На сайце выдання Rzeczpospolita гутарка з міністрам замежных спраў Германіі Гайкам Маасам. Гаворка ідзе між іншым пра будаўніцтва газаправоду Паўночны паток-2. Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвастрае рэпрэсіі, ледзь не забіў Аляксея Навальнага, ён падтрымлівае рэжым у Беларусі, праводзіць кібератакі на заходнія краіны. Нягледзячы на гэта, нямецкі канцлер Ангела Мэркель працягвае будаваць трубаправод і нават хоча зладзіць саміт з Расіяй. Што яшчэ павінна зрабіць Расія, каб Германія змяніла сваю палітыку? – пытаецца журналіст.
«Калі гаворка ідзе пра энергетычную бяспеку ў Еўропе, мы выступаем разам з краінамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама з ЗША па адным баку, – адказвае Маас. – Вось чаму з самага пачатку мы імкнуліся выпрацаваць кампраміс, які быў бы задавальняючым для ўсіх бакоў і які б улічваў законныя інтарэсы краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, асабліва Украіны. Гэтай самай мэце служыць і газавая дырэктыва 2019 г. Германія вельмі старалася забяспечыць захаванне транзіту газу праз Украіну і будзе працягваць гэта рабіць. З гэтай мэтай мы вядзём перамовы з Польшчай, але, таксама з ЗША і Украінай.
Абмежаванне нашага супрацоўніцтва ў рамках ЕС і НАТА толькі да «Паўночнага патоку-2» было б, аднак, вельмі несправядлівым, улічваючы цесныя двухбаковыя адносіны паміж Германіяй і Польшчай. Той, хто так робіць, ігнаруе той факт, наколькі адносіны паміж нашымі краінамі сапраўды блізкія і разнастайныя – у розных сферах і на розных узроўнях, якія ўдалося выпрацаваць на працягу гісторыі. Прэзідэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер нядаўна наведаў Варшаву, каб адсвяткаваць 30-ю гадавіну падпісання польска-нямецкага дагавора аб добрасуседстве і сяброўскім супрацоўніцтве з прэзідэнтам Анджэем Дудай. За свой тэрмін паўнамоцтваў я ўжо бываў у Польшчы чатыры разы, і гэты візіт – ужо пяты», – кажа міністр замежных спраў Германіі.
нг