Dziennik Gazeta Prawna піша пра стаўленне Еўрапейскага Звязу да праблемных пытанняў. Старшыня Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер заканчвае свой тэрмін паўнамоцтваў, яму не ўдалося ажыццявіць пастаўленую задачу зрабіць замежную палітыку супольнасці больш эфектыўнай. Не ўдалося змяніць механізм прыняцця рашэнняў – з прынцыпу аднагалоснасці на прынцып кваліфікаванай большасці. Гэта не ўдалося зрабіць, паколькі многія дзяржавы-члены ЕЗ хочуць пакінуць за сабою права вэта.
У выніку дыпламатыя Еўразвязу часта не здольная прымаць эфэектыўных і хуткіх рашэнняў. Напрыклад, ужо нейкі час Францыя блакуе перамовы аб уваходзе ў склад супольнасці двух балканскіх краін – Паўночнай Македоніі і Албаніі. Вэта Парыжа – гэта праблема для Бруселя, які не жадае, каб гэтыя дзве дзяржавы трапілі ў абдымкі Кітая і Расіі. У сваю чаргу Францыя мяркуе, што Еўразвязу хапае сваіх праблем, каб пачынаць перамовы з краінамі, дзе вялізная карупцыя і злачыннасць.
Падобныя цяжкасці назіраліся падчас абмеркавання адзінай пазіцыі ЕЗ у адносінах турэцкага наступлення ў паўночнай Сірыі. У канцы канцоў Брусель асудзіў мілітарныя дзеянні, але тое, на што націскалі Францыя і Нямеччына, гэта значыць, увядзенне ўсімі краінамі ЕЗ эмбарга на продаж узбраення Турцыі, не ўвайшло ў тэкст заявы. Таксама ва ўнутраных справах супольнасці патрабуецца аднагалоснасць усіх членаў, а часта здараецца, што пазіцыі розных краін значна адрозніваюцца. У выніку са спазненнем ідзе падрыхтоўка бюджэту, няма таксама рашэння па пытанні адзінага падатку.
нг