Беларуская Служба

Лукашэнка залівае Еўропу мігрантамі

07.07.2021 08:55
Шарль Мішэль: Хваля мігрантаў – гэта падстава для непакою не толькі для Вільні, але і Бруселя.
        ,               .
У панядзелак Літву наведаў старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль, які разам з прэм'ерам Інгрыдай Шыманіце ў аўторак азнаёміўся з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю. PAP/EPA/STRINGER

Аляксандр Лукашэнка залівае Літву хваляй нелегальных мігрантаў і яшчэ зарабляе на гэтым, канстатуе Вацлаў Радзівіновіч у сваім артыкуле на старонках выдання Gazeta Wyborcza.

Неўзабаве пасля таго, як Беларусь прымусіла прызямліцца ў Мінску самалёт кампаніі Ryanair, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго краіна больш не будзе затрымліваць на мяжы з ЕС нелегальных мігрантаў. «У выніку вашых санкцый у нас ужо няма на гэта грошай», – сказаў беларускі дыктатар і хутка пачаў ажыццяўляць свае заявы.

Толькі на працягу першых чатырох дзён чэрвеня літоўцы затрымалі на мяжы з Беларуссю больш за тысячу бежанцаў з Азіі і Блізкага Усходу. Гэта ў 13 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

Літву, якая актыўна падтрымлівае беларускую апазіцыю, мінскі сатрапа карае сістэматычна. 28 чэрвеня ён абвясціў, што яго краіна адмаўляецца ад пагаднення з Еўрасаюзам аб рэадмісіі мігрантаў, то бок не будзе прымаць назад тых, хто нелегальна перасякаючы беларускую мяжу, дабраўся на тэрыторыю іншых краін.
Ён таксама запусціў «паветраны мост», які звязвае Мінск з месцамі, жыхары якіх, пакутуючы ад галечы, войнаў і іншых няшчасцяў, хочуць уцячы ў пошуках лепшага жыцця.

Цяпер у беларускай сталіцы кожны тыдзень прызямляюцца два самалёты «Іракскіх авіяліній» (раней быў адзін рэйс на тыдзень). Два разы на тыдзень рэйсы ў Мінск ажыццяўляюць лініі Fly Baghdad. Шматлікія самалёты з Турцыі і Егіпта таксама прызямляюцца ў беларускай сталіцы з камплектамі пасажыраў.

Паводле літоўскіх палітыкаў, а таксама СМІ ў Вільні і Маскве, урад Беларусі атрымлівае прыбытак ад гэткай практыкі. Верагодна, плата за паслугу складае 5 000 долараў за асобу.

Міністр унутраных спраў Літвы Агнэ Білатайце адзначае, што групы мігрантаў, якія прыязджаюць з Мінска на мяжу на аўтобусах «добра арганізаваныя». У сваю чаргу літоўскі еўрадэпутат Петрас Аўштрэвічус абвінавачвае мінскі рэжым у гандлі людзьмі. Кіраўнік літоўскага МЗС Габрыэліус Ландсбергіс сцвярджае, што заліўшы суседа хваляй мігрантаў, Лукашэнка вядзе «гібрыдную вайну» з Літвой і ўсім Еўрапейскім Саюзам.

У панядзелак Літву наведаў старшыня Еўрапейскага савета Шарль Мішэль, які разам з прэм'ерам Інгрыдай Шыманіце ў аўторак азнаёміўся з сітуацыяй на мяжы з Беларуссю. Паводле яго, хваля мігрантаў – гэта падстава для непакою не толькі для Вільні, але і Бруселя, паведамляе Gazeta Wyborcza.

аз