Нягледзячы на страты чалавечыя і тэхнічныя, ні Расія, ні Украіна ўжо некалькі месяцаў не могуць істотна змяніць курс лініі фронту. Ствараецца ўражанне доўгатэрміновага канфлікту знясілення, абмежаванага перш за ўсё Данбасам, піша Rzeczpospolita.
Аднак больш за сотня сакрэтных і звышсакрэтных дакументаў амерыканскай выведкі, якія з'явіліся ў інтэрнэце за апошнія дні, малююць зусім іншую карціну: гэта вайна, якая ў любы момант можа выліцца не толькі за межы Украіны, але і за межы Еўропы.
Сакрэтныя амерыканскія дакументы паказваюць, што сітуацыя – як на фронце, так і ў свеце – нашмат складаней, чым можа здацца. Мабыць, найбольш шакавальнымі зʼяўляюцца чатыры «некантралюемыя» сцэнары, якія не выключае Разведвальнае ўпраўленне Міністэрства абароны (DIA). Гэта смерць Уладзіміра Пуціна, Уладзіміра Зяленскага, ліквідацыя расейскага камандавання, наўпроставы напад украінцаў на Крэмль. У апошнім выпадку амерыканцы чакаюць, што Масква абʼявіць усеагульную мабілізацыю і нават прыменіць тактычную ядзерную зброю.
Прыкметай таго, што Белы дом слаба кантралюе дзеянні ўкраінскага саюзніка, зʼяўляецца сітуацыя з пашкоджаннем вельмі дарагога расійскага самалёта-разведчыка А-50 пад Мінскам у канцы лютага. Дагэтуль інцыдэнт прыпісвалі беларускім партызанам. Аднак высвятляецца, што за гэтым стаялі супрацоўнікі ўкраінскай СБУ. Апаненты Лукашэнкі гэта адмаўляюць.
Амерыканцы таксама маюць інфармацыю, што Зяленскі разглядаў магчымасць наступу на Растоў-на-Доне ў глыбіні варожай тэрыторыі.
Але ўцечкі інфармацыі таксама пераглядаюць вобраз ізаляванай Расіі, якая неўзабаве будзе вымушана прасіць аб спыненні агню. Аказваецца, павуцінне Крамля дасягае саюзнікаў Амерыкі. Адзін з іх – Егіпет, які павінен быў выказаць гатоўнасць пастаўляць расіянам зброю і боепрыпасы. Іншы – Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, якія павінны былі быць адкрытыя для супрацоўніцтва з расійскай выведкай.
Пуцін захоўвае значны ўплыў у Паўднёвай Карэі. Сеул, які валодае вялікімі запасамі боепрыпасаў і зброі, не хоча перадаваць іх украінцам, баючыся, што Расія падтрымае Паўночную Карэю.
вх