У былым населеным пункце Пузнікі ва Украіне (Цярнопальская вобласць) польскія і ўкраінскія спецыялісты знайшлі масавую магілу, у якой былі пахаваныя целы забітых украінскімі нацыяналістамі палякаў, жыхароў вёскі ў 1945 годзе – чытаем у выданні Niezalezna.pl. Польскія ўлады звярнуліся да ўкраінскіх, каб тыя далі згоду на эксгумацыю, пра што напісаў у сацсетках Міхал Дворчык, міністр канцылярыі прэм'ер-міністра. Ён нагадаў, што ў ліпені месца раскопак наведаў прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі, а намаганні па выдачы адпаведных дазволаў падтрымалі прэзідэнт Анджэй Дуда, прэмʼер-міністр Матэвуш Маравецкі і віцэ-прэмʼер Пётр Гліньскі. Арганізавала пошукі Фундацыя «Свабода і Дэмакратыя».
Міністр культуры Пётр Гліньскі напісаў у Twitter, што «у адпаведнасці з дзейнымі нормамі быў адпраўлены запыт на дазвол да адпаведных украінскіх органаў на правядзенне эксгумацыі, даследаванні і годнае пахаванне». Ён адзначыў, што «гэта першы выпадак за доўгі час, калі ва Украіне знойдзены парэшткі палякаў – ахвяр украінскіх нацыяналістаў».
Раней кіраўнік прэзідэнцкага Бюро міжнароднай палітыкі Марцін Пшыдач казаў, што польска-ўкраінскія адносіны ахопліваюць цэлы спектр пытанняў, не толькі пытанні бяспекі і падтрымкі Украіны ў вайне з расійскімі акупантамі, але гэта таксама эканамічныя, палітычныя і гістарычныя пытанні.
нг