Беларуская Служба

Былы кіраўнік ЦРУ кажа, што Польшча можа разлічваць на хаўрус з ЗША

14.10.2019 12:43
Ніколі яшчэ адносіны ЗША з Польшчай не былі такімі блізкімі, як у апошнім часе.
Сцяг НАТАфота: Pixabay/Clker-Free-Vector-Images /Creative Commons

У выданні Rzeczpospolita інтэрв’ю з Дэвідам Петрэусам (David Petraues), галоўнакамандуючым амерыканскіх войскаў у Іраку і Афганістане. Гаворка ідзе між іншым пра адказ паўночнаатлантычнага альянсу на дзеянні Расіі – захоп Крыму, агрэсію на Данбасе, сітуацыю на Паўднёвым Каўказе, выпады супраць краін Прыбалтыкі. Крэмль спрабаваў вельмі брутальна ўмешвацца не толькі ў амерыканскія выбары, але таксама ў выбары ў многіх іншых дзяржавах, насаджаць сваю прапаганду, выкарыстоўваць сацсеткі. Так што гэта дзейнасць супраць практычна ўсіх членаў НАТА. Такім чынам, кажа Петрэус, Уладзімір Пуцін стаў самым вялікім падарункам, які НАТА магло сабе ўявіць! Яшчэ 10-15 гадоў таму пакт шукаў сэнсу існавання, цяпер з гэтым няма праблем.

Журналіст Енджэй Белецкі задае пытанне, ці Польшча не здзейсніла памылкі, абапіраючы сваю сістэму бяспекі выключна на хаўрусе з Амерыкай? Суразмоўца адказвае, што ніколі адносіны ЗША з Польшчай не былі такімі блізкімі, як у апошнім часе. Пра гэта сведчаць шырокамаштабныя планы набыцця Польшчай амерыканскага ўзбраення, між іншым, знішчальнікаў Ф-35, а таксама намер ЗША размясціць у Польшчы штаб-кватэру амерыканскай дывізіі і павялічыць колькасць сваіх салдат тут на адну тысячу чалавек.

У саміх ЗША значна павысіліся выдаткі на абарону – да 740 млрд. долараў у год. У выніку амерыканская армія больш гатовая адказаць на мілітарныя пагрозы ў розных кропках свету, у тым ліку ў Еўропе, – адзначае былы кіраўнік ЦРУ, галоўнакамандуючы сіламі ЗША ў Іраку і Афганістану Дэвід Петрэус.

нг