Польскія выданні сёння, у чацвёртую гадавіну поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, шмат увагі прысвячаюць гэтай вайне. Я выбрала некаторыя важныя тэзісы. Rzeczpospolita змяшчае каментар Міхала Шулджыньскага, які піша: «Калі хтосьці гаворыць, што гэта не наша вайна, ён павінен зірнуць, як за гэтыя чатыры гады яна паўплывала на заходнія краіны. Свет стаў менш стабільным, менш бяспечным і менш прыязным месцам для жыцця. А да міру ўсё яшчэ далёка».
Таксама выданне друкуе інтэрв’ю з дарадчыкам украінскага прэзідэнтам Міхаілам Падалякам. Ён адзначае, што Расія разбурае Украіну, але яна не ў стане яе перамагчы. Украіна ніколі не згодзіцца на добраахвотную перадачу Расіі часткі сваёй тэрыторыі. Ведучы перамовы, Расія толькі зацягвае час, яна пры гэтым высылае ракеты і дроны на мірных украінцаў. Расіяне толькі робяць выгляд перамоў, каб адцягнуць момант увядзення чарговых санкцый.
Падаляк гаворыць таксама пра нядаўнюю сустрэчу Уладзіміра Зяленскага са Святланай Ціханоўскай. Гэта сведчыць пра змену падыходу да рэжыму Лукашэнкі, які ўцягвае беларускае грамадства ў расійскую вайну, – адзначае Падаляк. Раней Лукашэнка пераконваў, што ён не ведаў пра планы расіян напасць на Украіну. Але цяпер ён дазваляе размясціць у Беларусі ракеты «Арэшнік». Гэта стварае вельмі небяспечную сітуацыю не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы. Беларусь працягвае правакацыйныя дзеянні на мяжы з Польшчай і Літвой. Таму ўкраінскія ўлады мяркуюць, што супраца з беларускай апазіцыяй важная, каб беларусы атрымлівалі незалежную інфармацыю. Нельга дазволіць рэжыму ўцягнуць Беларусь у вайну.
У сваю чаргу Польшчу Падаляк называе важнейшым партнёрам. На ягоную думку, яна застаецца адвакатам інтарэсаў Усходняй Еўропы, у тым ліку Украіны, ва ўсім Еўрапейскім Саюзе.
Gazeta Wyborcza вяртаецца да падзей чатыры гады таму. Яна піша, што амерыканская і брытанская разведкі дакладна ведалі пра планы расіян напасць на Украіну. Пры гэтым, большасць Еўропы, у тым лік і сама Украіна, іх паведамленні доўга ігнаравала. Прычына часткова ў тым, што аналітыкі не прадбачылі такой самаахвярнай абароны ўкраінцаў, якія адстойваюць свабоду сваёй дзяржавы. Заходнія вайскоўцы меркавалі, што Расія захопіць Кіеў, можа не за тры дні, але максімальна за некалькі тыдняў. Заходнія разведкі не мелі ў Расіі інфарматараў, якія маглі б распавесці, у якім жахлівым стане знаходзіцца расійская армія.
22 лютага 2022 года Уладзімір Зяленскі атрымаў ад Рады бяспекі рапарт, які ўтрымліваў звесткі, што расіяне намераны яго забіць. Выданне нагадвае, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн асабіста ўгаворваў яго пакінуць сталіцу. Захад не прадбачыў маштабу рашучасці і адвагі ўкраінскага грамадства, арміі і самога Зяленскага.
А чаму ўкраінцы да самага канца ігнаравалі паведамленні пра планы Расіі і супакойвалі жыхароў Украіны? Зяленскі апасаўся, што адкрытыя размовы пра магчымасць поўнамаштабнай вайны могуць выклікаць паніку, міграцыю капіталаўкладанняў і эканамічны крах.
Польскія службы таксама не верылі, што Расія ўдарыць. Яны назіралі за ваеннымі манеўрамі ў Беларусі і бачылі непадрыхтаваных салдат, недахоп паліва і ўзбраення, што магло сведчыць хутчэй пра механізм адцягвання ўвагі, чым пра рэальную магутнасць, якая здольная захапіць Кіеў.
Аналітыкі прадбачвалі, што Расія адразу знішчыць энергетычныя лініі і дарогі. Тым часам расіяне, свята веруючы з хуткую перамогу, пакінулі іх цэлымі. Гэта, парадаксальна, дапамагло ўкраінцаў эфектыўна бараніцца.
нг