Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне ЗША і разведка Вялікабрытаніі запрашаюць расіян да супрацоўніцтва. Дырэктар амерыканскай службы сказаў, што не ўсе грамадзяне Расіі падтрымліваюць Пуціна. І таму некаторыя жыхары РФ могуць згадзіцца быць агентамі непасрэдна з тэрыторыі краіны-агрэсара, паведамляе партал Ukraina.pl.
Пачатая Уладзімірам Пуціным вайна і вялікія страты на фронце абурылі многіх грамадзян Расіі, а таксама выклікалі моцную незадаволенасць. Расчараванне расіян дзеяннямі сваіх улад можа стаць шанцам для прыцягнення іх да супрацоўніцтва з амерыканскай разведкай. Такі пункт гледжання выказаў дырэктар ЦРУ Уільям Бернс.
Гаворка ідзе перш за ўсё аб прыцягненні расійскай эліты да супрацоўніцтва, падкрэсліў Бернс. «Было б па-дурному з нашага боку не скарыстацца гэтай сапраўды адзінай магчымасцю з пункту гледжання чалавечых інтэлектуальных рэсурсаў», – сказаў Бернс. Паводле яго, ЦРУ зацікаўлена ў інфармацыі аб расійскім уварванні ва Украіну, аднак, як зазначыў дырэктар, «мы таксама разумеем, што гэтае ўварванне з'яўляецца сімптомам больш шырокіх праблем у расійскай сістэме, і мы таксама хочам атрымаць больш рознай інфармацыі аб Расіі».
Відэазварот ЦРУ да расіян пад назвай «Чаму я звярнуўся да ЦРУ: маё рашэнне» набраў 2 млн 500 тыс. мільёна праглядаў толькі за першы тыдзень пасля публікацыі ў «Тэлеграме», адзначыў Бернс.
Мэта звароту – трапіць да расійскіх чыноўнікаў, якія служаць у крытычна важных сферах. Гаворка можа ісці пра вайскоўцаў, прадстаўнікоў спецслужбаў, бізнесу і г.д.
«Людзі таксама могуць не разумець, што тое, што яны ведаюць, мае для нас вялікую каштоўнасць», – сказаў Бернс.
Раней да расіян звярнуўся дырэктар брытанскай МІ-6. Кіраўнік знешняй разведкі Вялікабрытаніі МІ-6 Рычард Мур заклікаў грамадзян РФ абʼяднаць намаганні з яго ўстановай і пакласці канец кровапраліццю. Ён адзначыў, што «дзверы яго спецслужбы заўсёды адчыненыя».
вс