Беларуская Служба

Эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму стануць тэставаннем адзінства Еўропы

21.06.2021 12:26
Лукашэнка баіцца санкцый, якія ўдараць у важнейшыя галіны эканомікі краіны – нафтаперапрацоўку, калійны і тытунёвы бізнес, а таксама банкаўскі сектар.
«Нафтан»screen/YouTube

Rzeczpospolita піша, што балючыя для беларускага рэжыму эканамічныя санкцыі стануць тэставаннем адзінства Еўропы. Санкцыі закранаюць каля 80 асоб, набліжаных да рэжыму, але больш за ўсё Лукашэнка баіцца санкцый, якія ўдараць у важнейшыя галіны эканомікі краіны – нафтаперапрацоўку, калійны і тытунёвы бізнес, а таксама банкаўскі сектар. Яны прыносяць найбольшы даход у бюджэт.

Прыняцце рашэння ўскладняюць эканамічныя інтарэсы розных краін. Партал Politico са спасылкай на аўстрыйскіх дыпламатаў паведамляў, што Вена спрабуе змякчыць санкцыі. Аўстрыя – адзін з важнейшых эканамічных партнёраў Беларусі ў Еўропе, амаль 90% банкаўскіх пазыкаў, выдзеленых беларускім суб’ектам, паходзіць менавіта з Аўстрыі. У прыватнасці, беларускі Прыёрбанк належыць да аўстрыйскай групы Raiffeisen.

Нягледзячы на гэта, у пятніцу міністр замежных спраў Аўстрыі Аляксандр Шаленберг (Alexander Schallenberg) пазваніў у офіс Святланы Ціханоўскай і заверыў, што ўсе краіны ЕС згодныя па пытанні санкцый. Па словах дарадчыка Ціханоўскай Франака Вячоркі, у некаторых краінах ЕС рэжым Лукашэнкі здолеў актывізаваць сваіх лабістаў, у інтарэсы якіх удараць санкцыі. Меркаваннем Вячоркі, санкцыі – вельмі балючыя для «кашалькоў» Лукашэнкі і звязаных з ім прадпрыемстваў. Неўзабаве павінны пачаць дзейнічаць таксама санкцыі ЗША. Гэты прэсінг стане яшчэ мацнейшы, калі далучацца да яго Вялікабрытанія і Украіна. Гэта можа змяніць паводзіны Лукашэнкі, – кажа Вячорка.

На думку палітолага Аляксандра Класкоўскага, санкцыі не прымусяць Лукашэнку сысці, але могуць прычыніцца да вызвалення палітычных зняволеных.

нг