Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя як актыўны палітычны рух існуе ў Рэспубліцы Беларусь з 2005 года, але за гэты час не ўдалося дабіцца афіцыйнай рэгістрацыі партыі. Пасля 2020 года дзейнасць хадэкаў у краіне агулам стала немагчымай, паколькі ўсе сур’ёзныя палітычныя апаненты рэжыму Лукашэнкі або сядзяць у турме, або былі прымушаныя з’ехаць за мяжу. Адзін з лідараў БХД Павел Севярынец – палітвязень, ён асуджаны на 7 гадоў турмы. Таму цяпер рух можа весці актыўную дзейнасць выключна за мяжой, у тым ліку ў Польшчы. Нядаўна актывісты БХД правялі рэгістрацыю фундацыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя ў Польшчы». Пра дзейнасць фундацыі і патэнцыйны ўдзел беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў у польскай палітыцы распавядае кіраўнік варшаўскай суполкі БХД Яўген Дудкін.
- Шмат беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў з'ехала з Беларусі, яны працягваюць актыўную грамадскую дзейнасць. Узнікла пытанне, як аформіць гэта юрыдычна. І ў выніку паўстала фундацыя Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя. Раней, да 1939 года, была ў Польшчы партыя БХД, а цяпер мы заснавалі фундацыю, паколькі мы, як неграмадзяне Польшчы, не можам заснаваць партыю.
Фундацыя зможа рэалізоўваць праекты для беларусаў замежжа. Гэта перш за ўсё дабрачыннасць у адносінах палітуцекачоў, культура і адукацыя, а нават экалогія. У Польшчы жыве шмат беларусаў, яны могуць удзельнічаць у палітычным жыцці. Назіраецца тэндэнцыя, каб беларусы, якія тут жывуць даўжэй, напрыклад, скончылі навучанне, атрымлівалі польскія пашпарты. Акрамя таго, шмат этнічных беларусаў жыве на Падляшшы.
Слухайце ўсю размову ў далучаным гукавым фале аўдыё.
нг