць «выкананне еўрапейскага суверэнітэту», напісаў ён у сацсетках.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен зазначыла, што амерыканскія тарыфы «могуць падарваць трансатлантычныя адносіны і стварыць рызыку небяспечнай эскалацыі».
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл