Беларуская Служба

У Варшаве прайшла адмысловая сустрэча з блогерам NEXTA

07.02.2020 09:03
Жыхары Варшавы змаглі паглыбіць свае веды пра дзейнасць беларускіх блогераў.
Аўдыё
  • Блогер Нехта рашыў расшырыць сваю дзейнасць і стварыць сапраўдны медыя-рэсурс
Bloger NEXTA
Bloger NEXTAbelsat.eu

Пасля паспяховага фільма пра Лукашэнку блогер НЕХТА расшырыў сваю аўдыторыю ў Беларусі і стаў стымулам для шматлікіх палітычных дзеянняў. У Польшчы, аднак, мала хто ведае пра тое, якую ролю ў беларускім грамадстве адыгрываюць палітычныя блогеры, з якіх самы папулярны – Сцяпан Пуціла, шырэй вядомы пад псеўданімам НЕХТА.

У Варшаўскай гарадской бібліятэцы прайшла першая сустрэча з серыі «Terra incognita». Арганізатары паставілі за мэту, каб пазнаёміць жыхароў Варшавы з тым, як выглядае сітуацыя ў Беларусі з пункту гледжання маладога пакалення. Гаворыць адна з арганізатарак Яанна Гетка з Варшаўскага ўніверсітэту:

«Беларусь і Украіна - гэта краіны, якія блізкія нам, але адначасова невядомыя для звычайных палякаў. Свае меркаванні мы грунтуем на розных стэрэатыпах, устойлівых фразах, несапраўдных поглядах. Свае думкі пра ўсходніх суседзяў выбудоўваем ужо ў школе, дзе не вучым таго, што супольнае, а калі кажам пра Рэч Паспалітую, не падкрэсліваем наш агульны лёс, а потым, на жаль, калі ўваходзім у дарослае жыццё, то сустракаемся са стэрэатыпамі, такімі як напр.,«рускі» – чалавек савецкі, які часта дурны ці п’яніца, вельмі часта нават аўтаматычна ўспрымаецца як вораг. Але вось з другога боку ў Беларусі і Украіне ёсць шмат цікавага, што трэба проста адкрыць. І з такой мэтай мы прыдумалі гэтыя сустрэчы, каб людзі даведаліся больш пра нашых суседзяў.»

Пра тое, наколькі важнай з’яўляецца змена стаўлення да польска-беларускіх спраў у польскім грамадстве расказаў Мацей Пятроўскі з Інстытута Свабоды ў Варшаве:

«Агульна кажучы, палякі не вельмі цікавяцца падзеямі за мяжой, пакуль гаворка не ідзе пра нейкія буйныя аварыі, здарэнні ці войны, але гэта стандартная карціна сённяшняга грамадства. Шкада, што краіны на ўсход ад нашай мяжы ўсё менш цікавяць палякаў, таму і трэба развіваць адносіны, інфармаваць пра Беларусь ці Украіну, таму што гэта важныя дзяржавы з пункту гледжання польскай бяспекі і палітыкі ў цэлым. Таксама важна развіваць эканамічныя адносіны.Калі мы будзем ведаць адзін пра аднаго больш, то дасягнем большых поспехаў.»

Герой сустрэчы, блогер НЕХТА, расказаў пра ролю, якую ў беларускім грамадстве адыгрываць блогеры:

«Магу сказаць, што блогеры ўжо заваявалі папулярнасць, давер у аўдыторыі і гэта будзе працягвацца далей, таму што яны незалежныя ад ніводнай рэдакцыі і паказваюць як і ёсць. Яны проста распавядаюць людзям праўду і таму становяцца папулярныя. Дзякуючы блогерам беларуская медыя-прастора пашырылася і дзякуючы блогерам яна застанецца вольнай і незалежнай, а ніводная прапаганда не зможа ў яе ўсунуцца.»

НЕХТА мяркуе, што Беларусі не пагражае захоп інтэрнет-прасторы расійскімі сродкамі, таму што IТ-сфера вельмі развітая ў краіне. Менавіта гэтая галіна эканомікі становіцца зараз найбольш надзейнай.

«Хоць фармальна мы ў саюзнай дзяржаве з Расеяй, гэта не азначае што мы маем нешта супольнае ў сферы інтэрнету. Мы незалежная краіна і думаю, што Лукашэнка не зачыніць інтэрнет і не будзе яго цэнзураваць, таму што ён нічога ў гэтым не разумее, а па-другое мы IT-краіна, у нас парк высокіх тэхналогіяў, развіццё IT-бізнесу, адмена падаткаў ад крыптавалют. Карацей, гэта зараз развіваецца і прыход у ВУП зараз вельмі павялічваецца.»

Ужо неўзабаве ў блогера чакаюцца вялікія змены. Ён расказаў пра свае планы і спробы стварэння новай якасці СМІ ў Беларусі.

«Чакаецца рэдызайн ва ўсіх сацсетках і змена ўсяго, перакваліфікаванне ў бок медыя-рэсурсу. Ужо не будзе проста блогер Нехта, а некалькі чалавек, у Інстаграме, у Ютубе, тэлеграме ігд. Ужо блогер НЕХТА зяўляецца ТОП5 найчасцей чытаных рэсурсаў у Беларусі, і вядома ад гэтага не сыдзеш, таму што аднаму з усім не паспееш. Далей будзем эксперыментаваць, будуць розныя фарматы, у Ютубе нядаўна быў першы жывы эфір, ён вельмі ўдаўся, магчыма нейкае параўнанне жыцця, бо людзі вельмі любяць такія параўнанні»

Адмысловыя сустрэчы з серыі “Terra incognita” будуць праходзіць у кожную першую сераду месяца і будуць прысвечаныя тэмам, звязаным з усходнімі суседзямі Польшчы.

З арганізатарамі і блогерам НЕХТА размаўляў Альберт Ежы Вяжбіцкі.

Слухайце аўдыё