Беларуская Служба

Кіраўнікі ўрадаў краін Вышаградскай групы абмеркавалі ў Браціславе апошні год супрацоўніцтва і прыярытэты на бліжэйшую будучыню

27.06.2023 14:43
Апошні год у Вышаградскай групе азнаменаваўся беспаспяховымі спробамі знайсці пагадненне ў рамках групы па ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі.
Аўдыё
  • Кіраўнікі ўрадаў краін Вышаградскай групы абмеркавалі ў Браціславе апошні год супрацоўніцтва і прыярытэты на бліжэйшую будучыню
-   ( ):   ,   ,   ,
Прэм'ер-міністры Вышаградскай групы (злева направа): Венгрыі Віктар Орбан, Чэхіі Петр Фіяла, Славакіі Людовіт Одар, Польшчы Матэвуш Маравецкі PAP/EPA/Vivien Cher Benko HANDOUT

У Браціславе прайшла сустрэча прэм’ер-міністраў краін Вышаградскай групы. Кіраўнікі ўрадаў разгледзелі шэраг пытанняў, актуальных і важных для цэнтральнаеўрапейскага рэгіёну.

Кіраўнікі ўрадаў краін Вышаградскай групы, у склад якой уваходзяць Польшча, Чэхія, Венгрыя і Славакія, абмеркавалі апошні год супрацоўніцтва і прыярытэты на бліжэйшую будучыню. У суботу працы групы ўзначаліла Чэхія, якая ў якасці старшыні замяніла Славакію.

Сустрэча ў Браціславе, у якой удзел прыняў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, зʼяўляецца апошняй, арганізаванай у рамках славацкага старшынства. Асноўнымі тэмамі перамоў былі пытанні бяспекі, эканомікі і міграцыйнай палітыкі.

Год славацкага старшынства ў Вышаградскай групе азнаменаваўся беспаспяховымі спробамі знайсці пагадненне ў рамках групы па ключавых пытаннях міжнароднай палітыкі. Гэта, у асноўным, пытанне вайны ва Украіне і пашырэння НАТА. У дадзеным выпадку дыстансуецца Венгрыя. Другое пытанне – гэта апошні міграцыйны пакт Еўрасаюза, у дачыненні да якога ў Вышаградскай чацвёркі няма згоды.

Перамовы ў рамках Вышаградскай групы сталі таксама падрыхтоўкай да старшынства Чэхіі. Прэмʼер-міністры сустрэліся за некалькі дзён да саміту ЕС у Бруселі, які таксама прысвечаны расійскаму ваеннаму ўварванню ва Украіну, супрацоўніцтву ЕС і НАТА, а таксама эканамічным пытанням і міграцыі.

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заклікаў краіны НАТА да адзінай пазіцыі адносна Расіі. Суботні мяцеж Групы «Вагнер» быў адной з тэм, якая закраналася на сустрэчы прэм’ер-міністраў краін Вышаградскай групы ў Браціславе. Маравецкі зазначыў, што сітуацыя ў Расіі становіцца нестабільнай.

- Адказам на тое, што адбываецца ў Расіі, павінна быць адзіная і агульная пазіцыя краін НАТА. Мы павінны рэагаваць рашуча, гаварыць адным голасам, прэзентаваць на міжнароднай арэне інтэгральны погляд. Так павінен выглядаць наш адказ на падзеі, якія могуць здарыцца ў будучыні і якія могуць быць падобныя на сітуацыю, што мела месца ў суботу.

Іншай тэмай, якая закраналася ў Братыславе, быў уплыў кліматычнай палітыкі на еўрапейскую прамысловасць. Матэвуш Маравецкі лічыць, што краінам Вышаградскай групы патрэбныя сучасныя прамысловыя тэхналогіі.

- Мы павінны прыцягнуць як мага больш сучасных тэхналагічных вырашэнняў у нашыя краіны. Маю на ўвазе дзяржавы Вышаградскай групы. І зрабіць усё для таго, каб тэхналогіі не траплялі ў ЗША альбо Кітай, але да нас. Хацелася б, каб кліматычная палітыка ЕС брала пад увагу рост коштаў на электраэнергію, што вельмі важна для эканамічнага развіцця нашых краін.

Маравецкі зазначыў, што эканамічнае развіццё краін Вышаградскай групы ў вялікай ступені залежыць ад прамысловасці, таму Еўрасаюз павінен браць пад увагу інтарэс гэтых дзяржаў, каб кліматычная палітыка не ўплывала негатыўным чынам на канкурэнтаздольнасць эканомік.

Прэм’ер-міністр Польшчы пры гэтым зазначыў, што бяспека і энергетычная палітыка – гэта галоўныя тэмы супрацы ў рамках Вышаградскай групы. У прыватнасці, ужо цяпер вядуцца размовы аб запасах прыроднага газу на бліжэйшую зіму.

- Мы працуем над умацаваннем бяспекі, размаўляем аб супрацы ў многіх галінах, і перш за ўсё – пра энергетыку. Ужо цяпер мы займаемся пытаннем запасаў газу на чарговую зіму, на чарговы год.

Выступаючы на прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы, Маравецкі падкрэсліў, што ў пытаннях міграцыі дзяржавы Вышаградскай групы не згодныя з размеркаваннем ці рэлакацыяй мігрантаў. Нагадаем, Брусель плануе прызначыць паасобным краінам квоты на рассяленне мігрантаў. «Мы не згодныя ні на якія квоты, ні на якое размеркаванне мігрантаў», сказаў польскі прэм’ер-міністр. Паводле яго, Еўрасаюз «не павінен падтрымліваць кантрабандныя арганізацыі і кантрабандыстаў людзей, таму што гэта амаральна». Маравецкі таксама дадаў, што Еўропа павінна мець механізмы абароны ад знешняй міграцыі.

Дарэчы, пару тыдняў таму стала вядома, што праграма па рэлакацыі мігрантаў не будзе датычыць Польшчы з-за таго, што краіна прыняла шмат бежанцаў з Украіны.

Вышаградская група (Вышаградская чацвёрка) – гэта аб’яднанне чатырох цэнтральнаеўрапейскіх дзяржаў: Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі.

Была ўтворана ў выніку сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы Леха Валенсы і ЧСФР Вацлава Гавела з венгерскім прэм’ер-міністрам Ёжэфам Анталам 15 лютага 1991 года ў горадзе Вішаград.

Раней называлася Вышаградскай тройкай ці Вышаградскім трохвугольнікам, але з падзелам Чэхаславакіі на дзве дзяржавы гэтыя назвы сталі неактуальнымі.

У 1992 годзе ў рамках групы было створана Цэнтральнаеўрапейскае пагадненне па свабодным гандлі (CEFTA).

У 1999 годзе тры з чатырох удзельніц групы (Венгрыя, Польшча, Чэхія) ўвайшлі ў НАТА.
1 мая 2004 года ўсе ўдзельнікі Вышаградскай групы сталі членамі Еўрапейскага Саюза.

вс

слухайце аўдыёфайл