Беларуская Служба

Палітолаг: На дадзены момант пытанне гарантый для Аляксандра Лукашэнкі - гэта страта часу

02.03.2021 15:55
Святлана Ціханоўская выказала меркаванне, што пытанне гарантый бяспекі Аляксандру Лукашэнку павінна стаць прадметам палітычнай дыскусіі.
Аўдыё
  • "Гарантыі могуць быць для аўтарытарнага лідара толькі тады, калі ён перадае ўладу нейкаму пераемніку."
Aleksander Łukaszenka
Aleksander ŁukaszenkaWłodzimierz Pac/Polskie Radio

Святлана Ціханоўская ў інтэрв'ю для ўкраінскага «НВ» выказала меркаванне, што пытанне гарантыяў бяспекі Аляксандру Лукашэнку пасля ягонага сыходу з улады павінна стаць прадметам палітычнай дыскусіі паміж дэмакратычнымі сіламі і прадстаўнікамі рэжыму.

«Зразумела, пытанне можна абмяркоўваць, але што тычыцца некаторых фізічных гарантый бяспекі Лукашэнку і ягонай сям’і, яны могуць быць дадзеныя, калі гэта неабходна для яго», – сказала Святлана Ціханоўская.

«На дадзены момант пытанне гарантыяў для Аляксандра Лукашэнкі гэта страта часу», – лічыць палітолаг Аляксандр Папко.

- Гарантыі могуць быць для аўтарытарнага лідара ў большай частцы толькі тады, калі ён перадае ўладу нейкаму пераемніку. Калі ж ён сыходзіць і да ўлады прыходзяць ягоныя апаненты і ўсталёўваецца дэмакратычная прававая дзяржава, то заўсёды ёсць магчымасць што ахвяры аўтарытарных рэжымаў будуць дамагацца справядлівага суда над тымі, хто ўчыніў гэтыя злачынствы.

Існуе верагоднасць, што А.Лукашэнка будзе зацікаўлены гарантыямі бяспекі ў сітуацыі, калі ён ужо страціць уладу, – мяркуе Аляксандр Папко.

«Шмат хто гаворыць пра суд. Магчыма, гэта будзе, паступова. Ёсць шмат сцэнароў. Можа, ён куды-небудзь сам паедзе; магчыма, неяк інакш складзецца. Але чыста па-чалавечы я ўяўляю ягонае жыццё вельмі адзінокім, з штодзённым разуменнем таго, што ён мог бы быць першым прэзідэнтам Беларусі, і людзі, магчыма, шмат добрага пра яго ўспаміналі б. Але ў канцы сваёй кар’еры ён зрабіў недапушчальныя для прэзідэнта злачынствы. І добрым словам яго наўрад ці згадаюць».

Святлана Ціханоўская мяркуе, што большасць беларусаў таксама пагодзіцца на гарантыі бяспекі для Лукашэнкі, калі гэта дапаможа спыніць рэпрэсіі.

яс

Гутарка з Аляксандрам Папко ў далучаным файле