Хоць яшчэ тры дзясяткі гадоў таму, калі распаўся Савецкі Саюз, ніхто не чакаў, што прыйдзецца сутыкацца нанава з халоднай вайной. Гэтым разам яна набірае новыя тэмпы і фарматы. Дзяржавы па двух, або нават трох баках палітычнай сцэны выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, каб прасоўваць дэзынфармацыю і такім чынам «атакаваць» іншыя дзяржавы. Між іншым гэтаму пытанню была прысвечана сустрэча арганізавана Варшавўскім інстытутам (Warsaw Institute) з адмыслоўцам па адносінах ЗША-Еўропа Даніелам Кочысам, які расказаў пра тое, што НАТА спазнілася на гэтае супрацьстаянне:
-Я думаю, што НАТА ўвайшло ў гэтую гульню досыць позна. Толькі ў 2018 была прынятая дэкларацыя пасля саміту ў Бруселі, на якім гаварылася пра ключавую ролю дэзынфармацыі ў сённяшнім свеце. Яшчэ дзесяць гадоў таму ствараць інстытуты па распрацоўцы інфармацыі было трошкі дзіўным. Сёння кожны ўжо веда, што гэта важна для чаго яно магло б прыдасца. Дэзынфармацыя існавала ўжо ў часы халоднай вайны, аднак тады яна выкарыстоўвалася ў меншых маштабах. Сёння дэзынфармацыя закранае кожную галіну жыцця і ўсе групы грамадства. Былі сотні выпадкаў буйных дэзынфармацыйных кампаній, шмат з іх выходзілі з Расіі, таксама кітайская прапаганда з’яўляецца пагрозай. Расійскія ведамствы прасоўваюць ідэю аб амерыканскай агрэсіі, аб тым, што прысутнасць войскаў НАТА ў Польшчы, тое ж што і прысутнасць савецкіх у часы камунізму. Такая інфармацыя накіравана на ўнутранага назіральніка, але і служыць расколу ў краінах НАТА. Мы бачылі таксама прыклады кітайскай дэзынфармацыі, перш за ўсё падчас пандэміі. Аднак, я лічу, што галоўнай пагрозай з’яўляюцца дзеянні Расіі.
Пагрозы існуюць не толькі ў інтэрнэце. Паводле адмыслоўца традыцыйны шпіянаж не зжыўся. Ім надалей займаюцца ўдзельнікі халоднай вайны. Пра гэта сведчыць хаця б справа атручвання Сяргея Скрыпаля або дзеянні расійскай разведкі ў Чэхіі, якія давялі да выбуху ў складзе зброі. Аднак пагроза з боку Расіі не для ўсіх чальцоў НАТА ў аднолькавай ступені важная. Праблема саюзу ў тым, што кожны чалец успрымае яе па-свойму.
- Я думаю, што выклікам нумар адзін будзе надалей Расія. Гэта не выклік у кантэксце звычайных ваенных дзеянняў або атамнай зброі. Гэта выклік па прапагандзе і дэзынфармацыі або шпіянажы. Факт таго, што ў Празе была такая ж колькасць расійскіх дыпламатаў, як у Варшаве, якая з’яўляецца большай краінай, кажа, што Чэхія з’яўляецца цэнтрам расійскага шпіянажу ў Еўропе. І адтуль гэта ідзе і на Брусель. Гэта выклік для ўсяго НАТА. Я не думаю, што Пуцін зменіць свае паводзіны ў бліжэйшы час. І тут я задаюся пытаннем, наколькі эфектыўная сістэма калектыўнай аховы НАТА. Іншае пытанне – гэта пункт погляду на праблему пагрозы. Францыя і краіны паўднёвай Еўропы бачаць пагрозу ў нелегальнай іміграцыі праз Міжземнае мора. Польшча, прыбалтыйскія краіны бачаць пагрозу зусім у іншым месцы. І як тут замерыць гэтыя пагрозы і як пра іх размаўляць на форуме арганізацыі.
У 2020 годзе хакеры ўзламаліся ў сістэму кампаніі SolarWinds, якая займаецца арганізаваннем лічбавай інфармацыі і стварае праграмы, якія дапамагаюць кампаніям упраўляць кіберрэсурсамі. Хакеры непрыкметна ўкінулі ў праграму SolarWinds код, які дазваляў ім браць інфармацыю з камп’ютараў кліентаў кампаніі. На працягу амаль году яны маглі ўзламаць камп'ютары ажно 18 тысяч кліентаў кампаніі, якімі з’яўляюцца буйныя карпарацыі і дзяржаўныя ўстановы ЗША. Імаверна атакай упраўлялі хакеры з Расіі. Гэты выпадак паказаў неабходнасць стварэння агульнай сістэмы рэагавання на падобныя выпадкі ў краінах НАТА.
-Хакерская атака на кампанію Solarwinds была першай у гісторыі. Верагодна мы ніколі не пачуем усёй праўды пра яе. Яна паўплывала на кожную галіну амерыканскай палітычнай, але і бізнесовай рэчаіснасці. Падобныя атакі былі ўжо і ў Еўропе. І ў гэтым кантэксце няма аднаго спосабу прымання дзеянняў. Няма выпрацаваных працэдур у дачыненні да кібератакі на ўдзельнікаў Саюза. У канвенцыі гаворыцца, што «у сітуацыі ўзброенага нападу на тэрыторыю або войскі НАТА, удзельнікі НАТА могуць адрэагаваць». Не можа адна дзяржава прыняць рашэнне аб пачатку дзеянняў – усе дзяржавы мусяць гэта зрабіць. Гэта палітычнае рашэнне. Таму кожны выпадак павінен разглядацца асобна. Тэарэтычна атака на інфарматычныя сістэмы дзяржавы з’яўляецца атакай на тэрыторыю гэтай дзяржавы. У выніку кібератака магла б выклікаць рэакцыю саюзнікаў. Вядуцца размовы ці варта актуалізаваць правілы, увесці дэфініцыю кібератакі, але я думаю, што гэта была б памылка. Калі паставіць мяжу між «сур’ёзнай кібератакай», а «звычайнай кібератакай», агрэсары будуць так арганізаваць свае дзеянні, каб укласціся ў вызначаныя фармулёўкі.
Ці гэта ўсё абазначае, што халодная вайна будзе ўжо пастаянна адбывацца на ўзроўні сакрэтных сервераў? Магчыма. Магчыма, на жаль, таксама тое, што аднаго дня нейкі з бакоў канфлікту вырашыць, што супрацьстаянне на ўзроўні выкрадвання дадзеных бессэнсоўнае і вырашыць атакаваць у больш традыцыйны спосаб. Тым не менш, варта памятаць, што калі ўсе прыватныя асобы, а тым больш вялікія фірмы, карпарацыі і дзяржустановы падлучаныя да глабальнай сеткі – гэта значна павышае ўзровень пагрозы кібератакі.
На прыватным узроўні кожны з нас можа трымаць важную і канфідэнцыйную інфармацыю ў некалькіх бяспечных месцаў, праводзіць некалькі этапаў праверкі на ўваходзе на розныя акаўнты. Пажадана таксама, каб нашы з вамі кіраўнікі і ўстановы таксама памяталі, што адна ўцечка дадзеных з буйнога сервера можа абысціся вельмі дорага не толькі ўладальнікам сервера, але тысячам звычайных людзей.
Альберт Ежы Вяжбіцкі