Інфармацыю пра карупцыю, звязаную з выдачай візаў у Польшчу, хутка падхапіла апазіцыйная прэса. Гэта і зразумела, паколькі да выбараў у парламент засталося толькі некалькі тыдняў. Напрыклад, Gazeta Wyborcza апублікавала рэпартаж, як за вялікія грошы можна купіць польскую візу ў Індыі. Адзін з маладых індыйцаў гаворыць, што яго бацькі прадалі зямлю і пазычылі грошы ў сяброў і сваякоў. Уся сям’я вырашыла эміграваць у Польшчу. Яны заклалі дом і патрацілі апошнія зберажэнні, каб толькі раздабыць, а на самой справе купіць за вялікія грошы магчымасць выехаць у Польшчу.
Праблему нелегальнай выдачы польскіх віз закраналі надоечы ў эфіры Польскага радыё палітыкі з розных бакоў палітычнай сцэны. У прыватнасці, намеснік міністра адукацыі Дарыюш Піанткоўскі заявіў, што мы зноў маем справу са спробай маніпуляцыі і фальсіфікацыі лічбаў.
- Звярніце, калі ласка, увагу на маштаб выдачы візаў. Кожны год нашы прадстаўніцтвы выдаюць каля двух мільёнаў візаў, а сумненні наконт празрыстасці выдачы візаў узніклі ў выпадку 200 з нечым візаў. І адразу паявіліся спецслужбы, падключылася пракуратура, высоўваюцца абвінавачанні.
Сістэма супрацы польскіх пасольстваў з вонкавымі фірмамі, якія пасярэднічаюць у выдачы візаў, існуе ўжо шмат гадоў. І, хоць асобы, якія спрабавалі зарэгістравацца на гутарку з паслом, не раз звярталі ўвагу на вялізныя цяжкасці з бранёй тэрміну, да гэтага часу не было гучных паведамленняў, што гэта можа быць звязана з карупцыяй. Павел Залеўскі з палітычнай групоўкі «Польшча 2050» выказаў меркаванне, што сістэма выдачы візаў замежнікам выклікала сумневы на працягу многіх гадоў.
- А хутчэй, да нядаўняга часу гэтая сістэма выклікала пытанні. Справа ў тым, што надоечы міністр замежных спраў заявіў аб тым, што міністэрства цалкам адмаўляецца ад супрацы з якімі-колечы вонкавымі арганізацыямі і фірмамі пры афармленні візаў. Гэта азначае, што пачнецца поўны параліч сістэмы выдачы візаў. У такім выпадку ўзнікае пытанне, якім чынам міністэрства будзе рэалізаваць гэты свой абавязак.
Міністр замежных справаў Збігнеў Раў заявіў, што ён не разглядае магчымасці сысці ў адстаўку ў сувязі з візавым скандалам. Кіраўніка польскага МЗС спыталі пра гэта ў Нью-Ёрку, куды ён адправіўся на Генеральную асамблею ААН. Раў сказаў, што маштабы парушэнняў пры выдачы візаў польскімі дыппрадстаўніцтвамі значна меншыя, чым мяркуюць апазіцыя і СМІ.
- Мы ўжо ведаем цяпер, калі былі правераныя дадзеныя, што на працягу апошніх 30 месяцаў мы выдалі каля двух мільёнаў візаў, у тым ліку амаль паўтара мільёна – беларусам і ўкраінцам. А візаў, у адносінах якіх узнікаюць падазрэнні і на якія звярнулі ўвагу адпаведныя службы, было каля 200. Гэта адна дзясятая праміле.
Міністр Збігнеў Раў назваў паведамленні апазіцыі на гэты конт «каскадам фэйкньюсаў». Кіраўнік польскай дыпламатыі адзначыў, што апошнім часам Польшча выдае значна менш шэнгенскіх візаў, чым іншыя краіны Еўразвязу.
- Мы ў Польшчы ў 2022 годзе выдавалі столькі шэнгенскіх візаў, колькі адпавядае прапорцыі: на тысячу жыхароў Польшчы мы выдалі толькі дзве візы. За гэты ж перыяд часу нашы французскія партнёры выдавалі 20 візаў на адну тысячу жыхароў. А немцы – 10 візаў (на тысячу – рэд.).
Пракуратура высунула абвінавачанне па гэтай справе сямі асобам, якія падазраюцца ў незаконным паскарэнні працэдуры атрымання віз. Ніхто з гэтых людзей не з'яўляецца дзяржаўным чыноўнікам. Трое падазраваных узятыя пад варту.
У сувязі з візавым скандалам у адстаўку быў адпраўлены намеснік міністра замежных спраў Пётр Ваўжык. Пасля гэтага яго даставілі ў шпіталь. Міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра заявіў у эфіры Польскага тэлебачання, што былы ўжо віцэ-міністр спрабаваў «пакончыць з сабой». «Магчыма, ён памыліўся ў даверы да пэўных людзей. На дадзены момант няма ніводнага доказу таго, што спадар Ваўжык атрымліваў якую-небудзь выгаду або быў уцягнуты ў злачынныя дзеянні», – адзначыў Зёбра. Аднак дадаў пры гэтым, што Ваўжыка дапытаюць.
Расследаванне гандлю польскімі візамі вядуць Цэнтральнае антыкарупцыйнае бюро і Нацыянальная пракуратура. Парушэнні датычаць, між іншым, дыпламатычных прадстаўніцтваў Польшчы ў Ганконгу, Тайвані, Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, Індыі ды Саудаўскай Аравіі.
нг