На мінулым тыдні пад Парыжам здарылася непатрэбная трагедыя: паліцэйскі застрэліў 17-гадовага кіроўцу, выхадца з Афрыкі, калі той не спыніўся на праверку па загадзе паліцыі. У выніку на вуліцы ў знак пратэсту выйшлі тысячы людзей. Але пратэсты не былі толькі мірнымі маршамі. Ужо каторы дзень у Францыі ідуць пагромы, гвалт стаў практычна некантраляваным, а смерць Наэля была запальнікам, які выклікаў лавіну. Пратэстоўцы б'юць вокны, разбураюць школы, нападаюць на бібліятэкі, падпальваюць аўтобусы і аўтамабілі, у тым ліку на вялікіх стаянках.
38-гадоваму паліцэйскаму, які зрабіў смяротны стрэл, было прадʼяўленае абвінавачанне ў наўмысным забойстве, у чацвер ён трапіў у турму. А Наэля пахавалі ў суботу.
Апошняя ноч была спакайнейшая, але ў нядзелю вечарам тысячы паліцэйскіх выйшлі на вуліцы Францыі. Міністэрства ўнутраных справаў выдала загад, каб службы рэагавалі максімальна жорстка і неадкладна затрымлівалі ўдзельнікаў пагромаў.
На думку былога карэспандэнта французскіх СМІ ў Польшчы Бэрнара Маргерыта (Bernard Margueritte), смерць падлетка – гэта надуманая прычына, паколькі за пагромамі стаяць арганізаваныя групы.
- Гэта не толькі хуліганы, гэта на самой справе баевікі, якія выдатна арганізаваныя. Гэта баявыя атрады крайне левых груповак, якія ведаюць, да чаго яны імкнуцца. У іх ёсць канкрэтная палітычная мэта ў дадзенай катастрофе. Гэта вялізная праблема, сурʼёзны крызіс. Францыя, можна сказаць, у агоніі. Як сказаў прэзідэнт Макрон, пачаўся працэс дэградацыі, ён казаў пра «дэцывілізацыю». Нельга назваць гэты працэс грамадзянскай вайной, паколькі гэтыя людзі часта не адчуваюць сябе французамі. Яны на самой справе змагаюцца з Францыяй.
Пратэсты і пагромы сталі прычынай не толькі вялізных матэрыяльных стратаў, але таксама і людскіх ахвяраў. Напрыклад, загінуў пажарнік падчас гашэння пажару, які стаў наступствам падпалу будынку пратэстоўцамі, параненыя дзясяткі паліцэйскіх. Французская пракуратура ўзбудзіла следства па справе нападу на дом мэра ў гарадку Л’Ай-ле-Ро́з (LʼHay-les-Roses) непадалёк ад Парыжа. У мінулыя выходныя бандыты з ліку пратэстоўцаў падпалілі дом. Унутры былі жонка мэра і двое дзяцей – 5 і 7 гадоў. Ім удалося ўцячы праз заднія дзверы, пры гэтым маці атрымала раненні.
У Л’Ай-ле-Ро́з прыбылі члены ўраду. Прэмʼер-міністр Элізабет Борн (Elisabeth Borne) заявіла, што мэры гарадоў, дзе працягваюцца хваляванні, атрымаюць падтрымку.
- Мы не пакінем вас у адзіноце, я вас завяраю. Мы будзем разам з мэрамі муніцыпалітэтаў, якія пацярпелі, з мэрамі, якім можа быць цяжка арганізаваць прыём маладых людзей гэтым летам. Мы аналізуем сітуацыю, каб як мага хутчэй прыняць рашэнні і падтрымаць вас.
Мэр Л’Ай-ле-Ро́з Вінсэн Жанбрэн (Vincent Jeanbrun) назваў падзеі мінулых выходных «крымінальным нападам».
- Злачынцы, па-іншаму іх нельга назваць, напалі на мой дом аўтамабілем-таранам. Гэта машына, якую яны, відавочна ўкралі, падклалі агонь. Гэты аўтамабіль пратараніў вароты майго дома. Шум разбудзіў жонку і дзяцей. На шчасце, транспартны сродак спыніўся на вялікай лесвіцы.
Прэзідэнт Францыі стараецца зменшыць вагу драматычнай сітуацыі ў яго краіне. А гэтыя хваляванні звязаныя з вялікай колькасцю мігрантаў, якія не могуць знайсці сваё месца на новай айчыне. Такую думку выказаў палітолаг, прафесар Варшаўскага ўніверсітэту Томаш Гросэ (Tomasz Grosse). Эмануэль Макрон, праўда, адмяніў некаторыя паездкі ў сувязі з крызісам, але пры гэтым некалькі дзён таму на прэс-канферэнцыі ён назваў прычыну, якая выклікае агрэсію моладзі. Ягоным меркаваннем, гэта відэагульні і сацыяльныя сеткі.
Прафесар Томаш Гросэ (Tomasz Grosse) адзначыў у эфіры Польскага радыё Гданьск, што хваляванні ў Францыі павінны стаць папярэджаннем для іншых краін.
- Міграцыйная палітыка, якую вядзе Францыя, а таксама многія іншыя краіны Заходняй Еўропы, пацярпела поўную паразу. Гэта вельмі трывожны і ясны сігнал для нас. Мы павінны зрабіць высновы, старанна прадумаць сваю палітыку ў адносінах мігрантаў. Мы павінны быць вельмі асцярожнымі, калі гаворка ідзе пра допуск у нашую краіну асобаў, якія прыбываюць з Афрыкі або Блізкага Усходу. На жаль, у выпадку масавай міграцыі, якая перавышае нейкі крытычны ўзровень, гэта, як бачым, заканчваецца трагічна.
Польскі ўрад прадставіў спецыяльны ролік, у якім параўноўвае пагромы ў Францыі са спакойным жыццём у Польшчы. Меркаваннем прадстаўнікоў кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», падзеі ў Францыі пацвярджаюць слушнасць палітыкі польскага ўраду, які не жадае масава прымаць мігрантаў з краін, якія значна адрозніваюцца ад Польшчы сваёй ментальнасцю, веравызнаннем і традыцыяй.