Беларуская Служба

Беларусы пачынаюць цікавіцца палітыкай

31.10.2019 15:55
Апошнія гады беларусы цікавіліся фільмамі і музыкай у сеціве, а таксама размовамі ў сацыяльных сетках, рапартаваў Белстат.
Аўдыё
  • Фільм пра Лукашэнку б'е рэкорды папулярнасці ў Сеціве

Яшчэ больш дакладна прыярытэты беларусаў вызначаў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар ня раз заяўляў, што беларусы клапоцяцца пра мір і дабрабыт, а палітыкай не цікавяцца. Цяпер яму давядзецца перагледзець сваё меркаванне.

На гэтым тыдні ў інфармацыйныя трэнды ў Беларусі ўварваўся дакументальны фільм «Лукашенко. Уголовные материалы» журналіста ды блогера Сцяпана Святлова, вядомага пад псеўданімам NEXTA.

За пяць дзён фільм, які распавядае пра сакрэты беларускага кіраўніка, як ён трапіў ва ўладу, і як скраў у беларусаў 25 год жыцця, паглядзела больш за мільён чалавек.
Гэта выдатны вынік для дакументальнай стужкі палітычнага характару. Мільёны праглядаў у Беларусі звычайна збіралі забаўляльныя матэрыялы. Стужка NEXTA сведчыць пра тое, што ў Беларусі зноў у трэндзе пачынае быць палітыка, кажа кіраўнік Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

- Ёсць замеры, якія паказваюць, што ў Беларусі павялічылася цікавасць да палітычнага кантэнту. Але гэта складаны феномен, бо людзей не цікавяць канкрэтныя пытанні, хто стане дэпутатам. Затое іх цікавіць, што робіць Лукашэнка, пытанні паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Дадаткова тут ёсць уплыў расейскага інтэрнэту, розных блогераў, YT і Тэлеграм каналаў, якія даволі палітызаваныя. Да палітыкі ў шырокім значэнні слова цікавасць ёсць, але гэта не перакладаецца на рост палітычнай актыўнасці.

Улады заўважылі фільм, і прадказальна пачалі крытыкаваць аўтара на старонках прэзідэнцкай газеты «СБ Беларусь сёння», абвінавачваючы яго ў адсутнасці вопыту і маніпуляванні фактамі. Большую рэакцыю цяжка прагназаваць, кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

- Лукашэнка час ад часу робіць намёкі, што трэба ўзяць пад кантроль інтэрнэт. Але як гэта зрабіць? Ваяваць з інтэрнэтам, як з акіянам, можна больш страціць, чым атрымаць. Інфармацыі пра Лукашэнку мноства на розных сайтах і сацыяльных сетак. Напэўна гэта будзе напружваць Лукашэнку. Разам з тым, я ня бачу падставаў для такога напружвання. Няма ніякіх прыкметаў таго, каб нешта магло паставіць пад сумнеў палітычны рэжым Лукашэнкі ды вынікі прэзідэнцкіх выбараў.

Цяперашні інтарэс да палітыкі звязаны з выбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў. Неўзабаве людзі пераключацца на іншае, доўгатэрміновага ўздзеяння фільм хутчэй за ўсё ня будзе мець, кажа медыя аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

- У Беларусі было некалькі фільмаў знятых пра Аляксандра Лукашэнку, вядомага рэжысёра Хашчэвацкага ды іншыя. У свой час яны нарабілі вялікага шуму. Зараз пра іх забылі. Кожнае пакаленне па-свайму ацэньвае палітычную сцэну Беларусі, не так успрымае старыя аўтарытэты. Яны самі пераасэнсоўваюць тое, што адбываецца. Гэтыя рэчы, вядома, уплываюць на грамадскую думку, але не маюць такога ўплыву як тэлебачанне пачатку 1990-ых гадоў. Сёння інакш. Цяпер дадзены праект аглядальны, а неўзабаве людзі могуць пераключыцца на іншыя выклікі.

У Беларусі стаўся папулярным дакументальны фільм пра сакрэты ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Больш за мільён чалавек азнаёмілася з гісторыяй узыходжання ва ўлады ды 25-гадовага кіравання краінай Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта знак, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020-га года, беларусы пачынаюць цікавіцца палітыкай.

Юры Ліхтаровіч