Беларуская Служба

Сёлета ў Польшчы зафіксавана больш за 14 тысяч спроб нелегальнага перасячэння мяжы з Беларусі

06.07.2023 13:40
Існуе рызыка ўзмацнення беларускіх службаў групоўкай «Вагнера», якая падрыхтавана не толькі да баявых, але і да дыверсійных дзеянняў.
Польская памежніца на ахове мяжы з Беларуссюфота: Twitter/StZaryn

Падчас саміту НАТА ў Вільні магчымая эскалацыя на мяжы з Еўразвязам – такую інфармацыю Польшча перадала іншым краінам Еўразвязу ў Бруселі, аб чым піша Niezalezna.pl. Адзначалася рызыка ўзмацнення беларускіх службаў групоўкай «Вагнера», якая падрыхтавана не толькі да баявых, але і да дыверсійных дзеянняў. Пасол Польшчы ў ЕЗ Анджэй Садась (Andrzej Sadoś) паведаміў сваім калегам, што ў сувязі з напружанай сітуацыяй на мяжы ахова ўзмоцненая 500 паліцэйскімі. Ён таксама адзначыў, што патэнцыйнай пагрозай можа стаць і рашэнне Мінска ўвесці бязвізавы рэжым для ўдзельнікаў фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» (13-16 ліпеня) для грамадзян 73 краін.
Гэта пацвярджае, што нелегальная міграцыя з'яўляецца часткай гібрыднай пагрозы, падмацаванай элементамі дэзынфармацыі, накіраванай на дэстабілізацыю сітуацыі на мяжы ЕЗ і ўнутры ЕЗ.

Садась паведаміў, што ў 2023 годзе Памежная служба зафіксавала больш за 14 тысяч спробаў нелегальнага перасячэння польска-беларускай мяжы. За апошнія тры тыдні было больш за 800 спробаў на тыдзень, у апошні час з вялікімі групамі да 60 чалавек. Ён падкрэсліў, што амаль кожны дзень адбываюцца напады на польскія службы, а з беларускага боку закідваюць афіцэраў і салдат камянямі.

Ён адзначыў, што арганізаваны паток нелегальных мігрантаў падвяргае ЕЗ пагрозам рознага характару, у тым ліку тэрарызму з боку аўтарытарных дзяржаў, а таксама шпіянажу. Гэтыя дзеянні зʼяўляюцца часткай расійскай тактыкі, якую Крэмль неаднаразова выкарыстоўваў для аслаблення заходніх краін.

Польскі дыпламат дадаў, што ўнутраная сітуацыя ў Беларусі таксама пагаршаецца, і за апошнія месяцы быў вынесены шэраг палітычна матываваных прысудаў супраць актывістаў апазіцыі, актывістаў нацыянальных меншасцяў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў. Умовы ўтрымання беларускіх палітвязняў, асабліва найбольш вядомых, значна пагоршыліся. Рэжым ізалюе іх і спыняе кантакты з вонкавым светам, у тым ліку з семʼямі. Анджэя Пачобута нядаўна перавялі ў новую калонію, вядомую жорсткім абыходжаннем са зняволенымі.

Садась сказаў, што цяжка патлумачыць, чаму ЕЗ больш за год не можа ўвесці новыя санкцыі супраць рэжыму ў Мінску. Ён таксама заклікаў Еўракамісію і Іспанію, якая старшынствуе ў звязе, прыняць неабходныя меры, каб выйсці з тупіка па гэтым пытанні.

нг