У Расіі фармуецца перадрэвалюцыйная сітуацыя, перакананы эксперт, аднак няма сілы, якая магла б павесці за сабой незадаволеных.
Расійскі блогер і ветэран расійскай агрэсіі супраць Украіны Аляксандр Лунін прымераў на сябе лёс Прыгожына. На днях ён апублікаваў у Instagram відэа, у якім заявіў пра масавыя катаванні расійскіх салдат уласнымі камандзірамі, запатрабаваў непасрэднай сустрэчы з Уладзімірам Пуціным, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку «армія паверне зброю супраць Крамля».
Паведамленне хутка набрала мільёны праглядаў і сотні тысяч лайкаў. Крэмль не пакінуў агучаныя словы без адказу. Спачатку Лунін выступіў з абвяржэннем, заявіўшы, што яго выказванні перакруцілі, а потым увогуле знік. Жонка паведаміла, што яго арыштавала паліцыя.
На дадзены момант, вядома, што яму прысудзілі 11 сутак адміністрацыйнага арышту за экстрэмісцкую ды нацысцкую сімволіку.
Пра што сведчыць гэтая сітуацыя? Гэтае пытанне мы задалі нашаму аглядальніку палітолагу Паўлу Усаву.
— Гэта не першы такі выпадак. Апроч Луніна сістэмным крытыкам палітыкі Пуціна быў Стралкоў-Гіркін. У яго таксама было шмат крытыкі Крамля, абвінавачанні ў непрафесійнасці. За гэта яго асудзілі за дыскрэдытацыю расійскай арміі і пасадзілі.
Пасля спынення бунту Прыгожына ў 2023-м годзе, Крэмль зачысціў усю інфармацыйную прастору. Да апошняга часу большасць Z-блогераў праблемы замоўчвалі. Што сталася цяпер?
— Настроі радыкальна змяніліся пасля масавых налётаў Украіны на нафтавую інфраструктуру Расіі. Першым сігналам быў зварот да Пуціна блогеркі Боні. У выніку Крамлю давялося апраўдвацца. Цяпер выступы ура-патрыётаў накладаюцца на пагаршэнне сітуацыі ў Расіі, вялікія страты ў вайне і ізаляцыю Крыму. Безумоўна спее хваля нізавога супраціву.
Наколькі рэальны вайсковы бунт у Расіі. Расійская рэвалюцыя ў свой час таксама пачалася ад бунту вайскоўцаў напрыканцы Першай сусветнай вайны?
— Бунт магчымы, ёсць працэсы якія яму спрыяюць. Рэвалюцыйная сітуацыя нарастае, але няма структур, якія б зладзілі рэвалюцыю. У 1917-м годзе былі партыі, былі пратэсныя арганізацыі, былі афіцэры. Недахоп ежы, як цяпер недахоп паліва, і спарадзіў рэвалюцыйную сітуацыю. Галоўным фактарам сталі ўзброеныя людзі ў Пецярбурзе. Цяпер вайсковыя сілы Расіі сканцэнтраваныя на Усходзе Украіны, моцных генералаў ці групы афіцэраў няма. Калі пачнецца бунт у войску на Данбасе — гэта зменіць сітуацыю. Вайна ва Украіне будзе для Расіі як другі Афганістан ці нават горш.
Заўсёды, каб рэвалюцыя адбылася, павінна быць палітычная структура, якая ачоліць гэты пратэст. Без структуры не будзе ў Расіі ніякіх змен, перакананы адмысловец.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч