Беларуская Служба

«Малы памежны рух з Расіяй ствараў прамую пагрозу для вайсковых частак»

05.10.2023 11:14
Кацпэр Плажыньскі: Грамадская думка мае права ведаць, як у той час да гэтага падыходзіла «Грамадзянская платформа».
  . .
Дзяржаўная мяжа Польшчы. Ілюстрацыя.Фота: twitter.com/MON_GOV_PL

Інтэрнэт-выданне Niezalezna.pl вяртаецца да тэмы малога памежнага руху з Расіяй, якая была закранутая ў стужцы «Перазагрузка».

У снежні 2011 года ў Маскве была падпісаная дамова паміж Польшчай і Расіяй аб малым памежным руху. Гэта дазволіла грамадзянам Расіі прыязджаць у Польшчу без візы. Малы памежны рух ствараў прамую пагрозу для вайсковых частак, размешчаных у зоне, дзе расіяне маглі свабодна перасоўвацца – пра гэта гаварылася ў апошняй серыі фільму «Перазагрузка», які паказвае, як кіравала Польшчай партыя «Грамадзянская платформа». Надоечы прэс-канферэнцыю на гэтую тэму зладзіў дэпутат партыі «Права і справядлівасць» Кацпэр Плажыньскі.

– Нягледзячы на тое, што ў спецслужбах тады былі прарасійскія настроі, нават яны заўважалі, што гэта празмернае адкрыццё, занадта небяспечна братацца з расіянамі і ўпускаць агентаў, – сказаў палітык, працытаваўшы дакумент 2012 года, у якім кіраўнік Службы ваеннай контрвыведкі перасцерагаў аб небяспецы малога памежнага руху.

- Грамадская думка мае права ведаць, як у той час да гэтага падыходзіла «Грамадзянская платформа», – сказаў ён. – У якасці прыкладу прывяду заяву еўрадэпутата Януша Левандоўскага, які спытаў тагачаснага міністра ўнутраных спраў Ёахіма Брудзіньскага, чаму не аднаўляюць мясцовага памежнага руху. Левандоўскі казаў, што падстаў для прыпынення мясцовага памежнага руху даўно няма.

- Праз 10 гадоў пасля адкрыцця мясцовага памежнага руху палітыкі ГП імкнуліся захаваць яго адкрытым пастаянна, нягледзячы на заявы прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў, што гэта небяспечна, – адзначыў Плажыньскі.

Ён падкрэсліў, што маршалак Паморскага ваяводства Мечыслаў Струк таксама патрабаваў адкрыць мясцовы памежны рух. І дадаў, што Паморскае ваяводства пад кіраўніцтвам палітыкаў ГП было самым прарасійскім ваяводствам у Польшчы.

нг