SARS-CoV-2 – вірус прапаганды. Кітай выкарыстоўвае пандэмію для будовы свайго іміджу і гандлёвай імперыі – гаворыць выданню Dziennik Gazeta Prawna Міхал Богуш з Цэнтра ўсходніх даследаванняў.
Кітай падкрэслівае сваю перамогу над вірусам, а ўрадавыя інфармацыйныя агенцтвы намякаюць, што свет павінен ім дзякаваць. Эксперт зазначае, што пандэмія служыць прапагандзе. Справа ў тым, каб на міжнароднай сцэне паказаць сябе як мага лепш, а пры нагодзе затушаваць памылкі, якія былі зробленыя на самым пачатку, і якія прывялі свет да цяперашняга крызісу. “Само па сабе – гэта нічога кепскага. Кожная краіна хвалілася б перамогай над вірусам. Праблемай з’яўляецца факт, што пры нагодзе Кітай стараецца экспартаваць сваю мадэль улады і падкапваць дэмакратычны лад у свеце”, - гаворыць Міхал Богуш.
Пекін робіць гэта прадстаўляючы дэмакратычную мадэль кіравання як хаос, у якім нельга прыняць рашэння, а ўлада кіруецца папулярнасцю, а не дабром народу. Паводле эксперта Цэнтра ўсходніх даследаванняў, апошнім часам кітайскія СМІ падхапілі расійскую прапаганду: што ЕЗ не спраўляецца з пандэміяй як арганізацыя, хоць у яе няма такіх кампетэнцый.
Кітай падкрэслівае, што ЕЗ не спраўляецца з вірусам і высылае ў Еўропу дапамогу. Гэта таксама частка кітайскай прапаганды, бо гэтая дапамога вельмі часта з’яўляецца продажам. Так адбываецца, напрыклад, у выпадку Італіі, якая павінна атрымаць 300 тысяч масак. Але гэта дадатак да купленай італьянскім урадам тысячы рэспіратараў. Каб яшчэ больш ускладніць вобраз, кітайскі Чырвоны крыж выслаў італьянскаму 50 рэспіратараў.
Цяпер Кітай зарабляе на каранавірусе. У пік эпідэміі Кітай распачаў велізарную вытворчасць масак і спецыялістычнай вопраткі. Цяпер краіна ахвотна прадае лішкі ў Еўропу. Пры гэтым паказвае сябе ў якасці дабрадзея.
ав