Беларуская Служба

Польшча ды Галандыя адзначаюць стагоддзе дыпламатычных стасункаў

29.10.2019 15:45
З гэтай нагоды польскі прэзідэнт Анджэй Дуда адправіўся з афіцыйным візітам у Каралеўства Нідэрландаў.
Аўдыё
  • 75 год таму польскія жаўнеры вызвалілі горад Брэда ў Галандыі
Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда з візітам у ГаландыіFoto: PAP/Wojciech Olkuśnik

Гэта юбілейны візіт, які ладзіцца дзеля ўшанавання стагоддзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Польшчай і Галандыяй.

У панядзелак увечары прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда з жонкай прыбылі ў Галандыю, каб у рамках афіцыйнага візіту ўзяць удзел у святкаванні 75-годдзя вызвалення гораду Брэда 1 танкавай дывізіяй генерала Станіслава Мачэка.

Візіт мае асаблівы характар у звязку з важным момантам у двухбаковых польска-галандскіх адносінах. Сёлета бакі адзначаюць 100-ю гадавіну ўсталявання дыпламатычных адносін і 75-ю гадавіну вызвалення Брэды польскімі жаўнерамі.

У аўторак польскі прэзідэнт пачаў афіцыйны візіт. У праграме двухбаковыя сустрэчы палітычнага характару з кіраўніцтвам краіны, размовы з прадстаўнікамі бізнес-колаў, наведванне міжнародных устаноў, сустрэчы з польскай дыяспарай, а таксама ўдзел ва ўрачыстых цырымоніях.

Адным з галоўных пунктаў праграмы стала ўрачыстасць на Польскіх ганаровых вайсковых могілках у Брэдзе, дзе пахаваны камандуючы І танкавай дывізіі генерал Станіслаў Мачэк і 160 польскіх жаўнераў. На могілках у гонар 75-й гадавіны вызвалення Брэды польскі прэзідэнт разам з каралём Нідэрландаў Вільгельмам Александрам усклалі кветкі на магіле генерала і пад помнікам польскіх жаўнераў, якія загінулі ў баях за вызваленне гораду.

Гэта сімвалічнае ўшанаванне памяці ўсіх польскіх жаўнераў, якія змагаліся за вызваленне Галандыі, зазначыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда:

- Мы бярэм удзел ва ўрачыстасцях у гонар і памяці генерала Мачэка ды ягоных жаўнераў, якія вызвалялі галандскія мястэчкі ды гарады. Іх там памятаюць па сённяшні дзень як герояў. Будзе прысутнічаць кароль Нідэрландаў. Гэта важная ўрачыстасць, каб падкрэсліць значэнне тагачасных падзеі і для Польшчы, і для Галандыі. Таксама ўшанаваць ветэранаў, якія прыязджаюць увесь час туды.

Кіраўнік Ведамства па справа ветэранаў і рэпрэсаваных асобаў Ян Юзаф Каспшык нагадаў, што Брэда была вызвалена 29 кастрычніка 1944-га года. Гэта было адно з найбольш важных баявых дасягненняў на шляху І Польскай танкавай дывізіі.

- Таму што гэтае вызваленне адбылося коштам невялікіх стратаў, у першую чаргу з-за нечаканасці аперацыі. Яе вельмі дакладна падрыхтаваў генерал Мачэк. Горад ацалеў. Цяпер жыхары ўдзячныя жаўнерам 1 Польскай танкавай дывізіі, што вызваленне гэтага прыгожага брабантскага гораду прайшло без стратаў сярод цывільнай насельніцтва і архітэктурнай спадчыны гораду.

У баях за вызваленне Брэды загінуў 151 польскі жаўнер, а некалькі сотняў чалавек былі параненыя. Удзел кіраўнікоў Польшчы і Нідэрландаў ва ўрачыстасці мае важнае сімвалічнае значэнне.

- Таму што наш гістарычны пасыл трапляе не толькі да палякаў, але ідзе на ўвесь свет. Гэта вельмі важна. Лозунг, што Еўропа за свабоду ўдзячная польскаму жаўнеру – не пустыя словы. Гэты лозунг павінен гучаць, бо за ім ідуць іншыя нашы пастулаты. Еўропа павінна пра гэта памятаць, сваю свабоду яна атрымала ў значнай ступені дзякуючы польскаму жаўнеру.

Свята ў Брэдзе завершылася ўрачыстым парадам, які прысвечаны 75 гадавіне вызвалення гораду польскімі жаўнерамі.

Юры Ліхтаровіч