Беларуская Служба

Сын Лукашэнкі апынуўся ў новым спісе санкцый ЕС супраць Беларусі

22.06.2021 13:44
Другім чалавекам з сям'і Аляксандра Лукашэнкі ў новым спісе абмежаванняў стала жонка старэйшага сына кіраўніка Беларусі Віктара – Лідзія.
Аляксандр Лукашэнкаhttps://www.belta.by/president/view/lukashenko-perspektivy-belorusskogo-diplomaticheskogo-prisutstvija-v-rjade-stran-ne-prosmatrivajutsja-435907-2021/

На паседжанні ў Люксембургу міністры замежных спраў ЕС прынялі дадатковыя санкцыі супраць Беларусі за прымусовую пасадку самалёта Ryanair ў Мінску і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. У новы спіс, сярод іншага, быў унесены сын Аляксандра Лукашэнкі, Дзмітрый, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Дзмітрый Лукашэнка – бізнесмен. З 2005 года ён узначальвае аб’яднанне «Прэзідэнцкі спартыўны клуб», дзякуючы чаму вядзе бізнес і кантралюе шэраг прадпрыемстваў.

«Ён прысутнічаў на сакрэтнай інаўгурацыі прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2020 года. Такім чынам, ён атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае гэты рэжым», – гаворыцца ў абгрунтаванні рашэння аб унясенні яго ў санкцыйны спіс.

Другім чалавекам з сямʼі Аляксандра Лукашэнкі ў новым спісе абмежаванняў стала жонка старэйшага сына кіраўніка Беларусі Віктара – Лідзія.

«Яна цесна звязана з шэрагам важных кампаній, якія атрымліваюць выгаду ад рэжыму Лукашэнкі (...). Разам са сваім мужам Віктарам Лукашэнкам яна прысутнічала на сакрэтнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў верасні 2020 года. Таму яна атрымлівае выгаду і падтрымлівае рэжым Лукашэнкі», – палічылі міністры.

Усяго ў новы санкцыйны спіс увайшлі каля 80 чалавек і восем субʼектаў гаспадарання. Акрамя сваякоў Лукашэнкі, у яго былі ўнесеныя, сярод іншага суддзі, пракуроры, прадстаўнікі праваахоўных органаў, супрацоўнікі дзяржаўных СМІ, універсітэтаў і дырэктары кампаній.

Напрыклад, мінская суддзя Наталля Бугук падвяргаецца абмежаванням, паколькі яна нясе адказнасць за вынясенне шматлікіх палітычна матываваных прысудаў журналістам і дэманстрантам, у тым ліку ў працэсе супраць журналістаў тэлеканала «Белсат» – Кацярыны Андрэевай і Дарʼі Чульцовай. Пракурорам па гэтай справе была Аліна Касянчык, супраць якой ЕС таксама прымяніў санкцыі. У сваю чаргу рэктар Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Бахановіч адказвае за рашэнне аб адлічэнні студэнтаў з ўуніверсітэта за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

Санкцыі зводзяцца да замарожвання актываў і забароны на выдачу віз у ЕС, нагадвае Dziennik Gazeta Prawna.

аз