Нагадаем, у суботу, 7 кастрычніка, тэрарысты арганізацыі ХАМАС уварваліся ў Ізраіль, дзе пачалі забіваць усіх падрад – як вайскоўцаў, так і мірных жыхароў. Лідары ХАМАС аб’явілі «джыхад» – святую вайну супраць габрэяў.
Ізраіль заклікаў палестынцаў неадкладна выехаць на поўдзень сектару Газа, паколькі можа пачацца аперацыя, накіраваная супраць групоўкі ХАМАС, якая з’яўляецца галоўнай палітычнай сілаю ў сектары Газа. Тым часам ХАМАС затрымлівае жыхароў і загадвае ім вярнуцца на поўнач. Паводле ацэнак ААН, эвакуацыя павінна датычыць больш чым мільёна чалавек, і папярэджвае, што гэта можа прывесці да гуманітарнай катастрофы. У сваю чаргу, прадстаўнік Ізраіля ў ААН Гілад Эрдан абвінаваціў ААН у тым, што яна доўгі час глядзела праз пальцы на тэрарыстычную дзейнасць палестынскага ХАМАС. Эрдан назваў крытыку з боку ААН «ганьбай». «Было б лепш, калі б ААН падумала пра вызваленне палонных, асуджэнне ХАМАС і падтрымку права Ізраіля на абарону», – дадаў ён.
За сітуацыяй на Блізкім Усходзе сочыць карэспандэнт Польскага радыё Войцех Цэгельскі.
- Ізраільская армія раскідвала ўлёткі ў жылых кварталах гораду Газы і рассылала паведамленні на арабскай мове на мабільныя тэлефоны. Армія заклікае эвакуявацца з сектару Газа на поўдзень, за раку Газа, дзеля ўласнай бяспекі. Вайскоўцы далі мірным жыхарам 24 гадзіны, што можа сведчыць аб тым, што пасля гэтага часу можа пачацца сухапутная аперацыя ў сектары Газа. Тым часам лідары ХАМАС заклікаюць жыхароў ігнараваць зварот ізраільскай арміі. Нягледзячы на гэта, шмат людзей выязджае на машынах на поўдзень. ААН заклікае Ізраіль адмяніць загад, паколькі эвакуацыя мільёна людзей за такі кароткі перыяд часу немагчымая. Лекары паведамілі, што немагчыма вывезці многіх цяжка хворых людзей з бальніц у цэнтры Газы.
Лідары ХАМАС заклікалі да пратэстаў і тэрактаў, у тым ліку ў Еўропе. ХАМАС рыхтуецца да працяглай вайны. Канфлікт на Блізкім Усходзе выклікае хваляванні на вуліцах нямецкіх ці французскіх гарадоў, дзе адбываюцца антысеміцкія інцыдэнты. Нямецкая паліцыя мяркуе, што пад пагрозай, між іншым, ваенныя кампаніі ў Германіі, таму што Ізраіль звярнуўся да нямецкага ўрада з просьбай аб пастаўках боепрыпасаў. Сілавікі чакаюць ад левых экстрэмістаў антысеміцкіх дзеянняў.
Польскі віцэ-міністр замежных спраў Аркадыюш Мулярчык заявіў, што ў сітуацыі вайны на Блізкім Усходзе Польшча павінна ўзмацняць уласную бяспеку. Ён падкрэсліў, што напад ХАМАС на Ізраіль можа выклікаць яшчэ большы прыток нелегалаў у Еўропу. Ён казаў не толькі пра польска-беларускую мяжу, але і мяжу са Славакіяй, дзе нядаўна быў уведзены кантроль, паколькі праз Славакію ідзе шлях нелегальнай міграцыі ў Еўропу.
- Мы не можам пазбягаць цяжкіх тэмаў, трэба старацца вырашаць гэтыя праблемы. На сённяшні дзень адно з важнейшых пытанняў – бяспека, у тым ліку бяспека межаў, і эфектыўная арганізацыя дзяржавы, яе ўстойлівасць на ўнутраныя і вонкавыя пагрозы. Мы жывем у іншай рэчаіснасці, бачым гэта і ва Украіне, і на польска-беларускай мяжы, і ў Славакіі. Мы жывем у зусім іншым свеце, чым той свет, які быў яшчэ два гады таму.
Канфлікт на Блізкім Усходзе вельмі на руку Расіі, яна будзе рабіць усё, каб яго яшчэ больш распаліць і зацягнуць. Вайна выклікае рост цэнаў на энерганосьбіты, што дае магчымасць Расіі зарабіць вялікія грошы, у тым ліку на вайну ва Украіне. Акрамя таго, з’яўляецца магчымасць пагаварыць зноў пра «перадзел свету», да чаго імкнецца расійская дыпламатыя, – кажа аналітык з Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч.
- Калі ёсць адзін крызіс, то ў традыцыях савецкай, расійскай дыпламатыі – ствараць некалькіх іншых крызісаў, каб выйсці на комплексныя дамоўленасці: «Давайце паразмаўляем пра ўсё». І, саступаючы на другарадных напрамках, патрабаваць саступак на галоўным. Для Расіі галоўнае на сёння – яе статус і саступкі на ўкраінскім напрамку. Узнікла шмат крызісаў, дзе Расія будзе спрабаваць дэманстраваць свой удзел як пасярэдніка, пры гэтым падтрымліваючы адзін з бакоў. І, адпаведна, размова пра глабальную перабудову ўсёй сістэмы, дзе, саступаючы пазіцыі па сектары Газа, па Лівіі, Венесуэле, па Нікарагуа, Расія скажа: «Дайце нам нейкія саступкі па Украіне».
Колькасць ахвяраў амаль тыднёвай вайны паміж Ізраілем і ХАМАС пастаянна расце. У выніку суботняга нападу ісламскіх баевікоў на Ізраіль загінулі 1300 чалавек. У сваю чаргу ад ізраільскіх авіяўдараў па Газе дагэтуль загінулі каля паўтары тысячы чалавек. Ізраіль спыніў пастаўкі ў горад Газа ежы, вады, электраэнергіі і паліва, запасы заканчваюцца. Міністр энергетыкі Ізраіля заявіў, што пастаўкі не будуць адноўлены, пакуль ХАМАС не вызваліць усіх закладнікаў, узятых у Ізраілі – 150 чалавек.
IAR/нг