Выкарыстанне Беларуссю мігрантаў для гібрыднага нападу на Літву – з'ява не новая. Аднак упершыню гэта адбываецца непадалёк межаў Польшчы. Таму каіна павінна быць гатовая да падобнага сцэнарыя і ў значна большым маштабе, канстатуе эксперт па Блізкім Усходзе Вітальд Рэпэтовіч на старонцы defence24.pl.
Варта дадаць, што мігранты – як дэмаграфічная зброя – гэта толькі інструмент атакі, адной з мэтаў якой з’яўляецца інфармацыйная вайна. Дарэчы ў гэтым кантэксце Лукашэнка даволі нязграбна распачаў напад на Літву, фактычна абвясціўшы пра гэта раней. Хоць беларускі дыктатар спрабаваў узяць на сябе ролю таго, хто нібыта спыніў нелегальную міграцыю ў Еўропу і з-за яе «няўдзячнасці» зараз вырашыў адмовіцца ад яе, то ўся аперацыя была праведзена настолькі няўмела, што ніхто не паверыў у такі наратыў.
Варта нагадаць, што Муамар Кадафі і Рэджэп Таіп Эрдаган аналагічна прадстаўлялі сваю ролю, але фактычна асноўны міграцыйны шлях у Еўропу з Афрыкі на поўдзень ад Сахары праходзіць праз Лівію і ён мае натуральны характар. Тым часам Беларусь ніколі не была вядомая ў свеце, як краіна, якая «прымае бежанцаў». Акрамя таго, адлегласць, якая аддзяляе гэтую краіну ад Блізкага Усходу ці Афрыкі выключае магчымасць, што мігранты, напрыклад, з Ірака, апынуліся там натуральна.
Лукашэнка пачаў свае дзеянні супраць Літвы з прыцягнення іракцаў, што, верагодна, было накіравана на выкліканне страху перад пранікненнем у Еўропу тэрарыстаў з «Ісламскай дзяржавы». Праблема ў тым, што Ірак, хоць асацыюецца з «Ісламскай дзяржавай» і тэрарыстычнай пагрозай, то мае абмежаваны міграцыйны патэнцыял.
Атака дэмаграфічнай зброяй на Літву і дэзынфармацыйныя дзеянні накіраваныя на дэстабілізацыю ўнутранай сітуацыі ў краіне, палярызацыю грамадскай думкі, разбурэнне міжнароднага іміджу краіны, а таксама прымушэнне Еўрасаюза да фінансавых і палітычных саступак, у ацэнцы эксперта, перавышаюць магчымасці Лукашэнкі.
Відаць, кіраўнік Беларусі не дапрацаваў свайго плану, але нельга выключыць, што ён не зробіць гэтага ў будучыні. Апошнія дадзеныя паказваюць, што Лукашэнка зразумеў, што міграцыйны патэнцыял Ірака невялікі, таму зараз ён прыцягвае мігрантаў з розных краін Блізкага Усходу і Афрыкі праз Турцыю, а ў гэтым выпадку патэнцыял значна большы, перасцерагае эксперт.
Ён таксама нагадвае пра небяспеку выкарыстання ў якасці дэмаграфічнай зброі мігрантаў з постсавецкіх рэспублік Цэнтральнай Азіі, што мела б значна большы патэнцыял і геаграфічную логіку. Аднак магчыма, што Лукашэнка баіцца, што ў выніку рашучых дзеянняў літоўскіх і польскіх памежных службаў, большая група мігрантаў можа затрымацца ў Беларусі, канстатуе эксперт па Блізкім Усходзе Вітальд Рэпэтовіч на старонцы defence24.pl.
аз