Беларуская Служба

Падзеі тыдня ў колерах: чорны і белы

15.08.2020 12:15
Паслявыбарчыя падзеі ў Беларусі каментуе палітычны аглядальнік Уладзімір Падгол.
Аўдыё
  • Падзеі тыдня ў колерах: чорны і белы
Мінск PAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH

Падзеі тыдня можна апісаць у колерах: уначы людзі ў чорным б’юць і страляюць мірных жыхароў, катуюць іх і знявольваюць. Днём жанчыны і дзяўчаты ў белым стаяць уздоўж вуліц з белымі кветкамі і вітаюць аўтамабілістаў. Ім у адказ гучаць сігналы аўто. Гэткая сумесная дэманстрацыя перамогі Ціханоўскай.

І нідзе ніводнага пікета ў падтрымку перамогі Лукашэнкі!!!

Але вось урадавы сайт БЕЛТА друкуе віншаванне ад польскага палітыка:

11 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч – БЕЛТА/. Прынцыпамі польска-беларускіх адносін павінны быць узаемная павага, неўмяшанне, а таксама ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва і дружба славянскіх народаў. Аб гэтым сказаў старшыня партыі «Патрыятычная Польшча», старшыня прэзідыума Нацыянальнага савета Павел Зяміньскі ў віншаванні Аляксандру Лукашэнку з нагоды перамогі на прэзідэнцкіх выбарах, паведамляе БЕЛТА.

«Мы адрасуем самыя шчырыя віншаванні ў сувязі з вашай перамогай і перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пераважнай большасцю беларускага народа пры вялікай яўцы выбаршчыкаў, – падкрэсліў Павел Зяміньскі. – Мы перадаём віншаванні ад імя ўлад і членаў партыі »Патрыятычная Польшча«, але, як мы ведаем, яны супадаюць з поглядамі шматлікіх палякаў, добразычліва настроеных да Беларусі і братэрскага беларускага народа. Палітыка і асабісты падыход Прэзідэнта, які настойліва стаіць на пазіцыі суверэнітэту дзяржавы, захавання міжнароднага права і правоў народаў на самавызначэнне і самастойнасць у фарміраванні ўнутранай і знешняй палітыкі, а таксама ідзе ўласным шляхам да працвітання грамадства – даўно карыстаецца павагай палякаў».

Каля турмаў у Мінску і Жодзіна сотні людзей. Хочуць перадаць перадачы, ці шукаюць сваіх родных.

Напрыканцы тыдня было затрымана амаль 7 000 чалавек. У 2010-м годзе пасля Плошчы было каля 700 затрыманых. І гэта па афіцыйных звестках МУС. А па прэзідэнцкім тэлеканале дыктар хлусіць пра 3 000 затрыманых.

БАЖ: з 9 жніўня па ўсёй краіне 98 журналістаў падпалі пад затрыманні
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) на вечар 13 жніўня, застаюцца затрыманымі 23 журналіста з усёй Беларусі.

Усяго, пачынаючы з 9 жніўня, былі затрыманыя 68 супрацоўнікаў СМІ. А 30 чалавек падвергліся насіллю і атрымалі траўмы. Журналісты дзяржаўных СМІ стварылі афіцыйны зварот на адрас міністра інфармацыі. Яны падкрэслілі, што звальненне іх калегаў – не фэйк, а кліч сумлення. І просяць дапамагчы ў вызваленні затрыманых журналістаў, не пазбаўляць жыхароў краіны якаснай сувязі і не перашкаджаць працы навінных парталаў.

Ужо каля 10 журналістаў дзяржаўных СМІ звольніліся, бо не могуць хлусіць.

Вось узор такой хлусні: паказваюць быццам бы фінансіста, які даваў грошы за выхады на пратэсты. А потым высветлілася, што бізнесовец прадаў аўто за 9 000 долараў. Выйшаў папіць піва з сумкай, дзе ляжалі грошы. Яго арыштавалі, жорстка збілі, а ён нават блізка не падыходзіў да пратэстуючых. Вось такі «касір».

Калектыў Купалаўскага тэатра запатрабаваў спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і выступіў за пералік галасоў з удзелам незалежных назіральнікаў. Пра гэта гаворыцца ў тэксце звароту, які ёсць у распараджэнні TUT.BY. Зварот падтрымалі каля 200 супрацоўнікаў тэатра.

13 жніўня Амбасадары краінаў ЕЗ (некалькі дзясяткаў чалавек) усклалі кветкі на месцы забойства аднаго з пратэстоўцаў.

Кіраўнікі 4-х дзяржаў звярнуліся да кіраўніка РБ, каб зрабіць дээскалацыю.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампея заклікаў улады Беларусі правесці новыя выбары: «Я лічу магчымым адно мірнае рашэнне бягучага крызісу ў Беларусі: неабходна правесці новыя выбары пры сур'ёзнай прысутнасці міжнародных назіральнікаў».

Дэпутат Еўрапарламента Радаслаў Сікорскі заявіў, што дзеянні АМАПа падчас сілавога падаўлення масавых пратэстаў у Беларусі могуць апынуцца ў кампетэнцыі Міжнароднага крымінальнага суда.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда звярнуся да лідараў 47 краін Рады ААН па правах чалавека з заклікам адрэагаваць на сітуацыю ў Беларусі.

Кіраўнікі Латвіі, Літвы, Польшы і Эстоніі заклікалі Лукашенку неадкладна пачаць дыялог з беларускім народам.«Слухайце голас сваіх грамадзян і дазвольце ім гаварыць свабодна. Грунтуючыся на вопыце нашых уласных таварыстваў і на нашым асабістым вопыце, мы заклікаем вас арганізаваць круглы стол па нацыянальнаму прымірэнню з удзелам прадстаўнікоў урада і грамадзянскай супольнасці. Гэта стала б прыдатным крокам да пачатку сапраўднага нацыянальнага дыялогу. Мы цвёрда верым, што дыялог – гэта заўсёды лепшы шлях для прасоўвання сацыяльнага развіцця, абмеркавання рэформаў і будучага вашай краіны», – гаворыцца ў дакуменце.

«Калі беларускія ўлады выканаюць гэтыя патрабаванні, дзверы для супрацоўніцтва з міжнароднай супольнасцю павінны заставацца адкрытымі. Ізаляцыя – гэта не шлях да росквіту і развіццю любой нацыі», – падкрэсліваецца ў заяве.

«Мы гатовыя прапанаваць свае пасрэдніцкія намаганні для дасягнення мірнага ўрэгулявання ў Беларусі і ўмацавання незалежнасці і суверэнітэту вашай краіны», – адзначаюць прэзідэнты чатырох еўрапейскіх краін.

Можна балбатаць і адначасова забіваць, можна трындзець і катаваць да такой высновы можна прыйсці пасля такога звароту.

Наталля Качанава, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі выступіла па БТ увечары ў чацвер: »Дарагія беларусы! Менш за тыдзень таму адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Народ зрабіў свой выбар. Але ўсё, што стала адбывацца далей, зʼяўляецца беспрэцэдэнтнай спробай разбурыць тое, чым мы заўсёды ганарыліся – нашу мірнае жыццё, і падзяліць наша грамадства. у нас не павінна быць канфрантацыі. Прэзідэнт пачуў меркаванне працоўных калектываў і даручыў разабрацца па ўсіх фактах затрыманняў, якія адбыліся ў апошнія дні. Зараз ідзе праца ў гэтым кірунку. Ужо на вечар сённяшняга дня адпушчана больш за 1000 чалавек пад абавязацельства няўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, а непаўналетнія перададзены бацькам пад распіскі.

Відавочна, што ўсім нам не патрэбныя бойка і вайна. Мінск заўсёды быў ціхім і спакойным.

Давайце спынім самазнішчэнне. Мы не павінны разбураць уласнымі рукамі ўсё, што мы стварылі за гады незалежнасці нашай краіны. Нам трэба захаваць мір і спакой для нас і нашых дзяцей. Ад імя дэпутацкага корпуса Беларусі я заклікаю ўсіх спыніцца. Будзем разумнымі«.

Выснова: прызнайце Лукашэнку пераможцам выбараў і ўсё будзе добра.

МЗС РФ: У Маскве фіксуюць спробы знешняга ўмяшання ў Беларусі з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі. Гэта вынікае з заявы афіцыйнага прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства Марыі Захаравай, якое прыводзіць агенцтва ТАСС.

Дыпламат выказала надзею, што прафесійнае ўзаемадзеянне па лініі розных ведамстваў дзвюх краін дапаможа разабрацца, у тым ліку, і ў сітуацыі з затрыманнем 33 грамадзян Расіі пад Мінскам.

Але ж Лукашэнка паабяцаў Зяленскаму перадаць баевікоў Кіеву. І гэта было падчас інтэрвʼю журналісту з Кіева Гардону. А на сёння Інтэрфакс паведаміў, што напрыканцы тыдня ўсіх баевікоў перададуць у Маскву.

Офіс генеральнага пракурора Украіны накіраваў у Генпракуратуру Беларусі запыт аб выдачы 28 чалавек, якія былі затрыманыя непадалёк ад Мінска 29 ліпеня і абвешчаныя беларускімі ўладамі «баевікамі» Прыватнай ваеннай кампаніі (ЧВК) Вагнера.

У паведамленні офіса генпракурора Украіны гаворыцца, што 28 названых у запыце асоб падазраюцца ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі і суд ужо прыняў рашэнне аб іх завочным арышце.

«Следствам устаноўлена, што гэтыя асобы бралі актыўны ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей у складзе тэрарыстычных арганізацый ЛНР і ДНР», – гаворыцца ў паведамленні офіса генпракурора.

У ведамстве адзначылі, што сярод 28 чалавек, выдачы якіх яны дамагаюцца, украінскае грамадзянства маюць толькі дзевяць.

Уладзімір Падгол

слухайце відэа


Больш на гэтую тэму: Паміж радкоў