Беларуская Служба

Польскі бізнесмен хоча пабудаваць атамную электрастанцыю ў Калінінградзе

08.07.2021 12:53
Адзін з багацейшых палякаў, уладар тэлебачання Polsat Зыгмунт Солаж-Жак хоча інвеставаць у пабудову атамнай электрастанцыі ў Калінінградзе, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.
PAP
PAPPAP

Упершыню такую інфармацыю апублікаваў Robert Tomaszewski з аналітычнага цэнтра Polityka Insight. Ён дадаў таксама, што пабудовай станцыі будзе займацца венгерская энергетычная кампанія MVM, якая ўжо загадвае АЭС у горадзе Пакш. Навейшы блок гэтай станцыі быў пабудаваны з расійскага крэдыту, паводле дамовы прэзідэнта Расіі Пуціна і прэм’ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана.

Паводле аналітыка, Солаж-Жак плануе інвестыцыю ў часткова пабудаваную ўжо электрастанцыю, каб потым частку энергіі транспартаваць у Польшчу, якая не мае сваёй АЭС. Прысутнасць польскага інвестара ў менеджменце кампаніі дазволіла б кантраляваць цану такой энергіі, якая ў сувязі з усё большымі штрафамі за выкіды вуглякіслага газу, становіцца ключовай альтэрнатывай у развіцці эканомікі дзяржавы.

Солаж-Жак разважае таксама пабудову АЭС у Польшчы. Тут праблемай з’яўляецца аднак факт, што, паводле закону, інвестыцыі ў атамную тэхналогію могуць праводзіцца толькі дзяржавай. Закон аднак можа змяніцца. Некалькі дзён таму польская дзяржаўная нафтавая кампанія Orlen заключыла ўступнае паразуменне з іншым бізнесменам. Міхал Салаўёў, якому падпарадкоўваецца хімічны канцэрн Synthos, хоча пабудаваць сетку маленькіх атамных блокаў у краіне.

Магчымая інвестыцыя польскай кампаніі ў АЭС у Расіі непакоіць балтыйскія краіны, якія хочуць пазбавіцца ад расійскіх паставак энергіі. Паводле заключанай у 2019 годзе дамовы з Еўракамісіяй, Літва, Латвія і Эстонія павінны быць спалучаныя энергетычнай сеткай з астатняй часткай Еўрасаюзу, праз Польшчу. Магчымы імпарт атамнай энергіі з Калінінграда не дазволіў бы поўнасцю пазбавіцца ад расійскіх уплываў у энергетыцы. Да моманту, калі інвестыцыя Солаж-Жака ў расійскую АЭС з’яўляецца толькі плёткай, міністэрства энергетыкі Літвы не хоча каментаваць справы, чытаем у выданні Gazeta Wyborcza.

аев