У апошнюю сераду Міністэрства юстыцыі Расіі абвясціла, што ўключыла Антыкарупцыйны фонд Аляксея Навальнага ў спіс „замежных агентаў”. Апазіцыянер даведаўся пра гэта падчас візіту ў Варшаве, куды ён прыехаў для ўдзелу ў Форуме Барыса Нямцова, паведамляе журналіст газеты Rzeczpospolita Руслан Шошын.
Антыкарупцыйны фонд Аляксея Навальнага абвінавацілі ў вядзенні палітычнай дзейнасці і атрымліванні фінансавай падтрымкі з замежжа. Расійскае ведамства ўдакладняе, што гаворка ідзе пра 140 тысяч рублёў, якія фонд, быццам бы, атрымаў з Іспаніі і ЗША.
Тым часам адзін з дырэктараў фонду Іван Жданаў пераконвае, што арганізацыя не прымае замежных сродкаў і дзейнічае выключна за сродкі, атрыманыя ад расейскіх грамадзянаў. На яго думку, уключэнне Антыкарупцыйнага фонду ў спіс „замежных агентаў” мае на мэце падаўленне арганізацыі.
Паводле каментатараў, шмат сведчыць пра тое, што ўлады ў Маскве вырашылі нанесці ўдар па аўтарытэтнай арганізацыі, якая прычынілася да агучання многіх карупцыйных скандалаў у Расіі.
На працягу апошніх тыдняў у офісах фонду на тэрыторыі ўсяе Расіі праходзілі вобыскі. Дапытаныя былі дзясяткі супрацоўнікаў Навальнага. Незалежныя расійскія СМІ называюць дзеянні ўладаў „ найбольшай паліцыйнай аперацыяй” у сучаснай гісторыі Расіі. Rzeczpospolita нагадвае, што раней у спіс „замежных агентаў” быў унесены „Мемарыял” і Левада-Цэнтр.
аз