Польскі жаўнер Эміль Чэчка (Emil Czeczko) 16 снежня ўцёк з паста на мяжы з Беларуссю. Ён папрасіў палітычны прытулак у Беларусі, таемна перайшоўшы мяжу.
Пасля сваіх уцёкаў 25-гадовы Эміль Чэчка даў інтэрв'ю беларускаму тэлебачанню, у якім абвінаваціў польскае войска ў тым, што вайскоўцы застрэлілі шмат мігрантаў на мяжы, а таксама ён заявіў, што бачыў як мінімум два выпадкі, калі вайскоўцы застрэлілі валанцёраў-палякаў. Беларуская прапаганда падхапіла гэтыя выказванні, як сведчанні таго, што па польскі бок мяжы робяцца жахлівыя рэчы. Аднак ці можна давяраць гэтым словам? І ці заставаліся б масавыя забойствы таямніцаю?
Беластоцкая пракуратура распачала следства ў дачыненні да салдата Эміля Чэчкі, які падазраецца ў дэзерцірстве. Намеснік вайсковага пракурора Беластоцкага-Паўночнага раёна Радаслаў Вішэнка (Radosław Wiszenko) распавёў, што плануецца ўнесці заяву аб арышце Чэчкі на 30 сутак. Калі ваенны суд задаволіць просьбу, у адносінах салдата будзе выдадзены ордар на арышт. Пракурор паведаміў, што падазраваны раней прыцягваўся да адказнасці за парушэнне заканадаўства:
- Ён быў судзімы за здзекі над блізкім чалавекам, а таксама быў затрыманы за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага або наркатычнага апʼянення. Цяжка мне ацаніць дадзеную справу. Гэта вельмі ганебны ўчынак для салдата Войска Польскага.
Калі Эміль Чэчка вернецца ў Польшчу, яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі за дэзерцірства.
Што тычыцца выказванняў збеглага салдата, то яны выклікаюць шмат пытанняў. Так, сітуацыя на мяжы складаная. Польскі бок працягвае прытрымлівацца тактыкі лавіць у лясах мігрантаў і вяртаць іх да мяжы з Беларуссю. У гуманітарным плане ёсць шмат сведчанняў з боку дактароў, валанцёраў, якія там працуюць, што пазіцыя памежнікаў жорсткая, а людзі сталі закладнікамі палітычнага шантажу з боку Лукашэнкі.
Аднак ці магчыма было б схаваць забойства валанцёраў-палякаў, якія працуюць групамі, трымаюць адзін з адным кантакт? Пытанне. Вось што пра гэтую сітуацыю гаворыць Аляксандр Папко, аналітык даследчыцкага EAST Center, журналіст:
– Пачнем пра тое, што забіць валанцёра, каб пра гэта ніхто не ведаў, немагчыма. Калі б прапаў хоць адзін чалавек, пра гэта хутка стала б вядома. Тыдзень таму разнеслася навіна, што ў гэтым лесе знікла чатырохгадовае дзіця мігрантаў, людзі спрабавалі наладзіць пошукі. Таму словы пра тое, што там дзесяткі і сотні застрэленых, як гэта рабілі нацысцкія зондэр-каманды, не выклікаюць даверу. Якія прычыны гэтых слоў: чалавек можа быць і запалоханы, можа мець злыя намеры, можа сапраўды быць інфарматарам ад самага пачатку. Тлумачыць матывацыю гэтага салдата цяжка. Польская армія не настолькі закрытая структура, каб можна было расстраляць столькі людзей і пра гэта ніхто не расказаў. Мы даведваемся нават пра тое, што здараецца ў закрытым беларускім войску.
На думку Аляксандра Папко, выкарыстоўваць кейс з Эмілем Чэчкам беларускія ўлады будуць да таго часу, пакуль на гэта будзе зваротная рэакцыя.
Сёння ж міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International апублікавала даклад пра сітуацыю з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. Праваабаронцы паведамляюць пра шматлікія выпадкі фізічнага гвалту, не аказанне дапамогі, выштурхоўванне назад у Беларусь і гд.
Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Джэніфэр Фостэр заявіла, што «Беларусь павінна неадкладна спыніць гэты гвалт, а краіны-члены Еўразвязу мусяць перастаць адмаўляць людзям у магчымасці пазбегнуць гэтых абуральных парушэнняў, ня кажучы ўжо пра вяртанне іх у Беларусь, дзе людзі сутыкаліся б з гэтым зноў і зноў».
вх