Я прытрымліваюся даты 2030 года, паколькі гэта відавочнае заахвочванне для ўсіх быць гатовымі да пашырэння Еўрасаюза, сказаў у інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль, у якога журналісты пыталі пра перспектыву пашырэння супольнасці.
«Камісія прадставіць справаздачу ў лістападзе. І на гэтай падставе лідары прымуць рашэнне ў снежні. Мы ведаем, якая сітуацыя. У выпадку Украіны і Малдовы пытанне ў тым, ці пачынаем перамовы. У выпадку Грузіі – ці дадзім ёй статус кандыдата. У выпадку Босніі і Герцагавіны – ці пачнем перамовы і наступныя крокі ў дачыненні да іншых краін Заходніх Балканаў. Пазітыўная з'ява апошніх месяцаў – гэтыя краіны, бачачы рост палітычнага заангажавання з нашага боку, таксама выяўляюць матывацыю да рэформаў», – падкрэсліў Шарль Мішэль.
Старшыня Еўрапейскай рады дадаў, што згаджаецца з часткай крытыкаў, паводле якіх занадта далёкая дата. «Я згодны, што да 2030 года яшчэ далёка, і асабіста я хацеў бы, каб працэс быў паскораны». «Чаму мы чакалі вайны? Але грамадская думка многіх краін раней не была гатовая да гэтага працэсу, між тым, мы патрабуем дэмакратычнай падтрымкі. 2030 год – гэта амбіцыйная, але рэалістычная мэта. І так яе цяпер ацэньваюць многія. Я згодны, што неабходныя двухбаковыя дзеянні – як з боку краін-кандыдатаў, так і ЕС. І той факт, што мы будзем абмяркоўваць гэта ў Еўрапейскай радзе – гэта магутным сігналам, накіраваным гэтым краінам, якія задаволеныя, але і ўсё яшчэ крыху скептычныя. Адзіны спосаб пераадолець гэты скептыцызм – даказаць ім, што мы ставімся да справы сурʼёзна і робім тое, што трэба. Мы пачынаем палітычную, але і дэмакратычную дыскусію«, – сказаў Мішэль.
Паводле старшыні Еўрапейскай рады, нефармальны саміт лідараў ЕС у Гранадзе, які адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу – гэта пачатак фармальнага працэсу.
«Наступнае пашырэнне зробіць ЕС не толькі больш буйным, але таксама мацнейшым і ўплывовым. Гранада – гэта пачатак. Дэбаты будуць шматэтапнымі. Таму я хачу пачаць з трох пытанняў: які агульны праект, як мы вырашаем і як мы фінансуем. Вядома, я прагматычны, таму я ведаю, што адначасова мы павінны хутка вырашыць пытанне аб пераглядзе бюджэту ЕС на 2021-2027 гады, каб даць Украіне грошы», – падкрэсліў кіраўнік Еўрапейскай рады ў інтэрв’ю выданню Rzeczpospolita.
аз