Улады Беларусі жорстка распраўляюцца з польскай нацыянальнай меншасцю ў гэтай краіне. Варшава пагражае наступствамі нават, калі б мела ажыццяўляць іх самастойна. Абвастрэнне спрэчкі прымушае Брусель заняцца справай нягледзячы на разгар трэцяй хвалі каранавіруса, піша Філіп Фрыц у нямецкай газеце Die Welt, якую цытуе польскае выданне Dziennik Gazeta Prawna.
„Дзеянні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да лідараў польскай меншасці выклікаюць занепакоенасць сярод палякаў у Беларусі(…) Пра тое, што іх боязі абгрунтаваныя, сведчаць не толькі арышты, але і іншыя спосабы запалохвання. Напрыклад, беларуская журналістка Ганна Любакова паведамляе, што дырэктараў моўных школ у Беларусі просяць паведаміць уладам пра вучняў, якія вывучаюць польскую мову”, - адзначае газета.
Рэакцыя польскай сталіцы на дзеянні беларускага рэжыму была неадкладная. Прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі прыгразіў „эканамічнымі крокамі” з мэтай вызвалення „закладнікаў рэжыму”. У інтэрв'ю газеце Die Welt намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач запэўніў, што эскалацыя дзеянняў беларускага рэжыму не застанецца без адказу. Польскі палітык нагадаў, што ЕС – як супольнасць не можа заплюшчыць вочы на тое, што адбываецца ў Беларусі. Польшча больш чакаць рэакцыі ЕС не будзе. Краіна ўвяла санкцыі супраць суддзі, які вядзе працэс над старшынёй Саюза палякаў Беларусі, пацвердзіў Пшыдач.
„Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць польскай меншасці - яшчэ адзін этап эскалацыі канфлікту ў Беларусі. Дыктатар не толькі атакуе этнічную меншасць, але і імкнецца да таго, каб канфлікт атрымаў „двухбаковы” характар, накіраваны супраць польскага ўрада -члена ЕС”, - піша штодзёнка.
Гэта праблема для Еўрасаюза. Газета нагадвае, што нават на жорсткае падаўленне паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі, еўрапейцы знайшлі адказ позна, пасля жорсткіх спрэчак, а ўведзеныя санкцыі былі адносна мяккія.
Зараз салідарнасці ЕС патрабуе Польшча, а ўсё гэта ў той час, калі Еўракамісія ў асноўным займаецца крызісам, выкліканым пандэміяй каранавіруса. „Аднак, у сітуацыі адсутнасці хутка ўзгодненай пазіцыі ЕС, Польшча вымушана дзейнічаць самастойна. Тым часам існуе пагроза эскалацыі напружання паміж Варшавай і Мінскам”, - перасцерагае газета.
У адказ на пытанне выдання, дэпутат Еўрапарламента ад партыі „Зялёныя” Віёла фон Крамон-Таўбадэль адназначна заявіла, што паводзіны рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да польскай меншасці – гэта міжнародны дыпламатычны скандал, які павінен быць жорстка асуджаны міжнароднай супольнасцю. „Варшава вітае такія заявы, але яны не заменяць канкрэтных дзеянняў”, - падкрэслівае аўтар тэксту ў нямецкай штодзёнцы Die Welt.
аз