Беларуская Служба

Украіна стала галоўнай тэма парламенцкіх выбараў у Венгрыі

07.04.2026 14:56
Кіроўная партыя «Фідэш» Віктара Орбана ўпершыню за 16 гадоў можа страціць уладу, якую імкнецца пераняць апазіцыйная партыя «Ціса» на чале з Петэрам Мадзьярам. Орбан бароніцца, палохаючы венграў Украінай.
Аўдыё
  • Орбан бароніць сваю ўладу, палохаючы венграў Украінай.
Выступ прэм'ера Віктара Орбана падчас выбарча дэманстрацыі ў БудапешцеREUTERS

12 красавіка венгерскія грамадзяне абяруць новы парламент. Сёлетняя выбарчая кампанія ў Венгрыі – самая гарачая за апошнія гады.

Вуліцы венгерскіх гарадоў запоўненыя не столькі веснавымі колерамі, колькі плакатамі з выявамі прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага, старшыні Еўрапейскай камісіі Урсулы фон дэр Ляен і лідара апазіцыйнай партыі «Ціса» (з вугорскай мовы: Партыя павагі і свабоды) Петэра Мадзьяра. На плакатах напісаныя лозунгі, варожыя Украіне і Еўрапейскаму Саюзу. Гэты вобраз дапаўняецца асвятленнем у СМІ, якія ў значнай ступені кантралююцца кіроўнай партыяй «Фідэш» прэмʼер-міністра Віктара Орбана. Урад навязвае грамадзянам адну выснову: апазіцыя хоча ўцягнуць Венгрыю ў вайну Масквы з Украінай і пазбавіць звычайных грамадзян пераваг, звязаных з таннай сыравінай з Расіі. «Ціса» не адказвае на гэтыя абвінавачванні, засяроджваючыся на асвятленні эканамічных праблем створаных партыяй Орбана.

Чаму менавіта Украіна стала адно з галоўных тэм выбарчай кампаніі ў Венгрыі? Тлумачыць Дан'ель Барта з Цэнтра еўраатлантычнай інтэграцыі і дэмакратыі (CEID).

— Чатыры гады таму, калі Орбан і «Фідэш» змагаліся на выбарах, ва Украіне толькі што пачалася поўнамаштабная вайна, і ў той час Орбан дасягнуў значнага поспеху, засяродзіўшы апошнія тыдні кампаніі на вайне і даслаўшы выбарцам выразны сігнал: пры «Фідэш» Венгрыя не будзе ўцягнутая ў гэты канфлікт. Мы ўсе ведаем, што сітуацыя, у якой Венгрыя можа быць уцягнутая ў вайну, нерэальная – нават калі НАТА вырашыць напасці на Расію (чаго ніколі не адбудзецца), Венгрыя мае права накласці вета на такое рашэнне. Тым не менш, пасыл знешняй палітыкі аказаўся надзвычай эфектыўным у той час. Я лічу, што, паколькі ўрад не мае шмат іншых поспехаў, якімі можна пахваліцца выбарцам у нашы дні, яны спрабуюць паўтарыць той жа фокус. Іх праблема, аднак, у тым, што, на жаль, мы прызвычаіліся да вайны ва Украіне. Гэта больш не навіна на першых палосах. Вось чаму я сумняваюся, што адноўленая ўвага да Украіны і знешняй палітыкі будзе дастатковай для «Фідэш».

Дырэктар эканамічнага фонду «Oeconomus» Антон Бендажэўскі, беларус па паходжанні, які ўжо шмат гадоў жыве ў Венгрыі, падкрэслівае, што маўчанне «Цісы» адносна знешняй палітыкі мае сваю логіку.

— Яны спрабуюць перацягнуць частку электарату «Фідэш». Яны пазіцыянуюць сябе не як левыя, а як правыя або цэнтр-правая партыя, што адрознівае іх ад папярэдніх апазіцыйных блокаў Ферэнца Дзюрчана ці іншых левых партый. Яны абвяшчаюць сябе не левымі, а правымі, звяртаюцца да выбарцаў «Фідэш», якія яшчэ не вызначыліся або якія раней галасавалі за кіроўнаю партыю, але цяпер – напрыклад, па эканамічных прычынах – вагаюцца. Верагодна, таму «Ціса» пазбягае адкрытага супрацьстаяння даўняй палітыцы «Фідэш» па будаўніцтве прагматычных адносін з Расіяй і набыцці расійскіх энергетычных рэсурсаў. Калі б яны выразна дыстанцыяваліся ад гэтай палітыкі або заявілі б аб поўнай падтрымцы ўступлення Украіны ў Еўрапейскі Саюз, яны, верагодна, не змаглі б прыцягнуць выбарцаў, на якіх арыентуюцца. Здаецца, гэта асноўная прычына іх цяперашняй стратэгіі.

Пры гэтым, эксперты нагадваюць, што венгры маюць мала карысці ад добрых адносін з Расіяй. Гэта відавочна па эканамічных паказніках. Фактычна, адзіным станоўчым аспектам ёсць той факт, што Будапэшт атрымлівае больш танную сыравіну, якую перапрацоўвае на сваіх нафтаперапрацоўчых заводах і прадае па нармальнай цане кліентам у іншых краінах. 95 працэнтаў ад гэтага ідзе ў венгерскі бюджэт і траціцца на сацыяльныя праграмы і субсідыі на газ для асобных спажыўцоў. На гэтым эканамічныя выгады сканчаюцца.

Аднак, апазіцыйная «Ціса» у выпадку перамогі хутчэй кардынальна не зменіць знешнюю палітыку Венгрыі. Дадзеную партыю часта называюць малым «Фідэш», якая можа мець лепшыя адносіны з Бруселем ці Кіевам, але наўрад ці зробіць поўны разварот. Больш змен, верагодна, адбудуцца ва ўнутранай палітыцы, адзначае Сабольч Вёрэш з незалежнага парталу Válasz Online.

— Знешняя палітыка – гэта самая простая справа. Петэр Мадзьяр паабяцаў, што ў першы тыдзень свайго знаходжання на пасадзе спачатку наведае Варшаву, потым Вену, а потым Брусель. Гадамі існавала цудоўная традыцыя, калі новаабраныя прэмʼер-міністры Польшчы і Венгрыі спачатку наведвалі сталіцы адзін аднаго. На жаль, гэтая традыцыя была прыпынена з-за цяперашніх, непрадуктыўных польска-венгерскіх адносін. Як чалавек, які глыбока верыць у Цэнтральную Еўропу, я шчыра спадзяюся, што гэтыя адносіны будуць адноўленыя. Той факт, што партыя Дональда Туска і партыя Петэра Мадзьяра належаць да адной фракцыі ў Еўрапейскім парламенце (ЕНП), безумоўна, паспрыяе. Наша стаўленне да Расіі застаецца адкрытым пытаннем. Ці магчымы паварот на 180 градусаў, і як на яго адрэагуе Масква? Мы не ведаем, наколькі глыбокае цяперашняе расійскае пранікненне ў Венгрыю. Асабіста я схіляюся да тэорыі, што гэта пытанне індывідуальных інтарэсаў некаторых членаў цяперашняга венгерскага кіраўніцтва. Калі яны знікнуць з палітыкі, будзе лягчэй стварыць вобраз Венгрыі як лаяльнай да сваіх партнёраў і сяброў у рэгіёне краіны. Тады нас больш не будуць успрымаць як чужую і ізаляваную асобу ў Еўрапейскім Саюзе і НАТА. Я лічу, што выразная змена знешняй палітыкі – гэта задача, якую новаму апазіцыйнаму ўраду будзе лягчэй за ўсё выканаць.

У цяперашняй выбарчай кампаніі ў Венгрыі ворагам нумар адзін для кіроўнай партыі «Фідэш» стаў не толькі лідар апазіцыі Петэр Мадзьяр, але і афіцыйны Кіеў, які нібыта яго падтрымлівае. Паводле Віктара Орбана, Украіна хоча ўцягнуць Венгрыю ў вайну з Расіяй, чаго нібыта хоча і Брусель. Як да гэтых наратываў ставяцца ўкраінцы, якія жывуць у Венгрыі? Насцярожана, але не пасіўна, кажа 23-гадовая Улада, якая прыехала ў Венгрыю ў жніўні 2022 года з Запарожскай вобласці. Яна ўцякала ад поўнамаштабнай вайны да свайго хлопца, з якім пазнаёмілася яшчэ да расійскага ўварвання. За чатыры гады яна так добра вывучыла венгерскую мову, што цяпер здымае відэа на гэтай мове для YouTube, TikTok і Instagram. У іх яна тлумачыць сітуацыю Украіны, бо веды пра краіну ў Венгрыі мінімальныя.

— Венгры мала ведаюць пра Украіну, хоць мы суседзі, і ўкраінцы гэтак жа мала ведаюць пра Венгрыю. Я зразумела, што мне сапраўды трэба нешта з гэтым рабіць. Я пачала запісваць відэа для YouTube, TikTok і Instagram. Кожны дзень людзі пыталіся ў мяне: «Што вы ясце?», «Якія ў вас традыцыі?» Я бачыла шчырую цікавасць. Вядома, разам з гэтым ішлі і негатыўныя каментары, але было таксама шмат любові і вышэйзгаданай цікаўнасці. Што да негатыўных, яны пісалі нешта накшталт: «Чаму вы прыйшлі сюды і чыталі нам лекцыі ці вырашылі за нас?», «Вы прадалі свой дом?», «Чаму вы не збіраецеся змагацца?» Такія каментары глыбока кранулі мяне і дагэтуль могуць раніць, бо мне балюча, што людзі не разумеюць украінцаў. Вось чаму я стараюся ствараць гэтыя відэа – каб сказаць іншым: «Вось як мы думаем, і гэта наша логіка».

Андрыяна Сарваш – намесніца старшыні Ўправы ўкраінскай меншасці ў Венгрыі, арганізацыі, што налічвае дзясяткі тысяч чалавек. Актывістка дадае, што цяперашняя выбарчая кампанія непрыемная для мясцовых украінцаў.

— Вядома, усім вельмі непрыемна за гэтым назіраць. Асабліва нам, тым, хто даўно жыве ў гэтай краіне – Венгрыя стала для нас другім домам, як і Украіна. У нас ёсць сямʼя ва Украіне, у нас ёсць сябры і знаёмыя, якія нават ваююць на перадавой. Яшчэ мацней гэта адчуваюць бежанцы, якія прыбылі сюды за апошнія чатыры гады і чые мужы ці блізкія цяпер ваююць. Сапраўды балюча бачыць усю гэтую негатыўную рэкламу на вуліцах ці чуць негатыўныя выказванні па тэлебачанні. Разам з тым, мы не адчуваем так моцна гэтага ў паўсядзённым жыцці. Мы не сутыкаемся з варожасцю з боку простых людзей. Мы не адчуваем сябе прыніжанымі ці недаацэненымі. Абсалютна не – мы працягваем працаваць, наша мясцовая ўлада функцыянуе нармальна, нароўні з іншымі нацыянальнымі меншасцямі. Мы супрацоўнічаем з рознымі дзяржаўнымі структурамі, і мы таксама не адчуваем ніякага негатыўнага стаўлення з боку гэтых устаноў.

Баючыся страты ўлады Віктар Орбан пабудаваў сваю выбарчую кампаніі ў Венгрыі на выбары Украіны як найважнейшай пагрозы для Венгрыі. Прэм’ер малюе гэтую краіну як магутную дзяржаву з вялікай і добра падрыхтаванай арміяй і эфектыўнай дыпламатыяй, якая супрацоўнічае з Берлінам і Бруселем нібыта супраць. Гэта нават прыводзіць да абсурду: адзін з лозунгаў, які зʼявіўся 15 сакавіка, у дзень нацыянальнага свята Венгрыі, гучаў так: «Мы не хочам быць украінскай калоніяй». Эксперты тлумачаць гэта тым, што 4 гады таму менавіта антываенная рыторыка дапамагла партыі Орбана перамагчы. Цяпер ён хоча паўтарыць то самы трук.

Пётр Пагажэльскі/юл