Беларуская Служба

Турцыя праводзіць ваенную аперацыю ў Сірыі

10.10.2019 15:07
Ваенная аперацыя пачалася праз некалькі дзён пасля таго, як Дональд Трамп вырашыў аб вывадзе амерыканскіх войскаў з Сірыі.
Аўдыё

Працягваецца турэцкае наступленне на поўначы Сірыі. Яго мэта - нанясенне ўдару па курдах, якіх Турцыя лічыць тэрарыстамі, і стварэнне буфернай зоны, куды турэцкія ўлады плануюць перасяліць частку з 3 тысяч уцекачоў, якіх раней прынялі.

Ваенная аперацыя пачалася праз некалькі дзён пасля таго, як амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп прыняў рашэнне аб вывадзе амерыканскіх войскаў з паўночнай Сірыі.

Некалькі дзён таму прэзідэнт ЗША паведаміў аб вывядзенні амерыканскіх жаўнераў з кантраляваных курдамі рэгіёнаў у паўночнай Сірыі.

Неўзабаве пасля гэтай заявы турэцкая армія нанесла ўдары па курдскіх аб’ектах на сірыйска-ірацкім памежжы. Паводле слоў высокіх рангам турэцкіх вайскоўцаў, гэта павінна адрэзаць шлях назад курдскім падраздзяленням і спыніць магчымыя пастаўкі.

Паводле каментатараў, рашэнне Дональда Трампа дало Турцыі „зялёнае святло” для правядзення ваеннай аперацыі. Да гэтай пары курдскія баевікі знаходзіліся „пад аховай” амерыканскіх войскаў, у тым ліку спецпадраздзяленняў, якія дыслакаваліся ў паўночнай Сірыі.

Цяпер Турцыя можа ўжо свабодна атакаваць курдаў, якіх лічыць тэрарыстамі.

Тым часам, Дональд Трамп паведаміў, што не падтрымлівае турэцкай ваеннай аперацыі на поўначы Сірыі. Аднак не адмаўляецца ад свайго рашэння аб вывадзе амерыканскіх жаўнераў з гэтай краіны. Прэзідэнт лічыць, што ЗША не павінны ангажавацца ў турэцка-курдскі канфлікт.

- Яны змагаюцца паміж сабой ужо стагоддзі. Мы планавалі заставацца ў Сірыі на працягу 30 дзён. Тым часам усё працягваецца ўжо шмат гадоў.

Паводле амерыканскага лідара, за сітуацыю ў рэгіёне адказваюць Турцыя, Расія, Еўропа і іншыя краіны.

Запытаны пра тое, ці пасля адрачэння ад падтрымкі курдаў ЗША цяжэй будзе заключаць іншыя саюзы ў будучыні, Дональд Трамп намякнуў, што цяперашнія саюзы, наогул, некарысныя для яго краіны.

- Нашыя хаўруснікі нас выкарыстоўваюць. Дастаткова параўнаць, колькі мы выдаткоўваем на Паўночнаатлантычны альянс, а колькі еўрапейскія краіны, а гэта Еўропа атрымлівае большыя карысці ад гэтага альянсу.

Амерыканскі лідар сцвярджае, што ЗША не могуць весці бясконцых войнаў. Паводле яго, саюз з курдамі не быў настолькі карысны, як саюзы, заключаныя падчас Другой сусветнай вайны. Трамп раскрытыкаваў таксама факт, што ЗША прызначылі велізарныя сумы на ўзбраенне курдаў.

Дзяржсакратар Майк Пампеа пераконвае, што ЗША не далі Турцыі ніякага „зялёнага святла” для пачатку наступлення ў Сірыі. Ён дадаў, што, відаць, Турцыя мела „абгрунтаваныя сумневы з нагоды сваёй бяспекі”. Майк Пампеа пераконваў, што рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб вывадзе амерыканскіх войскаў з Сірыі было прадыктавана меркаваннямі бяспекі.

Курды ўспрынялі рашэнне Дональда Трампа як здраду, паколькі да гэтай пары гэта яны былі найважнейшым хаўруснікам амерыканцаў у Сірыіі. Гэта таксама курды ўнеслі найбольшы ўклад у перамогу над „Ісламскай дзяржавай”. У змаганні з джыхадыстамі загінула ажно 11 тысяч курдскіх баевікоў. Апрача таго, курды ўтрымлівалі за кратамі каля 12 тысяч баевікоў гэтай тэрарыстычнай арганізацыі. Цяпер невядома, што з імі будзе.

Рашэнне Дональда Трампа крытыкуюць лідары амерыканскай евангельскай царквы.
На іх думку, наступ Турцыі з'яўляецца сур'ёзнай пагрозай не толькі для курдскага народа, але і для хрысціян.

Адзін з найбольшых прыхільнікаў Трампа, 89-гадовы пастар Пат Робертсан заявіў, што ён абураны рашэннем прэзідэнта.

- Прэзідэнт, які дазволіў на забойства Хашокджы без якіх-небудзь наступстваў, цяпер дазваляе туркам распраўляцца з курдамі і хрысціянамі. Я баюся, што ён можа страціць божы мандат.

Каментатары нагадваюць, што прадстаўнікі евангельскай царквы, якія падтрымалі Дональда Трампа на выбарах 2016 года, з'яўляюцца важным выбарчым блокам у ЗША. Страта іх галасоў можа рашуча ўскладніць перавыбар Трампа.

У сваю чаргу, амерыканскія сенатары, як рэспубліканцы, так і дэмакраты, прапанавалі ўвесці санкцыі супраць Турцыі за ўварванне на тэрыторыю Сірыі і пачатак ваенных дзеянняў супраць курдаў. У прыватнасці, яны прапануюць замарозіць усе актывы турэцкіх палітычных лідараў у ЗША, а таксама ўвесці абмежаванні для кампаніяў, якія супрацоўнічаюць з турэцкімі прадпрыемствамі ваеннай і энергетычнай галіны.

Спыніць ваенную аперацыю ў Сірыі Турцыю заклікаў Еўрапейскі саюз, які прыгразіў туркам прыпыненнем фінансавай падтрымкі. У адмысловай заяве кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Федэрыка Магерыні напісала, што малаверагодна, што зона бяспекі на паўночным усходзе Сірыі, якую хоча стварыць Анкара, будзе адпавядаць міжнародным крытэрыям.

Наступленне Турцыі супраць курдаў сёння абмяркуе таксама Савет Бяспекі ААН. Заяўку па гэтай справе падалі пяць еўрапейскіх краін - Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Бельгія і Польшча.

Паводле розных крыніцаў, да гэтай пары падчас турэцкай аперацыі на тэрыторыі паўночнай Сірыі загінулі 8-15 чалавек, з якіх большасць – мірныя жыхары. Па дадзеных мясцовых СМІ, таксама шмат людзей параненыя. Тысячы людзей пакідаюць раёны, дзе вядуцца ваенныя дзеянні.

аз