Беларуская Служба

Кітай на ратунак Еўропы ад каранавіруса

20.03.2020 15:45
За няпоўны месяц новы вірус моцна змяніў лад жыцця Еўропы.
Аўдыё
  • Кітайскі падыход да барацьбы з каранавірусам становіцца прыцягальным для Еўропы
  ,  2020.  .
Змаганне з каранавірусам, сакавік 2020. Ілюстрацыйны здымак.Dostawca: PAP/EPA

Знікла свабода перасоўвання, усё новыя і новыя краіны ўводзяць каранцін. Бракуе салідарнасці ў барацьбе з хваробай. Усё больш прыцягальным становіцца Кітай, які перамог вірус.

Кітай адным з першых спыніў эпідэмію каранавіруса, якую сам і спарадзіў. Дзеля гэтага кітайскія ўлады спынілі амаль на два месяцы вялізарную кітайскую эканоміку, нягледзячы на кошты.

Парадаксальна, але кітайскі прыклад зусім не стаў прыкладам да паўтарэння для Беларусі, якая гадамі будавала адносіны з Кітаем, абраўшы «курс на сяброўства». У Беларусі, бадай жа адзінай у Еўропе, кіраўніцтва краіны на чале з Аляксандрам Лукашэнкам лічаць каранавірус лухтой ды раяць ратавацца ад заразы працай у полі, гарэлкай ды баняй.

- Нягледзячы на нейкую крытыку з майго боку, я гэты каранавірус называю няйначай як псіхозам і ад гэтага ніколі не адмоўлюся, таму што разам з вамі перажыў ужо розныя псіхозы, і мы ведаем, да чаго гэта прыводзіла. Гарэлкай палячыцеся. Яшчэ трэба часцей хадзіць у саўну, у сухую. Кітайцы нам падказалі, што вірус не любіць высокіх тэмператур, пры плюс шасцідзесяці ён гіне.

Праблема ў тым, што ўнутры чалавека сталая тэмпература, і ён далёка да «плюс шасцідзесяці». Беларускага кіраўніка, відаць, кепскія спецыялісты. Таму суседзям Беларусі не да жартаў. Напрыклад, у Польшчы адмыслоўцы ўжо пачалі задавацца пытаннем: што будзе з Беларуссю, ці Лукашэнка звар'яцеў? Рашэнне беларускага кіраўніка пакуль цяжка зразумець, кажа польскі блогер Радаслаў Пыфэль.

- Лукашэнка столькі разоў дэманстраваў выдатны палітычны інстынкт, а цяпер ён даў маху ў такой сітуацыі? Ці ў беларускіх уладаў няма іншага выхаду. Як вядома, кожны месяц каранціну – гэта вялізарныя кошты. Не кожны можа сабе гэта дазволіць, магчыма ў Беларусі абмежаваныя магчымасці. У гэтым і парадокс, бо пануе перакананне, што такія сітуацыі на карысць аўтарытарным краінам. Лукашэнка мог бы як той «бацька народу» выступіць, увесці радыкальныя сродкі і толькі б скарыстаўся на гэтым. Замест гэтага беларускае грамадства само арганізуецца ды змушае яго да прыняцця рашэння. Дзіўна, ён губляе інстынкт і не выкарыстоўвае сітуацыю, якая стварыла для яго ўмовы, каб ён паказаў сябе з лепшага боку. Ён жа робіць усё наадварот.

Падыход Лукашэнкі ня ёсць пераканаўчым для яго сербскіх сяброў. У Сербіі афіцыйны 89 хворых на каранавірус. Пры гэтым, каб перадухіліць далейшы распаўсюд хваробы ўлады ўвялі надзвычайнае становішча, каменданцкую гадзіну з 8 вечара да 5 раніцы, а людзям ва ўзросце 65 і больш гадоў забаранілі зусім выходзіць з дому. Больш за тое кіраўніцтва краіны, сербскі прэзідэнт Аляксандр Вучыч наўпрост звярнуўся па дапамогу да Кітаю.

- Сёння я адправіў ліст генеральнаму сакратару КПК Сі Цзіньпіну, у якім звярнуўся да яго не толькі як да дарагога сябры, але і як да брата. Да сябры і брату ўсёй нашай краіны. Я веру ў сябра і брата Сі Цзіньпіна, я веру ў дапамогу кітайскага народа. Адзіная краіна, якая можа нам дапамагчы.

Таксама ў Кітай вераць у Рыме. У італьянскіх сацыяльных сетках гучаць галасы пра магчымы выхад Італіі з Еўразвязу. 

Кітай на ратунак Італіі. Кітай на ратунак Італіі.

Справа ў тым, што італьянцы злуюцца на тое, што ЕЗ не дапамог ім у змаганні з заразай. Затое дапамог Кітай. Пекін накіраваў у Рым самалёт з медычнай дапамогай ды групай лекараў. Крок, які мае вялікае сімвалічнае значэнне. Ці Кітай цяпер уратуе Еўропу ды свет ад каранавіруса? У нечым Кітай дапаможа, але ў першую чаргу Пекін кіруецца ў сваіх дзеяннях пытаннямі свайго іміджу, кажа блогер і знаўца Кітаю Радаслаў Пыфэль.

- Каранавірус – ня толькі эпідэмія, але і сацыяльная зʼява, якая тэстуе імунітэт людзей, дзяржаў і міжнародных арганізацыі. Менавіта дзяржаўныя структуры нясуць цяжар змагання з хваробай. Пры гэтым кожны можа параўнаць вынікі ды эфектыўнасць сваіх дзеянняў па барацьбе з каранавірусам. Пачалася дыскусія пра тое, якая мадэль больш эфектыўная. У самой Еўропе няма кансэнсусу. Існуюць дзве мадэлі. Адна – вельмі хуткай рэакцыі ды прыняцця радыкальных мераў паводле азіяцкага сцэнару. Гэтым шляхам пайшла Польшча. Але ёсць такія краіны, як Вялікабрытанія, Швецыя ці часткова Нямеччына, якія лічылі, што трэба, каб заразілася некалькі дзясяткаў працэнтаў насельніцтва, каб зʼявіўся групавы імунітэт. Ад гэтай мадэлі паволі адмаўляюцца.

Кажучы пра прыцягальнасць Кітая ды кітайскай мадэлі, тут усё будзе залежыць ад працягласці ды маштабу эпідэміі ў Еўропе.

- Чым даўжэй Еўропа не зможа вырашыць гэтую праблему, тым больш будуць выходзіць слабасці кантынента. Сярод якіх праблемы з каардынацыяй на ўзроўні Еўразвязу і адсутнасць аднаго падыходу ў барацьбе з каранавірусам. Калі Еўропа ня зможа паказаць эфектыўны еўрапейскі спосаб барацьбы з вірусам, гэта будзе толькі на карысць Кітаю, свайго іміджу. Тым больш, што гэта падхопіць расійская прапаганда, каб перашкодзіць еўрапейцам у абмеркаванні эфектыўных мадэльных вырашэнняў. У сваю чаргу, сам Кітай ня столькі зацікаўлены прасоўваннем сваёй мадэлі, колькі зменай іміджу Кітая, што вірус зʼявіўся ў Вухан, залагодзіць сваю датычнасць да зʼяўлення віруса. Паспяховасць кітайскай мадэлі выкарыстоўваецца цяпер у якасці інструмента ўнутранай легітымізацыі ўладаў.

Выкарыстанне радыкальных сродкаў па абмежаванні грамадскай і эканамічнай актыўнасці дазволіла кітайскім уладам спыніць распаўсюд віруса. Цяпер Кітай пераходзіць да актыўнай інфармацыйнай кампаніі па паляпшэнні свайго іміджу.

- Мы апынуліся ў сітуацыі, калі Кітай, што перамог эпідэмію, пераходзіць да іміджавай контратакі. Кітайцы выслалі ў Італію самалёт з 9 лекарамі ды 30 тонамі медычнага абсталявання. Неўзабаве ўсё больш еўрапейскіх краін будзе выходзіць на пік захворванняў. Медычныя сістэмы будуць абцяжараныя. Таксама гэта можа здарыцца і ў Польшчы, нягледзячы на добрыя рашэнні прынятыя на пачатку. Тады спатрэбіцца больш лекаў, больш медычнай апаратуры, больш масак. Кітай зможа такую дапамогу аказваць, бо ён вяртаецца да аднаўлення сваіх вытворчых магутнасцяў. Тым больш, што еўрапейскія краіны зачыніліся, не прадэманстравалі салідарнасць. Прыклад Італіі – гэта толькі пачатак. У чарзе Сербія, якая паскардзілася на адсутнасць дапамогі ад ЕЗ. Сербскія ўлады заявілі, што Кітай застаўся адзінай краінай, якая можа дапамагчы.

Пасля двух месяцаў змагання з каранавірусам Кітай змог спыніць эпідэмію. Цяпер вірус шалее ў Еўропе. Колькасць заражаных сягае дзясяткаў тысяч, штодня паміраюць сотні чалавек. У Еўропе няма адзінства ў падыходзе як змагацца з хваробай. Частка краін абралі радыкальны азіяцкі шлях, іншыя кажуць пра патрэбу выпрацаваць групавы імунітэт. Бракуе салідарнасці. Калі еўрапейцы ня змогуць хутка перамагчы эпідэмію, шмат хто пачне аглядацца на Кітай у пошуках паратунку.

Юры Ліхтаровіч