Беларуская Служба

Страты Польшчы ў часы Другой сусветнай вайны ацанілі на больш чым 6 трыльёнаў злотых

01.09.2022 17:27
Польшча будзе патрабаваць выплаты ваенных рэпарацыяў ад уладаў Германіі.
Аўдыё
  • Справаздача пра страты Польшчы ў вайне
 .  .
Прэзентацыя дакладу. Аркадыюш Мулярчык.фота: PAP/Radek Pietruszka

У чацвер, 1 верасня, у 83-юю гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны, у Польшчы адбылася прэзентацыя дакладу на тэму стратаў, якія дзяржава і яе жыхары панеслі ў выніку нападу нямецкіх і савецкіх войскаў у верасні 1939 года.

У Каралеўскім замку ў Варшаве дэпутат кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» прадставіў трохтомны даклад, прысвечаны вялізным польскім стратам у выніку вайны. Іх ацанілі ў 6 трыльёнаў 220 мільярдаў 609 мільёнаў злотых ($1,3 трыльёна).

Аўтар дакладу – Аркадыюш Мулярчык. Кіраўнік парламенцкай групы па ацэнцы сумы кампенсацыі Польшчы ад Германіі за шкоду, нанесеную падчас Другой сусветнай вайны, улічваў як разбурэнне польскіх гарадоў, інфраструктуры і прамысловасці, так і страчаны эканамічны патэнцыял, звязаны з забойствам мільёнаў польскіх грамадзян.

Дэпутат Мулярчык адзначыў, што падчас вайны Польшча панесла найбольшыя страты з усіх дзяржаў, якія ўдзельнічалі ва ўзброеным канфлікце. Гэта звязана не толькі з матэрыяльнай інфраструктурай, разбуранай нямецкімі войскамі, але таксама з тэрытарыяльнымі стратамі, грабяжамі і нявольніцкай працай польскіх грамадзян на немцаў. Таксама значна змяніліся межы дзяржавы – агульная плошча Польшчы зменшылася на столькі, колькі тэрыторыі цяпер займаюць такія краіны, як Чэхія, Аўстрыя, ці Нідэрланды, Бельгія і Люксембург разам узятыя. У выніку вайны і гэтай перастаноўкі межаў Польшча страціла каля 11 мільёнаў грамадзян.

Немцы стварылі ў Польшчы цэлую сістэму лагераў, нават для польскіх дзяцей, – дадаў Аркадыюш Мулярчык.

- У Лодзі або Патуліцах. Там на іх ставілі псеўдаэксперыменты. Як да габрэяў, так і да палякаў немцы ставіліся як да людзей горшай расы, якіх неабходна пазбавіць эліты і культуры. Гэтае насельніцтва можна грабіць, эксплуатаваць і ставіцца да яго як да горшых людзей. Польскіх габрэяў спачатку змясцілі ў гета, пазбавілі іх харчавання, якое неабходна для выжывання, а таксама доступу да вонкавага свету. Іх максімальна эксплуатавалі, а пазней прынялі рашэнне аб іх знішчэнні і адправілі ў лагер смерці.

Дэпутат «Права і справядлівасці» падкрэсліў, што пасля поўнага знішчэння габрэяў немцы планавалі практычна цалкам выбіць палякаў, таму ў дачыненні да іх яны праводзілі асаблівую палітыку. Іх прымушалі цяжка працаваць, рабіць аборты, а шлюбы былі абмежаваныя. Больш за 2 мільёны 100 тысяч польскіх грамадзян былі вывезеныя на рабскую працу. Практычна бясплатнай працай палякаў карысталіся больш за 200 тысяч гаспадарак і прадпрыемстваў, між іншым, такія кампаніі як Bayer, IG Farben, Siemens, Allianz, Audi, BMW, Deutsche Bank, Dresdner Bank, Hugo Boss, Mercedes Benz, Opel, Porsche і Volskwagen.

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў, што ў выніку Другой сусветнай вайны Польшча не толькі панесла матэрыяльныя і дэмаграфічныя страты, але і была пазбаўленая магчымасці развіцця. Спасылаючыся на аналіз брытанскага эканаміста Ангуса Медысона, прэм’ер сказаў, што ў 1951 годзе ў разбуранай вайной Польшчы сярэдні даход на аднаго жыхара складаў 113% даходу грамадзяніна Іспаніі. А праз 40 гадоў – ужо толькі 38 адсоткаў. Польшча была аддадзена практычна ў рукі саветаў, якія ўмеюць давесці да руіны амаль усё, за што бяруцца. Калі б у выніку нападзення Германіі і Савецкага Саюза не былі забітыя тысячы людзей, яны маглі б сябе праявіць, што спрыяла б развіццю дзяржавы.

- Жахлівая страта магчымасці развівацца, якую мы адчуваем дагэтуль. Гэта, у тым ліку, прадстаўнікі эліты, якіх мы страцілі, інжынеры, якія не змаглі зрабіць выдатныя адкрыцці, вучоныя, якім не ўдалося раскрыць сваіх талентаў, паколькі яны былі забітыя. І гэта таксама ўся польская эканоміка, уся польская дзяржава, якая не магла нармальна развівацца.

Міністэрства замежных спраў Германіі паведаміла, што справа аб ваенных рэпарацыях Польшчы закрытая. У электронным лісце, якое цытуе агенцтва Reuters, прэс-сакратар МЗС ФРГ падкрэсліў, што пазіцыя Берліна ў гэтым пытанні застаецца нязменнай. «Польшча адмовілася ад рэпарацый даўно, у 1953 годзе і пацвердзіла гэта некалькі разоў пазней. Гэта фундаментальная аснова сённяшняга еўрапейскага парадку. Германія нясе палітычную і маральную адказнасць за Другую сусветную вайну», – адзначылі ў нямецкай дыпламатыі.

Бальшыня палякаў мяркуе, што Германія павінна выплаціць Польшчы рэпарацыі. Апытанне, праведзенае кампаніяй IBRiS паказвае, што 51,1% апытаных лічаць, што Польшча павінна патрабаваць ад немцаў грашовую кампенсацыю за ваенныя страты. Не бачаць такой неабходнасці 41,5% апытаных, а 7,5% адказалі, што яны не ведаюць, ці трэба патрабаваць, каб немцы выплацілі кампенсацыю.

нг