У сувязі з правядзеннем 11-12 ліпеня саміту Паўночнаатлантычнага альянсу ў Вільні, якая знаходзіцца ў 32 кіламетрах ад мяжы з Беларуссю і ў 151 кіламетры ад мяжы з Расіяй, уведзеныя беспрэцэдэнтныя меры бяспекі. Для аховы сустрэчы ў вярхах 16 краін НАТА накіравалі ў горад каля 1 тыс. вайскоўцаў, паведамляе агенцтва Reuters, на якое спасылаецца партал Ukraina.pl.
На час правядзення саміту Вільня пераўтвораная ў сапраўдную крэпасць.
Так, Германія разгарнула 12 пускавых установак зенітнага ракетнага комплексу Patriot, Іспанія даставіла сістэму супрацьпаветранай абароны NASAMS. Акрамя таго, Францыя, Фінляндыя і Данія накіравалі ў Літву вайсковыя самалёты, Польшча і Германія – верталёты. Вялікабрытанія і Францыя прадаставілі сродкі барацьбы з беспілотнікамі. Больш за тое, Парыж даставіў у Вільню самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі Caesar, іншыя краіны – абсталяванне для барацьбы з патэнцыйнымі хімічнымі, біялагічнымі, радыелагічнымі і ядзернымі атакамі.
Адзначаецца, што ў віленскім аэрапорце былі заўважаныя восем нямецкіх сістэм Patriot, накіраваныя ў бок расійскага гораду Каралявец (Калінінград). Яшчэ дзве ўстаноўкі накіраваныя на Беларусь. Усе яны прыступілі да працы 7 ліпеня.
Акрамя таго, Літва ў тры разы павялічыла колькасць памежнікаў на межах Беларусі і Расіі, да іх далучыліся афіцэры з Латвіі і Польшчы. Абедзве краіны таксама накіравалі паліцыю для патрулявання Вільні.
Большая частка цэнтру Вільні падчас саміту будзе зачыненая, таму мэр сталіцы прапанаваў жыхарам выязджаць на адпачынак за межы гораду.
Чакаецца, што прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, акрамя непасрэднага ўдзелу ў саміце, выступіць з публічнай прамовай у Віленскім універсітэце ў сераду, 12 ліпеня. Амерыканскае пасольства ў Вільні ўдакладніла, што мерапрыемства будзе адкрытым для публікі, а ўваход будзе ажыццяўляцца ў парадку чаргі.
Да ўдзелу ў саміце НАТА таксама запрошаны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Аднак на дадзены момант канчатковага рашэння, ці паедзе ён у Вільню, няма, паведамляе партал Ukraina.pl.
вс