Штодзёнка «Rzeczospolita» піша пра тое, што беларускія ўлады ствараюць некалькі новых вайсковых баз, дзе могуць быць размешчаныя найміты з «Групы Вагнера» ў Беларусі. «Частка групоўкі Вагнера могуць рушыць у Беларусь разам з Прыгожыным», — выданне спасылаецца на аналіз амерыканскага аналітычнага цэнтру Інстытут ваенных даследаванняў (ISW).
Газета зазначае, што будаўніцтва ваеннай базы плошчай 24 тысячы квадратных метраў, дзе могуць размясціцца 8 тысяч наймітаў, вядзецца ў раёне горада Асіповічы Магілёўскай вобласці. Гэта прыкладна ў 200 км. ад мяжы паміж з Украінай, што не будзе ўяўляць «непасрэднай пагрозы Украіне». Было б значна больш небяспечна ствараць базы Вагнера ў памежных з Украінай Гомельскай і Брэсцкай абласцях.
Выданне зазначае, што Беларусь не будзе прытулкам для «Групы Вагнера», калі на яе будзе аказвацца ціск з боку Крамля, а Пуцін, прадстаўляючы Беларусь як бяспечнае месца для наймітаў і Прыгожына, можа завабіць іх у пастку. Крэмль можа палічыць наймітаў, якія пяройдуць услед за Прыгожыным у Беларусь, здраднікамі. Чальцы «Групы Вагнера» ў Беларусі наўрад ці будуць абароненыя ад запытаў аб экстрадыцыі, калі Пуцін абвінаваціць іх у дзяржаўнай здрадзе», — піша выданне.
Газета нагадвае, што ў 2020 годзе Лукашэнка выдаў Расіі 33 затрыманых у Беларусі ўдзельнікаў «Групы Вагнера». Цяпер Крэмль можа пакінуць «Групу Вагнера» як асобную структуру толькі для правядзення аперацый у Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Рэшту падзяляць і прымусіць далучыцца да прыватных вайсковых арганізацый, звязаных з Міністэрствам абароны Расіі.
У сваю чаргу штодзёнка «Dziennik Gazeta Prawna» піша, што Захад прасіў Украіну не нападаць на Расію падчас Прыгожынскага бунта.
Саюзнікі заклікалі ўкраінскія ўлады не выкарыстоўваць хаос у Расіі падчас суботняга паўстання наймітаў «Групы Вагнера» для нападу, паведамляе ў аўторак CNN са спасылкай на заходняга чыноўніка.
Заклікі гучалі на розных узроўнях, і матываваліся яны жаданнем не ствараць уражанне, што Украіна і Захад спрабуюць дапамагчы Прыгожыну ў дасягненні яго намераў.
Пасыл гучаў так: «Не разгойдвайце лодку», - сказала крыніца, дадаўшы, што паведамленне перадаваліся на ўзроўні міністраў замежных спраў, дэпутатаў і паслоў.
«Саюзнікі папярэдзілі Украіну не нагнятаць абстаноўку. Няхай яна выкарыстоўвае магчымасці на ўкраінскай тэрыторыі, але хай не ўмешваецца ва ўнутраныя справы і не атакуе ваенныя аб'екты ў Расіі», - паведамляе выданне.
Газета дадае, што Украіну падазраюць у здзяйсненні ўсё вялікай колькасці таемных нападаў на расійскай мяжы, дыверсіях на расійскіх ваенных аб'ектах і нават у нападзе на Крэмль беспілотнікамі.
Амерыканскай разведцы ўдалося сабраць вельмі падрабязную і дакладную інфармацыю аб планах Прыгожына, у тым ліку аб тым, куды ён збіраўся паехаць.
Тым не менш, гэтыя разведвальныя дадзеныя настолькі пільна ахоўваліся, што імі дзяліліся толькі з асобнымі саюзнікамі, у тым ліку з высокапастаўленымі брытанскімі чыноўнікамі, а не з больш шырокай супольнасцю НАТА.
юл