Сцісла вынікі апытання можна сфармуляваць так: беларусы вельмі кансерватыўныя ў сваіх поглядах і не мяняюць іх хутка; як і летам мінулага года, беларусы не падтрымліваюць вайну ва Украіне і тым больш супраць удзелу Беларусі ў баявых дзеяннях; ідэйны выбар, зроблены ў 2020-ым застаецца актуальным; сярод асабістых каштоўнасцяў царква (як рэлігійны інстытут, размовы не пра канфесію) карыстаецца нізкай папулярнасцю.
Даследчыкі падзяляюць рэспандэнтўа ў межах гэтага апытання на чатыры ўмоўныя групы паводле крыніц медыяспажывання:
1. Дзяржаўныя медыя.
2. Недзяржаўныя медыя
3. Аўдыторыя абодвух тыпаў медыя.
4. Неактыўная аўдыторыя, людзі, якія не чытае навіны.
Узровень падтрымкі і непадтрымкі вайны ва Украіне за год амаль не змяніўся
У чэрвені 2022 года за падтрымку ваенных дзеянняў выказваліся 29 працэнтаў рэспандэнтаў, у сакавіку гэтага года – 33 працэнты. Адпаведна, праціўнікаў было 43 працэнты, цяпер – 44.
Пры гэтым 81 % з тых, хто спажывае інфармацыю з недзяржаўных медыя, не падтрымліваюць вайну. Сярод аўдыторыі дзяржаўных медыя падтрымку выказалі 53 працэнты апытаных.
Апытанне Chatham House Беларусь
Дырэктар «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня звяртае ўвагу, што на пытанне «Якая мусіць быць пазіцыя Беларусі ў адчыненні да гэтай вайны?» толькі тры працэнты абіраюць варыянт «Прыняць удзел у ваенных дзеяннях на баку Расіі». Рыгор падкрэслівае, што гэта самыя важныя лічбы, якія паказваюць, што Беларусы не хочуць ваяваць. За нейтралітэт выступаюць 30 % апытаных. Цікава, што 22 % рэспандэнтаў заявілі, што «не могуць адказаць на гэта пытанне».
Толькі тры працэнты абіраюць варыянт «Прыняць удзел у ваенных дзеяннях на баку Расіі»
Фармат саюзу з Расіяй: нягледзячы на вялікую колькасць прапаганды, 70 % хочуць толькі гандляваць з Расіяй, а 13 % выступаюць за адзіную эканамічную прастору ці ўваходжанне ў склад Расіі.
Таксама змяншаецца колькасць тых, хто мяркуе, што трэба захоўваць членства ў АДКБ з 63 працэнтаў у лістападзе 2020-га да 48 працэнтаў у сакавіку 2023-га.
За размяшчэнне ядзернай зброі ў розныя гады выступаюць 20-25 працэнтаў
Адносіны да размяшчэння ядзернай зброі: дынамікі няма ў грамадскай свядомасці. Падтрымліваюць ідэю размяшчэння ядзернай зброі ў розныя гады 20-25 працэнтаў апытаных, а супраць выступаюць ад 80 да 75 працэнтаў.
Апытанне Chatham House Беларусь
«Калі казаць пра стаўленне беларусаў ад размяшчэння ядзернай зброі, то яно выразна негатыўнае. Мяркую, Лукашэнка будзе мабілізоўваць сваіх прыхільнікаў, то бок будзе ўключаная дзяржаўная прапаганда на максімум, каб пераконваць, што ядзерная зброя патрэбная. Аргументы ўсё тыя ж: гусеніцы НАТА грымяць пад мяжою, вакол нас ворагі, мы зможам адстаяць сябе толькі калі ў нас будзе ядзерная зброя. Думаю, нават унутры самой сістэмы ёсць разуменне, што гэта занадта, «to much», як кажуць, што можа быць вялікай палітычнай памылкай для Лукашэнкі размяшчэнне гэтай зброі», – гаворыць Астапеня.
Цікавы момант, беларусы асабліва не змяняюць сваё стаўленне да суседніх краін. Не змешваюць тое, што адбываецца ў палітыцы, з уласным меркаваннем.
Апытанне Chatham House Беларусь
«Паводле тэлевізара» меркаванне складаюць пра ЗША і Кітай, бо яны далёка і з уласнага досведу пра гэтыя краіны мала хто валодае інфармацыяй.
Астапеня заяўляе, што цяпер беларусы захоўваюць добрае стаўленне і да Украіны, і да Расіі. То бок не ўспрымаюць іх толькі праз прызму вайны. Нават калі людзі скране негатыўна ставіцца да дзеянняў Расіі.
Дарэчы, вынікі апошняга апытання (з 22 лютага па 1 сакавіка 2023 года) ва Украіне, апублікаваныя Цэнтрам Разумкова, паказваюць, што негатыўна да Расіі ставяцца 94% рэспандэнтаў. На другім месцы адмоўных водгукаў украінцаў – Беларусь з 81%.
Таксама цікавым момантам ёсць тое, што большасць апытаных гараджан лічыць сябе дэмакратамі і прыхільнікамі рыначных рэформаў. У шэрагу ўласных прыярытэтаў называюць свабоду, матэрыяльны дабрабыт, самарэалізацыю, сяброў і гэтак далей. А вось рэлігія – адзіны аспект, які найменш людзей назвалі важным элементам жыцця.
«Беларусы не асабліва вераць у Бога, гэта агульнавядомы факт. Рэлігія не важная каштоўнасць, таму і сама царква незразумелая як інстытут», – гаворыць Астапеня.
Рыгор Астапеня мяркуе, што беларусы схільныя да цэнтрысцкай мадэлі грамадска-палітычнага ладу:
«У беларусаў ёсць вялікі запыт на цэнтрызм. Самы яскравы прыклад – Віктар Бабарыка. Сама кампанія была адносна цэнтрысцкая, што мы і з гэтымі, і з гэтымі, у нас свае інтарэсы. Не ведаю, гэта добра ці дрэнна, але так ёсць».
Дырэктар «Беларускай ініцыятывы» Chatham House Рыгор Астапеня мяркуе, што праблемы з доступам да інфармацыі ў Беларусі, недзяржаўныя медыя выціснутыя з краіны, заблакаваныя, а сама інфармацыйная сфера пераўтварылася ў бясконцы экстрэмізм, уплываюць на кансерватыўнасць, нягнуткасць грамадскай думкі:
«Я думаю, што ў нашым апытанні выразна відаць адпорнасць беларускага грамадства. Што людзі, якія зрабілі свой выбар у 2020 не істотна змянілі свае погляды пазней. Канешне, тое, што дзяржаўныя органы зрабілі супраць незалежных СМІ, магло паўплываць на грамадскую думку. Я, шчыра кажучы, думаю, калі б мы пражывалі вайну цяпер ва ўмовах спакойнай працы незалежных СМІ, то ўбачылі б велізарнейшы разварот у стаўленні беларусаў да Расіі і да вайны. Але, паколькі былі знішчаныя каналы камунікацыі, адбылася палярызацыя грамадства, усе сышлі ў свае «рэха-камеры», то бачым, што досыць цяжка змяніць грамадскае стаўленне. Мы бачым, што цягам года нічога асабліва не змяняецца – лічбы стаяць як укапаныя. Патэрны медыяспажывання досыць устойлівыя. Плюс самі СМІ праводзяць адну і тую ж інфармацыйную палітыку ў асвятленні вайны».
Астапеня мяркуе, што незалежныя медыя нават ва ўмовах блакіроўкі дасягаюць паловы гараджан у Беларусі. Аднак у шэрагу людзей застаецца давер да ліберальных расійскіх СМІ. «Гэта дзіўна, што нават «арастовічам» беларускай рэвалюцыі быў расіяні Максім Кац», – заўважае Астапеня.
Апытанне праводзілі з 15 па 27 сакавіка праз інтэрнэт, у выбарцы – 804 рэспандэнта. Каля 25-30% людзей адмаўляюцца ад удзелу ў апытанні. Паводле афіцыйных дадзеных, на пачатак 2023 года 87 % насельніцтва Беларусі з’яўляюцца карыстальнікамі інтэрнэту.
вх