Беларуская Служба

Урад Польшчы адказаў на закіды Пуціна

30.12.2019 13:15
У адмысловай заяве Матэвуш Маравецкі напісаў: «Прэзідэнт Пуцін шматразова хлусіў на тэму Польшчы. Ён заўсёды рабіў гэта цалкам свядома».
Аўдыё
Матэвуш Маравецкі PAP/Maciej Kulczyński

Прэм'ер Матэвуш Маравецкі адказаў на паклёпніцкія словы Уладзіміра Пуціна ў адрас Польшчы. У адмысловай заяве кіраўнік польскага ўраду напісаў: «Прэзідэнт Пуцін шматразова хлусіў на тэму Польшчы. Ён заўсёды рабіў гэта цалкам свядома».

Гэта рэакцыя на словы расійскага прэзідэнта аб супрацы тагачасных польскіх уладаў з Трэцім Рэйхам. Пуцін абвінаваціў Польшчу ў змове з фашысцкай Германіяй, а даваеннага амбасадара Польшчы ў Берліне Юзафа Ліпскага назваў «сволаччу і антысэміцкай свіннёй». Ён таксама заявіў, што прычынай Другой сусветнай вайны быў не Пакт Рыбентропа-Молатава, а Мюнхенскае пагадненне 1938 году.

Прэм’ер Маравецкі сцвердзіў, што ў апошнія тыдні Расія атрымала шмат паразаў: незавершаныя перамовы з Беларуссю, прадаўжэнне санкцый ЕЗ, складанасці ў рэалізацыі праекту Nord Stream 2, выключэнне расійскіх спартоўцаў з алімпійскіх гульняў.

- Я ацэньваю словы прэзідэнта Пуціна як спробу затушаваць гэтыя праблемы. Расійскі лідар дасканала разумее, што яго абвінавачанні не маюць нічога супольнага з рэчаіснасцю – і што ў Польшчы няма помнікаў ні Гітлеру, ні Сталіну. Такія помнікі былі на нашых землях толькі тады, калі ставілі іх агрэсары і злачынцы – гітлераўскі Трэці Рэйх і савецкая Расія, – чытаем у заяве.

Прэм’ер таксама падкрэсліў, што Польшча была першай ахвярай вайны. Ён нагадаў гістарычныя факты, між іншым, тое, што Гітлер і Сталін доўга былі не толькі саюзнікамі, але нават сябрамі. Матэвуш Марвецкі таксама піша, што «расійскі народ – самая вялікая ахвяра Сталіна, аднаго з самых жорсткіх злачынцаў у гісторыі свету – заслугоўвае праўду».

Паводле віцэ-міністра замежных спраў Польшчы Марціна Пшыдача, мэтай расійскага прэзідэнта з’яўляецца навязванне фальшывай гісторыі і падзел народаў Еўропы. Кантэкстам выказванняў Пуціна з’яўляецца набліжэнне гадавін, звязаных з Другой сусветнай вайной і Галакостам:

- Я перакананы, што ёсць некалькі палітычных мэтаў. Па-першае, выклікаць дыскусію і паслабіць еднасць Захаду, справакаваць дыскусію паміж намі: хто быў добрым, а хто кепскім. І другая мэта, а тут паяўляецца навінка – абвінавачанні ў антысемітызме, гэта ўпляценне цэлай дыскусіі ў габрэйскі кантэкст, адносіны паасобных краін з Ізраілем, а таксама з габрэйскай супольнасцю, асабліва ў ЗША.

Польшча не можа паддацца на правакацыю Расіі і Уладзіміра Пуціна – казала ў Асвенцыме былая прэм’ер-міністр Бэата Шыдла. Еўрадэпутатка падкрэсліла, што гэта відавочная правакацыя Пуціна. Яна адзначыла, што польскія еўрадэпутаты думаюць закрануць справу выказвання прэзідэнта Расіі ў Бруселі:

- Магу вам сказаць, што не будуць прадпрымацца ніякія крокі, якія не будуць узгодненыя з прэзідэнтам Дудам і ўрадам. У гэтым выпадку мы гаворым адным голасам. Гэта патрэбна Польшчы. Спадзяюся, што таксама палітыкі апазіцыі далучацца да гэтых крокаў. Гэта момант, калі ўсе палітыкі павінны праявіць адказнасць.

Былая прэм’ер падкрэсліла, што час перад гадавінай вызвалення нямецкага канцлагеру Аўшвіц-Біркенаў часта выкарыстоўваўся ў палітычных гульнях з боку Расіі. Бэата Шыдла адзначыла, што гаворка ідзе пра заяву Уладзіміра Пуціна аб тым, што ён не будзе прымаць удзелу ва ўрачыстасцях. Паводле палітыка, Масква паказвае, што яшчэ могуць паявіцца іншыя правакацыі.

Польшча не з’яўляецца самотнай пасля апошніх выказванняў Уладзіміра Пуціна – гаворыць віцэ-міністр замежных спраў Марцін Пшыдач:

- Гэта не так, што ўсе маўчаць. Як раз цяпер сваёй цэллю Пуцін выбраў Польшчу, але шмат іншых краін змагаюцца з хлуснёй. Габрэйскае асяроддзе, прадстаўленае Дэвідам Харысам з Амерыканскага габрэйскага камітэту, ужо выказалася. Яны назвалі гэта фальшывай гісторыяй на стэроідах.

Словы Пуціна пракаментавала таксама амбасадар ЗША ў Польшчы. У Твітэры Джорджэт Масбахер напісала:

Дарагі прэзідэнт Пуцін, гэта Гітлер і Сталін дамовіліся, каб распачаць Другую сусветную вайну. Гэта факт. Польшча была ахвярай гэтага жахлівага канфлікту.


ав