Беларуская Служба

Валер Карбалевіч: Захадам тэма Беларусі разглядаецца як вытворная ад палітыкі Расіі

13.07.2023 15:18
Кіеў расчараваны вынікамі саміту НАТА ў Вільні. Беларусь падчас высокай сустрэчы прагучала ў цесным кантэксце з Расіяй. Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч пракаментаваў рашэнні саміту, што яны значаць для Беларусі і рэгіёну ў цэлым.
Аўдыё
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч пракаментаваў рашэнні саміту, што яны значаць для Беларусі і рэгіёну ў цэлым.
   .
Саміт НАТА ў Вільні.Фота: PAP/EPA/TIM IRELAND

Саміту НАТО папярэднічала бурная дыскусія ў медыя: былі чаканні, што вызначыцца лёс сяброўства ў Альянсе Украіны, што, у сваю чаргу паўплывае на развіццё ходу вайны. Аднак у выніку Украіна атрымала больш лёгкія ўмовы ўступлення, але ніяк не акрэсленыя ў часе.

— Цяжка ўяўляць, што Саміт мог прыняць нейкія рашэнні, што кардынальна змянілі б сітуацыю. Пазіцыі ўзгадняюцца загадзя, загадзя складаецца тэкст камюніке. Цяжка ўявіць, што кіраўнікі трыццаці дзяржаў сабраліся ў адным месцы і прынялі глабальныя рашэнні. Так не бывае. Што тычыцца Беларусі, то рашэнняў не было, толькі згадка ў дакументах, якая паказвае, як Беларусь знаходзіцца ў фокусе заходняй палітыкі.Гэта заклік да беларускага кіраўніцтва. А ўсе астатнія сюжэты былі скрозь прызму расійскай палітыкі. Паводле дакументу, пагрозаю з'яўляецца тое, што Расія выкарыстоўвае беларускую інфраструктуру, тэрыторыю для нападу на Украіну, згадваецца ўсё большая інтэграцыя Беларусі і Расіі, гаворыцца пар размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, магчымага разгортвання тут прыватных расійскіх кампаній. То бок тэма Беларусі разглядаецца як вытворная ад палітыкі Расіі, — гаворыць палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

У камюніке па выніках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-членаў NATO 11 ліпеня арганізацыя заклікала Беларусь перастаць падтрымліваць Расію у яе агрэсіі супраць іншай дзяржавы:

«Мы заклікаем усе краіны не аказваць ніякага садзейнічання расійскай агрэсіі і асуджаем усіх, хто актыўна спрыяе вайне Расіі. Падтрымка Беларусі адыграла важную ролю, паколькі яна працягвае прадастаўляць сваю тэрыторыю і інфраструктуру, каб расійскія сілы маглі атакаваць Украіну і працягваць расійскую агрэсію. У прыватнасці, Беларусь, а таксама Іран павінны спыніць сваё дапамаганне Расіі і вярнуцца да захавання міжнароднага права. Паглыбленне ваеннай інтэграцыі Расіі з Беларуссю, у тым ліку разгортванне перадавога расійскага ваеннага патэнцыялу і вайсковага персаналу ў Беларусі мае наступствы для рэгіянальнай стабільнасці і абароны альянсу. NATO будзе захоўваць пільнасць і працягваць уважліва сачыць за развіццём падзей, у прыватнасці, за магчымым разгортваннем так званых прыватных ваенных кампаній у Беларусі. Мы заклікаем Беларусь спыніць зламысныя дзеянні супраць сваіх суседзяў, паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды і выконваць міжнароднае права».

Што тычыцца ўкраінскага пытання, то, нягледзячы на актыўную піяр-кампанію, Украіна не атрымала галоўнага выніку: дакладнага адказу на пытанне, калі ж яе прымуць у Паўночнаатлантычны альянс.

– Тут нюанс заключаецца ў тым, што не магло быць гаворкі пра прыняццё Украіны ў НАТА сёння. Пакуль ідзе вайна гэта немагчыма, бо тады б НАТА давялося ўпісацца ў гэтую вайну. З іншага боку была згода наконт таго, Украіна будзе ў НАТА. А інтрыга і дыскусіі былі наконт таго, калі? Украіна патрабавала дакладнага алгарытму і даты. А ў выніку Украіну запрасілі ў НАТА, паабяцалі, што прымуць, але калі ж канкрэтна – сказана няўцямна. Могуць прайсці дзесяцігоддзі. Менавіта гэта і не спадабалася Кіеву, – гаворыць Карбалевіч.

Такім чынам па выніках саміту НАТА становіцца зразумелы погляд заходняга блоку на Беларусь, ва Украіне працягваецца вайна на знясільванне, да НАТА далучыцца Швецыя – атрымалася пераканаць кіраўніка Турцыі Эрдагана зняць вета.

вх