Беларуская Служба

Перамовы па справе эмбарга на расійскую нафту апынуўся ў тупіку

17.05.2022 12:45
Дагэтуль няма згоды ў Еўрасаюзе на эмбарга на імпарт нафты з Расіі.
Аўдыё
  • Перамовы па справе эмбарга на расійскую нафту апынуўся ў тупіку
Сцяг Еўрапейскага СаюзаPhoto: moritz320/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ужо некалькі дзён Еўрасаюз беспаспяхова спрабуе ўзгадніць шосты пакет санкцый супраць Расіі за ўварванне ва Украіну, які ўключае эмбарга ЕС на расійскую нафту. Спадзяваных вынікаў не дала таксама ўчарашняя сустрэча міністраў замежных спраў членскіх краін у Бруселі.

Прыняцце санкцый патрабуе аднагалоснасці краін-членаў Еўрасаюза, аднак пакуль толькі каля 20 краін гатовыя пагадзіцца на ўвядзенне поўнага эмбарга на расійскую нафту.

Паводле каментатараў, у ЕС склаліся два лагеры дзяржаў, якія скептычна ставяцца да некаторых элементаў прапановы Еўракамісіі. У першым найбольш актыўную ролю адыгрывае Венгрыя, якая выступае супраць планаў увядзення эмбарга, бо яе эканоміка залежыць ад расійскіх  энергарэсырсаў. Таксама ў гэтую групу ўваходзяць Чэхія і Славакія.

ЕС прапануе гэтым краінам часовую адтэрміноўку дзеяння эмбарга, якое ў іх выпадку ўступіць у сілу ў 2024 годзе. Аднак такой саступкі з боку ЕС пакуль недастаткова для дасягнення кампрамісу.

Венгры патрабуюць пераходнага перыяду, то бок некалькіх гадоў вызвалення ад эмбарга ЕС і сродкаў з еўразвязаўскай касы на мадэрнізацыю нафтаправодаў. Гэта неабходнае, каб Венгрыя магла адмовіцца ад нафтаправода, які транспартуе расійскую нафту і перайсці на трубаправод з Харватыі. Кошт такой мадэрнізацыі, паводле венграў, складае да 750 мільёнаў еўра.

Краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы таксама ўказваюць на неабходнасць мадэрнізацыі паліўнай інфраструктуры, адаптаванай да расійскай нафты. Гэта азначае выдаткі.

Другой «скептычна настроенай» групай у ЕС, з'яўляюцца Грэцыя, Кіпр і Мальта, якія, у сваю чаргу, выступаюць супраць увядзення санкцый супраць танкераў ЕС, якія перавозяць расійскую нафту.
Польшча лічыць, што эмбарга на расійскую нафту і газ рашуча абмяжуе магчымасць фінансавання расійскай вайны ва Украіне. Яна таксама крытыкуе патрабаванні Венгрыі. Такім чынам іх пракаментараваў амбасадар Польшчы Анджэй Садась (Andrzej Sadoś):

- Мы павінны абмежаваць імкненні дабівацца неабгрунтаваных ільготаў пры нагодзе перамоваў на тэму санкцыяў, якія могуць абмежаваць гэтую вайну.

Паводле многіх еўразвязаўскіх дыпламатаў, у прыватнасці патрабаванні венграў маюць не тэхнічны, але палітычны характар, а Венгрыя, на самой справе, з’яўляецца хаўруснікам Расіі.

«Мы будзем працягваць уводзіць санкцыі супраць Расіі, каб зрабіць кошт уварвання непадʼёмным для Крамля. На жаль, сёння дамоўленасць па шостым пакеце санкцый не была дасягнутая», – сказаў кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль:

- Нам вельмі патрэбнае гэтае пагадненне, паколькі мы павінны ліквідаваць залежнасць ад паставак нафты з Расіі.

Пасля заканчэння ўчарашняй сустрэчы намеснік міністра замежных спраў Польшчы падкрэсліў, што ЕС павінен як мага хутчэй увесці эмбарга на імпарт расійскай нафты. Марцін Пшыдач(Marcin Przydacz) не выключыў, што кампраміс удасца дасягнуць толькі на саміце лідараў ЕС у канцы траўня. Гэта, паводле палітыка, канчатковы тэрмін:

- Нам трэба як мага хутчэй спыніць падачу Уладзіміру Пуціну кіслароду ў выглядзе забароны на імпарт нафты. Гэта трэба зрабіць максімальна хутка, каб расійская эканоміка не магла даўжэй фінансаваць ваенную машыну.

Ён падкрэсліў, што Польшча доўга рыхтавалася да таго, каб адмовіцца ад расійскіх энергарэсурсаў – дыверсіфікавала свае крыніцы паставак, як нафты, так і газу:

- Як шляхам тэрмінала ЗПГ, ці інтэрканектараў, як толькі што адкрыты інтэрканектар з Літвой, а таксама шляхам праекта Baltic Pipe, калі гаворка ідзе пра газ. Калі гаворка ідзе пра нафту, то цягам апошніх гадоў мы таксама паступова змяншалі ейны імпарт з Расіі. Таму польская эканоміка лепш падрыхтаваная, чым эканомікі іншых краінаў.

«Застаецца шкадаваць, што іншыя краіны не правялі такой падрыхтоўкі», – сказаў віцэ-кіраўнік польскага МЗС:

- Яшчэ паўгода таму частка нашых партнёраў была перакананая, што газаправод Nord Stream 2 – гэта выдатны праект, які будзе стабілізаваць іх энергетычную бяспеку. Зараз сітуацыя зусім іншая. Таму трэба паскорыць дзеянні з мэтай адаптавацца да новай геапалітычнай рэчаіснасці.

Расчаравання адсутнасцю пагаднення па шостым пакеце санкцый супраць Расіі не ўтойвае міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба, які зноў заклікаў ЕС да ўвядзення хуткіх і жорсткіх абмежаванняў. Паводле яго, неабходна не толькі спыніць імпарт нафты і газу, але таксама «задушыць расійскі экспарт».

- Пакуль Расія экспартуе нафту, газ, але таксама жалеза ці іншую сыравіну, у яе будуць грошы, каб працягваць вайну. Каб спыніць ваенную машыну, Пуціна трэба пазбавіць грошай. Ён клапоціцца толькі пра ўладу і грошы. Калі мы забярэм у яго грошы, у яго будзе ўлада, але і пустыя кішэні. Гэта адзіны спосаб спыніць вайну. Але час бяжыць. Кожны дзень Расія зарабляе грошы і ўкладвае іх у вайну.

Дзмітрый Кулеба нагадаў, што краіны Еўрасаюза штодня плацяць Расіі мільёны еўра за сыравіну.

IAR/аз

Украіна атрымае больш амерыканскай зброі

15.05.2022 18:25
Гэта вынік сустрэчы кіраўніка ўкраінскага МЗС з дзяржсакратаром ЗША ў Берліне.