Беларуская Служба

Аналітык Рыгор Ніжнікаў: Расійскае ўварванне ва Украіну накіравана на знішчэнне ўкраінскай нацыі, Лукашэнка таксама знішчае беларускую нацыю ў інтарэсах Крамля

26.09.2023 08:30
Адносіны Беларусі і Расіі пасля падзей 2020 года кардынальна змяніліся, цяпер Беларусь знаходзіцца ў абсалютнай залежнасці ад Крамля, якому гэта выгодна і зручна. А Лукашэнка ўласнымі рукамі робіць тое, што Пуцін з дапамогаю зброі ва Украіне.  
Аўдыё
  • Параза Масквы ў камбінацыі з прынцыповай пазіцыяй Захаду можа даць Беларусі шанец на будучыню.
  :
Сацыёлаг Генадзь Коршунаў: Падзеі апошніх трох гадоў пазітыўна паўплывалі на фармаванне беларускай нацыіФота: Radyjo.net

Беларуска-расійскія адносіны пасля 2020 года змяніліся кардынальна, падкрэсліваюць удзельнікі тэматычнай панэлі, арганізаванай у межах Кангрэсу даследчыкаў Беларусі, які парйшоў у Гданьску. І адно з галоўных наступстваў тых падзей – палітычны крызіс у рэгіёне.

Шмат гадоў мадэль беларуска-расійкіх адносінаў можна было б апісаць кароткім выразам «лаяльнасць узамен на грошы». Гэтыя два рэжымы маюць агульныя інтарэсы, агульныя каштоўнасці, ідэалагічна аднолькавае бачанне свету, найперш размова пра антызаходнія погляды. Адносіны Беларусі з Захадам раней былі найперш спробаю адказаў Лукашэнкі на маскоўскі ціск.

Палітычныя крызісы 20202-2021 года цалкам знішчылі гэты напрамак палітыкі, аднавіць яго немагчыма пакуль на чале дзяржавы знаходзіцца Лукашэнка.

«Знешняя незалежная палітыка Беларусі, якая існавала да крызісу 2020 года скончылася. Цяпер мы гаворым цалкам пра залежнасць ад Масквы, мы бачым станаўленне новай мадэлі. З аднаго боку шмат што трымаецца на тым, што Лукашэнка не толькі робіць, што трэба Пуціну, ён яшчэ і знаёмы, прадказальны партнёр. Расійскае ўварванне ва Украіну накіравана на знішчэнне ўкраінскай нацыі, і Лукашэнка сам знішчае беларускую нацыю, якая бачыць сябе незалежнай ад Расіі. Галоўнае, ён робіць што трэба Маскве. Але гэта вядзе і да таго, што аднойчы Лукашэнка стане непатрэбны. Пакуль ён застаецца зручным партнёрам, а рэсурсы і інтарэсы Масквы ідуць цяпер у іншым кірунку, найперш размова пар Украіну. І будзе надалей залежыць ад таго, як Масква будзе бачыць сваю зацікаўленасць у Беларусі, як будуць змяняцца яе інтарэсы ў рэгіёне. Параза Масквы ў камбінацыі з прынцыповай пазіцыяй Захаду можа даць Беларусі ганец на будучыню, а калі не, то Беларусь стане першай цаглінкай ва ўяўленні Расіі пра сваю будучыню», – гаворыць аналітык Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў.

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў, палітычны аналітык Арцём Шрайбман, аналітык Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў. Сацыёлаг Генадзь Коршунаў, палітычны аналітык Арцём Шрайбман, аналітык Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў Рыгор Ніжнікаў.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман мяркуе, што падзеі 2020 года не былі інспіраваныя Расія, бо няма ніякіх доказаў гэтаму, хаця ўсе прызнаюць, што галоўным бенефіцыярам палітычнага крызісу ў Беларусі з’яўляецца Расія.

Шрайбман падкрэслівае, што ў 2019 годзе быў глыбокі крызіс у беларуска-расійскіх адносінах. Гэта давала шмат каму спадзеў, што ёсць зазор у адносінах паміж Мінскам і Масквою, чым можна скарыстацца. Аднак, на думку Арцёма Шрайбмана, Расія не бачыла ўнутры Беларусі персон, апрача Лукашэнкі, з якімі б яна хацела мець сталыя стасункі.

«Ключавыя змены, якія адбыліся за гэты час, гэта тое, што беларуская апазіцыя пачынала ў 2020-ым годзе са спадзеваў на тое, што супярэчнасці паміж Пуціным і Лукашэнкам можна скарыстаць у сваіх інтарэсах, а прыйшла да таго, што Лукашэнка і Пуцін – гэта частка адзінага арганізму. Гэта агульны вораг, які непадзельны, і ўсе спробы гэта падзяліць шкодзяць дэмакратычным сілам», – гаворыць Арцём Шрайбман.

Цікавым можна назваць меркаванне сацыёлага Генадзя Коршунава, які кажа, што жорсткія падзеі апошніх трох гадоў пазітыўна паўплывалі на фармаванне беларускай нацыі. І агулам цяпер у Беларусі, Украіне, Расіі ход гісторыі абсалютна па-рознаму ўплываюць на профіль нацыі і самавызначэнне грамадства. Сацыёлаг падкрэслівае, што «праект Расія» не карыстаецца папулярнасцю найперш у новым, сучасным лічбавым свеце, бо ён адстаў ад запыту людзей, якія арыентаваныя на іншую мадэль развіцця грамадства і дзяржавы.

вх