Беларуская Служба

Святлана Ціханоўская: Расіяне былі гатовыя ўвайсці ў Беларусь у 2020 годзе

08.08.2022 12:25
Паўстанне беларусаў ніяк не планавалася, сэрцы людзей падказвалі, што тады трэба было выйсці на вуліцы. Усё гэта было спантанна, – кажа выданню «Rzeczpospolita» лідар вольнай Беларусі Святлана Ціханоўская.
Святлана ЦіханоўскаяКадр з відэазвароту

«Rzeczpospolita»: 9 жніўня спаўняецца два гады з дня прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Шматтысячныя пратэсты, за якімі тады назіраў увесь свет, не скончыліся крахам дыктатуры, якая доўжылася больш за чвэрць стагоддзя. Што пайшло не так?

Святлана Ціханоўская: Мы недаацанілі гатоўнасць рэжыму да такіх маштабных рэпрэсій. Мы не чакалі такога жорсткага адказу. У той час панавала эйфарыя, у нас вырасталі крылы, калі мы глядзелі на шматсоттысячны натоўп, на акцыі пратэсту ў многіх гарадах Беларусі. Здавалася, перамога блізкая. Аднак мы не ацанілі каласальнай падтрымкі тагачаснага рэжыму з боку Расіі. Верагодна, у яе ўжо былі планы выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі ў вайне супраць Украіны. Увесну гэтага года стала вядома, што расійская армія была гатовая ўвайсці ў Беларусь у жніўні 2020 года, каб абараняць Лукашэнку. Паўстанне беларусаў ніяк не планавалася, сэрцы людзей падказвалі, што тады трэба было выйсці на вуліцы. Гэта ўсё было спантанна. Нас некаторыя абвінавачваюць у тым, што мы тады не ціснулі на рэжым, не аказвалі сілавога супраціву. Але трэба разумець, што беларусы не былі гатовыя да сілавога сутыкнення, пратэсты былі мірнымі, і мы рабілі ўсё, што маглі. Людзі, якія выходзілі на вуліцы сваіх гарадоў, не былі ні рэвалюцыянерамі, ні актывістамі якіх-небудзь арганізацый. Мы нават не разглядалі сцэнар гвалтоўнага звяржэння дыктатуры. Ахвотнікаў, якія хацелі б гэта арганізаваць, не знайшлося.

«Rzeczpospolita»: Аляксандр Лукашэнка сілай здушыў беларускую мару пра свабоду?

Святлана Ціханоўская: Можна так сказаць. Гвалтам, жорсткасцю і насіллем. Бо ніхто не думаў, што ў першыя тры дні пасля выбараў будуць масавыя катаванні за сценамі арыштаў. Верагодна, тады рэжым вырашыў праявіць усю сваю моц і ўдарыць з поўнай сілай, каб здушыць у людзях жаданне пераменаў.

Вялікае інтэрвію са Святланай Ціханоўскай будзе апублікаванае ў аўторак, 9 жніўня, у дадатку да «Rzeczpospolita» «Plus Minus».

ав

8-9 жніўня ў Вільні пройдзе Канферэнцыя Новая Беларусь

08.08.2022 08:30
 У панядзелак і аўторак усе абмеркаванні будуць даступныя ў онлайн-трансляцыі, - заявіла Святлана Ціханоўская.