Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Расія нанесла ўдар у непасрэднай блізасці да польскай мяжы

14.09.2026 14:47
Польскія эксперты кажуць пра тое, што Крэмль імкнецца запалохаць Захад і НАТА. Таксама звяртаецца ўвага на патрэбу лепшай абароны для цывільнага насельніцтва на выпадак далейшых атак.
Аўдыё
  • Расія нанесла ўдар у непасрэднай блізасці да польскай мяжы
    ,   13-
Цягнік з Кіева ў Варшаву, у які 13-га студзеня ўдарыў расійскі беспілотнік перад польскай мяжойPAP/Radek Pietruszka

У нядзелю 13-га верасня Аператыўнае камандаванне Узброеных сіл Польшчы абвясціла, што было вымушана падняць у паветра ваенныя самалёты з-за актыўнасці расійскіх беспілотных лятальных апаратаў (БПЛА), якія наносяць удары па заходніх вобласцях Украіны. Адзін з беспілотнікаў быў у кіламетры ад польскай мяжы, а другі — у пяці кіламетрах. Парушэння польскай мяжы не было.

Сёння ў Польшчы палітыкі ды эксперты абмяркоўваюць наступствы гэтай атакі. Адныя кажуць пра тое, што дзеянні расіян былі спецыяльна накіраваныя на мяжу. Расіяне наўмысна атакавалі цягнік, у якім з Кіева ехалі еўрапейскія дыпламаты і палітыкі, кажа ветэран спецпадраздзялення «GROM» Павал Матэнчук.

— Сёння немагчымыя выпадковасці на фронце. У пачатку агрэсіі можна было памыліцца з цэллю. Сёння яны хочуць ударыць там, дзе можна зрабіць балюча і паказаць, наколькі мы блізка да вас. Замест лакаматыва яны спакойна маглі б патрапіць у любы вагон. Гэта мэтавае дзеянне.

Уладзімір Пуцін тэстуе рэакцыю НАТА, але не пойдзе так далёка, каб атакаваць іншую краіну, лічыць сенатар Марэк Бароўскі з Грамадзянскай кааліцыі, які сказаў у эфіры Польскага радыё, што адной з прычын атакі з'яўляецца складаная ўнутраная сітуацыя ў Расіі.

— Раней так расіяне рабілі з пралётам баявых самалётаў над Балтыйскім морам, дзе яны набліжаліся да паветранай мяжы Польшчы і правяралі, якая будзе рэакцыя. Тое, што Пуцін атакаваў мяжу, не азначае, што ён хоча пашырыць вайну, ён не здольны на гэта, больш у сувязі з пагаршэннем унутранай сітуацыі, адсюль адчайныя спробы напалохаць Захад.

Польшча павінна быць лепш падрыхтавана да пагроз, а бяспека павінна разглядацца як доўгатэрміновая інвестыцыя, заявіў прафесар і кіраўнік праекту «Бяспека» Яраслаў Стэльмах. Пасля нядаўніх расійскіх правакацый пытанні бяспекі павінны быць прыярытэтнымі, у тым ліку бамбасховішчы на выпадак атакі беспілотнікаў.

— Дзесяцігоддзі нічога не рабілася, таму цяпер трэба прыспешыць і шмат працы ўкласці асабліва на лакальным узроўні. Вялізарная адказнасць спачывае на мясцовай уладзе, якая, што праўда, мае абмежаваныя магчымасці. Напрыклад, у памежных рэгіёнах мала бяспечных бамбасховішчаў.

Яраслаў Стэльмах падкрэсліў, што адной інфраструктуры недастаткова. Адукацыя, дакладная інфармацыя і рэгулярныя вучэнні таксама неабходныя, каб жыхары ведалі, як і калі карыстацца сховішчам, дадаў эксперт.

— Мы павінны катэгарычна рэагаваць на знакі трывогі, вызначыць у сябе ўдома бяспечныя месцы, куды трэба ісці, нават уначы, не думаючы пра камфорт. Шмат працы тут павінны зрабіць улады гмін і мясцовых лідараў, якія павінны паклапаціцца пра інфармаванне.

Кіраўнік Інстытуту ахоўнага будаўніцтва Аляксандр Федорак распавёў Польскаму радыё, дзе шукаць прытулку, калі побач няма даступнага сховішча.

— Любыя канавы, няроўнасці зямлі, будынкі з моцнымі сценамі з бетону, далёка ад вакон, могуць дапамагчы схавацца, схаваўшыся за імі. У першую чаргу гэта ратуе ад аскепкаў. Ідзецца пра аскепкі пасля выбуху ракеты ці аскепкі шкла ці будынку пасля выбуховай хвалі.

Эксперт дадае, што найбольшую пагрозу для мірных жыхароў уяўляюць не адносна малыя баявыя зарады беспілотнікаў, а лятаючыя абломкі. Польскі Урад запусціў вэб-сайт gdziesieukryc.pl, які дазваляе карыстальнікам правяраць бліжэйшыя сховішчы ў выпадку небяспекі. Сайт павінен дапамагчы жыхарам хутка знайсці бяспечнае месца ў надзвычайнай сітуацыі.

ПР/юл