Беларуская Служба

Польскі генерал папярэджвае: Самы час ачуняць!

20.05.2026 14:30
Паводле вайскоўца, скарачэнне амерыканскіх войскаў у Еўропе не азначае катастрофы, але гэта апошні сігнал трывогі для Польшчы і ўсёй Еўропы.
Дывізіённы генерал Раман Полькакрыніца: prezydent.pl

 — Мы не можам дзейнічаць кожны сабе і выкарыстоўваць бяспеку, як інструмент палітычнай барацьбы. Сёння час вельмі каштоўны,  папярэджвае генерал Раман Полька.

Былы камандзір польскага спецпадраздзялення GROM на старонцы natemat.pl, рэзка заяўляе, што скарачэнне амерыканскіх войскаў у Еўропе не азначае катастрофы, але гэта апошні сігнал трывогі для Польшчы і ўсёй Еўропы. Трывогі, якую на гэты раз нельга ігнараваць.

Ужо некалькі месяцаў у Еўропе расце занепакоенасць сігналамі, якія паступаюць з Вашынгтона. Дональд Трамп усё часцей падкрэслівае, што Еўропа павінна ўзяць на сябе большую адказнасць за ўласную бяспеку. Нядаўна ён абвясціў пра скарачэнне амерыканскага кантынгенту ў Германіі. На заднім плане згаданых рашэнняў  вайна ва Украіне, напружанасць вакол Тайваня і ўсё большая занепакоенасць тым, што Расія можа захацець праверыць адзінства НАТА.

Генерал Раман Полька выразна кажа: праблема не ў колькасці саміх войскаў, а ў адсутнасці стратэгіі і хаосе ў адносінах з ЗША.

Мы здзіўляем сваіх уласных вайскоўцаў, а не ворага

Паводле слоў былога камандзіра GROM, Польшча прапусціла момант, калі павінна была весці інтэнсіўную ваенную і палітычную дыпламатыю з амерыканцамі.

 Вось так будуюцца саюзы. Вы размаўляеце адзін з адным, падтрымліваеце адносіны і будуеце давер. Тым часам сёння мы знаходзімся ў сітуацыі, калі мы здзіўлены, і ніхто не ведае, што адбываецца. Мы здзіўляем сваіх уласных вайскоўцаў, а не ворага, — кажа генерал Полька.

Дасведчаны ваенны афіцэр таксама адзначае, што скарачэнне амерыканскай прысутнасці ў Еўропе не з'яўляецца шокам для тых, хто сочыць за стратэгіяй ЗША. Вашынгтон раней сігналізаваў, што Кітай і бяспека ў рэгіёне Ціхага акіяна становяцца прыярытэтамі. Навіны пра тое, што ЗША скарачаюць свае вайсковыя сілы на ўсходнім флангу НАТА, зʼявіліся мінулай восенню.

— У Злучаных Штатаў іншыя прыярытэты. Але гэта не значыць, што Еўропа больш не важная. Праблема ў тым, што мы ў Польшчы часта больш занепакоеная ўласнымі спрэчкамі, чым наладжваннем рэальных адносін,  кажа ён.

Еўропа павінна даспець у ваенным плане

Генерал Полька падкрэслівае, што Еўропа занадта доўга лічыла, што амерыканскі ахоўны парасон дадзены ёй назаўсёды. Адчуванне бяспекі  гэта ўжо мінулае. Сёння неабходна будаваць уласны абарончы патэнцыял, уласную прамысловасць і рэальнае стрымліванне. Не дзеля паказухі ці каб дагадзіць выбаршчыкам.

У інтэрвʼю таксама падкрэсліваецца крытыка палітычных спрэчак вакол бяспекі. Паводле слоў вайскоўца, Польшча не можа дазволіць сабе сітуацыю, калі ваенныя і абарончыя пытанні становяцца часткай партызанскай вайны.

— У пытаннях бяспекі не можа быць суперніцтва паміж прэзідэнцкім цэнтрам і ўрадам. Нам патрэбнае супрацоўніцтва і кампетэнтныя людзі, а не толькі палітычна лаяльныя,  падкрэслівае ён.

Генерал Полька падкрэслівае, што ў Польшчы ўсё яшчэ ёсць велізарныя перавагі, якія могуць умацаваць адносіны са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Гэта, сярод іншага, развіццё ваеннай інфраструктуры, сэрвісны цэнтр Abrams у Дэмбліне і магчымасць будаўніцтва сучасных трэніровачных палігонаў і цэнтраў. Гэтыя планы зʼяўляюцца часткай больш шырокай стратэгіі, у рамках якой Польшча ўкладвае 10 мільярдаў злотых у абаронную прамысловасць, спадзеючыся на тэхналагічную незалежнасць.

 Недастаткова казаць пра «Форт Трамп». Такі форт проста трэба будаваць. Ваенныя базы  гэта не проста казармы, а поўная база падтрымкі: інфраструктура, навучанне і семʼі салдат. Гэта павінна быць сістэма,  тлумачыць вайсковец.

Ён таксама лічыць, што Польшча можа стаць ключавым цэнтрам падрыхтоўкі НАТА, асабліва дзякуючы вопыту, атрыманаму падчас вайны ва Украіне.

 Усяго за некалькі гадоў украінцы дасягнулі тэхналагічнай рэвалюцыі. Сёння ў іх ёсць перавага над Расіяй у беспілотніках. Мы таксама можам скарыстацца гэтым, але мы павінны перастаць марнаваць час,  падкрэслівае вайсковец.  Сёння найбольшая пагроза  гэта не само скарачэнне колькасці амерыканскіх войскаў, а адсутнасць сумесных дзеянняў,  рэзюмуе генерал Раман Полька на старонцы natemat.pl.

аз