Польскай арміі не хапае генералаў, паведамляе газета Rzeczpospolita. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда павысіў у званні пецярых высокапастаўленых афіцэраў: урачыстае ўручэнне пагонаў адбудзецца ў чацвер, 15 жніўня, у свята Войска Польскага. Трое афіцэраў – палкоўнікі, якія генеральскія пагоны атрымліваюць упершыню. Двое з афіцэраў атрымаюць чарговае генеральскае званне.
Паводле Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы, цяпер Войска Польскае налічвае 82 генералаў. У гэтым ліку таксама афіцэры, якія знаходзяцца ў кадравым рэзерве (пяць чалавек), служаць у структурах НАТА і Еўрасаюза (15 генералаў) і займаюць пасады вайсковых аташэ (двое афіцэраў). Такім чынам аказваецца, што непасрэдна ў войску служыць 60 генералаў. Газета паведамляе, што кар'ера палякаў у сілах НАТА – сапраўдны гонар. У якасці прыкладу Rzeczpospolita прыводзіць асобу генерала Пятра Блазэвуша, які нядаўна стаў намеснікам начальніка штаба галоўнага камандавання войск НАТА ў Еўропе.
Але з іншага боку, паведамляе выданне, мінусам з’яўляецца тое, што ў ліку польскіх генералаў няма ніводнай жанчыны, што ў краінах Захаду даўно з’яўляецца стандартам. Акрамя таго, на дадзены момант у Польшчы няма ані воднага афіцэра, гэтак званага чатырохзорачнага генерала: гэтае званне звычайна носіць начальнік штаба Ўзброеных сіл.
Увогуле, у Войску Польскім павінна служыць каля 120 генералаў. Чаму іх мала? Прычына – у палітыцы, паведамляе газета. Пасля таго, як міністрам абароны Польшчы стаў Антоні Мацярэвіч (які, дарэчы, ужо не займае пасады), які меў кепскія кантакты з военачальнікамі, у адстаўку падалі альбо былі адпраўленыя ў 2016 годзе 25 генералаў, а ў 2017 – 11. З-за недахопу генеральскіх кадраў многія генеральскія пасады займаюць палкоўнікі, паведамляе Rzeczpospolita.
вс
архіўны здымак