Беларуская Служба

Крысціну Ціманоўскую чакаюць у Варшаве

03.08.2021 14:27
Беларуская дыяспара рыхтуецца яе сустрэць і падтрымаць.
Аўдыё
  • Беларускую спартсменку Крысціну Ціманоўскую чакаюць у Польшчы
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/VALDRIN XHEMAJ Dostawca: PAP/EPA

Пры гэтым яе далейшая спартовая кар'ера пад пытаннем. Па правілах Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі выступленне за другую зборную магчыма праз тры гады.

Не сціхае скандал выкліканы дзеяннямі беларускіх спартовых наменклатуршчыкаў, якія спрабавалі дэпартаваць у Беларусь бягунню Крысціну Ціманоўскую пасля яе крытычнага выказвання наконт падрыхтоўкі беларускай каманды да Алімпіяды. Спартсменка раскрытыкавала беларускіх спартыўных чыноўнікаў за тое, што яны заявілі яе на ўдзел у эстафеце 4 па 400 метраў без яе згоды і нават не паведаміўшы спартсменку.

Сёння Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) заявіў, што правядзе расследаванне, звязанае са скандалам вакол беларускай спартсменкі. Пра гэта распавёў прадстаўнік МАК Марк Адамс.

- МАК патрабуе тлумачэнняў ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі. Мы вырашылі пачаць афіцыйнае расследаванне. Нам трэба высветліць усе факты. Нам трэба выслухаць усіх, хто з гэтым звязаны, дакапацца да сутнасці. Гэта зойме крыху часу.

У сваю чаргу міжнародная грамадскасць дамагаецца больш рашучых дзеянняў у дачыненні да беларускіх спартовых уладаў. Міжнародная супольнасць спартсменаў Global Athlete заклікала МАК прыпыніць працу НАК Беларусі з-за сітуацыі з лёгкаатлетка Ціманоўскай і дазволіць усім беларускім спартсменам выступаць у якасці нейтральных удзельнікаў пад Алімпійскім сцягам.

Наконт самой Крысціны вядома, што яна атрымала польскую візу і заўтра павінна прыляцець у Варшавы. Беларуская дыяспара ў Польшчы рыхтуецца яе сустракаць, каб выказаць салідарнасць і падтрымку. Гаворыць старшыня Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк.

- Вельмі важна сустрэць і падтрымаць Крысціну Ціманоўскую. Яна апынулася ў вельмі складанай сітуацыі.

Пры гэтым пакуль нічога не вядома пра далейшыя спартовыя планы бягунні. Пра сваю падтрымку для Крысціны Ціманоўскай заявіла Асацыяцыя атлетаў Германіі. Пра дапамогу кажуць таксама прадстаўнікі Польскай федэрацыі лёгкай атлетыкі, зазначаючы, пры гэтым, што ў буйных міжнародных спаборніцтвах Крысціна не зможа хутка ўзяць удзел. Паводле міжнародных правіл, выступленне за іншую зборную магчыма праз тры гады з моманту апошняга старту за папярэднюю каманду. Гаворыць віцэ-старшыня Польскай федэрацыі лёгкай атлетыкі Томаш Маеўскі.

- Усё не так проста, нельга проста сказаць і памяняць зборную. Дзейнічаюць жорсткія правілы – трохгадовага перапынку - карэнцыі. Апроч таго трэба змяніць грамадзянства – гэта таксама не простая і хуткая справа. Міжнародная федэрацыя можа скараціць гэты перыяд, але беларуская федэрацыі можа гэтаму запярэчыць. У дадзенай сітуацыі гэта найбольш верагодна. Яна зможа ўдзельнічаць у меншых спаборніцтва, зможа выступаць, трэніравацца, але тры гады ў лёгкай атлетыцы, асабліва спрынце – гэта шмат. Скарачэнне карэнцыі магчыма, але хіба толькі як выключэнне. Я пра такое раней не чуў ды гэта не ад мяне залежыць.

Канчаткова лёс спартсменкі вырашыць напэўна міжнародная федэрацыі ды МАК. Аднак яе сітуацыя паўплывала на тое, што наступныя беларускія спартсмены кажуць пра невяртанне ў Беларусі. Фонд спартыўнай салідарнасці паведаміў, што такое рашэнне прыняла атлетка Яна Максімава.

Юры Ліхтаровіч