Беларуская Служба

Зміцер Салаўёў пра суд над праваабаронцамі: Увесь свет павінен крычаць, што гэта вяртанне 1937 году

05.01.2023 12:53
5 студзеня ў мінскім судзе пачаўся працэс па «справе Вясны», судзяць чатырох праваабаронцаў, у тым ліку лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага.
Аўдыё
"Суд"фота: ПЦ "Вясна"

У судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся суд па справе палітзняволеных правабаронцаў з цэнтру «Вясна». Паводле ч. 4 арт. 228 («кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак») судзяць чатырох праваабаронцаў: старшыню Праваабарончага цэнтра «Вясна» і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча, а таксама завочна Змітра Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь.

Справу разглядае суддзя Марына Запаснік. Суд праходзіць у адкрытым рэжыме. Усіх прысутных запісалі ў асобны спіс. На суд прыйшлі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і прапагандысты. Алесь Бяляцкі, Уладзь Лабковіч і Валянцін Стэфановіч размаўляць з суддзёй Марынай Запаснік на беларускай мове.

Мы паразмаўлялі з адзіным абвінавачаным з чатырох, якому ўдалося пакінуць межы Беларусі і пазбегнуць турмы – праваабаронцам Змітром Салаўёвым. Ён кажа, што ў Беларусь вярнуліся сталінскія часы, калі адбываліся сфабрыкаваныя працэсы над «ворагамі народа».

- Я паўтару тое, што казаў раней – ніякай кантрабандай праваабаронцы не займаюцца, ПЦ «Вясна» дапамагае людзям абараняць свае правы. Варта ўзгадаць, што існуе рэзалюцыя ААН ад 9.01.1998 году (Дэкларацыя аб праваабаронцах), у якой утрымліваецца абавязак дзяржавы дапамагаць праваабаронцам. А ў дадзеным выпадку мы бачым, што тое, што яны называюць дзяржавай (пасля ’96 году ўжо былі праблемы з легітымнасцю ўраду, а цяпер гэта стала відавочна ўсяму свету), замест таго, каб падтрымліваць праваабаронцаў, саджаюць іх у кайданках у клетку і робяць прапагандысцкае гебельсаўскае шоў. Судзяць лаўрэата Нобелеўскай прэміі за нібыта кантрабанду. Гэта трызненне нейкае. Маім калегам зараз вельмі цяжка, ім патрэбная міжнародная падтрымка, каб увесь свет пачаў крычаць, што адбываецца, што гэта вяртанне 1937 году. Нагналі прапагандыстаў, не ўпусцілі дыпламатаў – гэта бандытызм.

Улады Савецкага саюзу не адважыліся пасадзіць у турму нобелеўскага лаўрэата Андрэя Сахарава. У Беларусі лаўрэат прэміі міру прабывае ў следчым ізалятары ўжо амаль паўтара году. На думку нашага суразмоўцы, для банды Лукашэнкі не цікавае меркаванне цывілізаванага свету. Акрамя таго, рэжыму ўжо няма чаго губляць, паколькі ён увязаўся ў вайну супраць Украіны па баку злачыннай дзяржавы – Расіі.

Па справе ўсяго 283 тамы матэрыялаў справы па 300 старонак – гэта рэкорд па палітычнай справе. Па ёй праходзяць каля 100 сведак, было праведзена 120 ператрусаў па ўсёй краіне.

На суд па «справе Вясны» прыйшла таксама прапагандыстка Алена Красоўская, якая раней называла сябе праваабаронцай, а цяпер піша артыкулы для «Беларусь Сегодня». Валянцін Стэфановіч заявіў хадайніцтва, каб Красоўскую выдалілі з працэсу, бо яна давала паказанні па справе як сведка пад іншым прозвішчам – «Карповіч».

Але суддзя не задаволіла гэтае хадайніцтва, бо нібыта гэта здагадкі праваабаронцы. Але было пацверджена, што сапраўды прозвішча і імя некаторых сведак мянялі «з-за іх бяспекі».

Усяго на суд прыйшло каля 30 чалавек – частку з іх не прапусцілі. Спачатку запусцілі прапагандыстаў, сваякоў, потым астатніх. Супрацоўнікі суда спаслаліся на ковідную рассадку, аднак усе прысутныя без масак. Каля 10-12 чалавек не пусцілі, сярод іх прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса.

Абаронца Алеся Бяляцкага заявіла хадайніцтва аб змяненні яго меры стрымання на незвязаную з пазбаўленнем волі. Марына Запаснік не задаволіла хайніцтва. Пракурор Аляксандр Кароль у сваю чаргу заявіў што «матэрыялы справы сведчаць пра тое, што Бяляцкі можа схавацца ад правасуддзя», і ён «не бачыць падстаў для змены яму меры стрымання». Такое ж хадайніцтва заявіла абаронца Валянціна Стэфановіча. Суддзя Марына Запаснік таксама адмовіла ў задавальненні гэтага хадайніцтва.

Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 году – ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.

ПЦ «Вясна»/нг